Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што ўвечары 27 верасьня нанесьлі ўдар па цэнтральнай штаб-кватэры ваенізаванай групоўкі «Хэзбалы» у паўднёвым квартале Бэйруту, сталіцы Лібану. «Хэзбала» — гэта і ваенізаваная групоўка, і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану.
«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Злучаных Штатах, у той час як Эўрапейскі Зьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю, якая прадстаўлена ў парлямэнце Лібану і кантралюе значную частку поўдня краіны.
Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на выданьне Axios, у Ізраілі паведамілі, што мішэньню ўдару быў лідар радыкальнай групоўкі «Хэзбала» Хасан Насрала, ізраільскія вайскоўцы правяраюць, ці пацярпеў ён у выніку атакі.
Крыніца, блізкая да «Хэзбалы», паведаміла Reuters, што Насрала жывы, а іранскае інфармацыйнае агенцтва Tasnim таксама паведаміла, што ён у бясьпецы.
Высокапастаўлены прадстаўнік службы бясьпекі Ірана паведаміў Reuters, што Тэгеран правярае яго статус.
Тэлеканал al-Manar, які падтрымлівае Іран, паведаміў аб чатырох зьнішчаных будынках і вялікай колькасьці ахвяр.
У выніку ізраільскага нападу, сцвярджаюць лібанскія крыніцы, загінулі звыш 100 чалавек, разбор завалаў працягваецца. У сацсетках цыркулюе непацверджаная інфармацыя, быццам сярод загінулых — кіраўнік «Хэзбалы» Хасан Насрала. Аднак тэлеканал "Аль-Арабія" заяўляе, што ён жывы.
Лібанскія службы бясьпекі пацьвердзілі агенцтву Reuters, што бомбавы ўдар быў нанесены па тым месцы, дзе звычайна грунтуецца камандаванне «Хэзбалы», і назвалі сёньняшнюю атаку самай магутнай за амаль год эскаляцыі канфлікту паміж «Хэзбалой» і Ізраілем.
Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што нанесьлі «дакладны ўдар» па штаб-кватэры «Хэзбалы», якая, паводле іх, была «ўбудаваная пад жылыя дамы ў самым сэрцы Даахіі ў Бэйруце».
- За апошні тыдзень Ізраіль нанёс чатыры ўдары па кантраляваных «Хэзбалой» паўднёвых кварталах Бэйруту, вядомых як Даахія, у выніку якіх загінулі прынамсі тры высокапастаўленыя вайсковыя камандзіры «Хэзбалы».
- Атака 27 верасьня была значна больш магутнай: у часе некалькіх выбухаў дрыжалі вокны па ўсім горадзе, нагадваючы аб ізраільскіх авіяўдарах падчас вайны ў 2006 годзе.
- Удары нанесьлі неўзабаве пасьля таго, як прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу ў сваёй прамове ў ААН паабяцаў працягваць атакі баевікоў у Лібане, якіх падтрымлівае Іран, калі страцілі надзею на спыненьне агню, што магло б прадухіліць паўсюдную рэгіянальную вайну.
- Агенцтва Reuters назвала гэтую атаку самай магутнай за год канфлікту з «Хэзбалой». Крыніцы службы бясьпекі ў Лібане пацьвердзілі, што ў выніку ўдару пацярпеў раён, у якім звычайна знаходзяцца вышэйшыя асобы «Хэзбалы».
- Цяперашняе абвастрэньне канфлікту паміж Ізраілем і «Хэзбалой», якія варагуюць ужо дзесяцігодзьдзі, пачалося ў кастрычніку 2023 году, пасьля пачатку вайны ў сэктары Газа.
- Асабліва абвастрылася сытуацыя на мінулым тыдні, калі ў Лібане на працягу двух дзён выбухалі сродкі сувязі, якія належалі ўдзельнікам «Хэзбалы». Паводле крыніц Reuters, у выніку гэтых нападаў каля 1500 баевікоў «Хэзбалы» атрымалі цяжкія раненьні — шмат хто страціў зрок або пазбавіўся верхніх канцавінаў. Загінулі дзясяткі людзей, сярод якіх былі і мірныя жыхары. Ізраіль афіцыйна ня ўзяў на сябе адказнасьці за выбухі.
- Як адзначаюць СМІ, нават аднаразовая страта паўтары тысячы чалавек, аднак, ня стала фатальным ударам для «Хэзбалы», у шэрагах якіх, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, каля 50 тысяч узброеных байцоў.
- «Хэзбала» карыстаецца значным уплывам у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўдні. Групоўка, якая карыстаецца падтрымкай Ірану, выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль працягвае ўдары па Лібане, «Хэзбала» спрабавала атакаваць Тэль-Авіў. Беларусам раяць пакінуць Лібан