Беларускіх біятляністаў зноў не дапусьцяць да міжнароднага сэзону

Ілюстрацыйнае фота

Ізаляцыя беларускага спорту працягваецца. Як і расейскага.

Біятляністы зь Беларусі ня змогуць выступіць у новым міжнародным сэзоне, паведамілі ў Міжнародным саюзе біятляністаў (IBU).

Таксама абмежаваньні тычацца і біятляністаў з Расеі.

У сэрбскім Бялградзе гэтымі днямі засядае кангрэс IBU. У арганізацыі адзначылі, што пытаньне аднаўленьня сяброўства нацыянальных фэдэрацый дзьвюх краін і допуску іх спартоўцаў да спаборніцтваў не ўключылі ў парадак дня.

Рашэньне кангрэсу ад 2022 году застаецца ў сіле. У правілах IBU няма палажэньня аб удзеле атлетаў у нэўтральным статусе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту прадоўжыла абмежаваньні для расейскіх і беларускіх спартоўцаў

Пра тое, што беларускія і расейскія лыжнікі ня будуць дапушчаныя да Кубку сьвету ў новым сэзоне, паведамлялася напярэдадні.

28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапушчаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынята да выкананьня, гэтак расейскі і беларускі спорт апынуліся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі на падставе пашпарта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: FIDE захавала абмежаваньні для шахматыстаў зь Беларусі і Расеі