«Хэзбала» — гэта вайсковая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе большую частку Паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хаця Эўрапейскі зьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.
Шыіцкая групоўка зьявілася падчас грамадзянскай вайны ў Лібане як рэакцыя на ўварваньне Ізраіля ў 1982 годзе. «Хэзбала» была, як мяркуецца, створаная Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірану (КВІР), элітным падразьдзяленьнем узброеных сілаў Ірану. Мэтаю Ірану, дзе пераважаюць шыіты, было аб‘яднаньне шыіцкіх палітычных групаў і апалчэньняў Лібану ў адну арганізацыю, кажа Дані Цытрыновіч, навуковы супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньняў нацыянальнай бясьпекі ў Ізраілі. «Хэзбала» таксама была створаная як важная частка іранскай стратэгіі стрымліваньня.
«Іран бачыць у гэтай арганізацыі асноўны фактар, які перашкодзіць Ізраілю або ЗША пачаць вайну супраць Ірану, і ўвесь час імкнецца ўмацоўваць яе сілу», — кажа Дані Цытрыновіч.
Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў, што Іран узброіў і навучаў баевікоў «Хэзбалы» і ўклаў у групоўку сотні мільёнаў даляраў.
Дзярждэпартамэнт раней называў «Хэзбалу» «найбольш тэхналягічна разьвітай тэрарыстычнай групай у сьвеце». Паводле зьвестак офісу дырэктара нацыянальнай выведкі ЗША, «Хэзбала» мае каля 40 тысяч баевікоў і больш за 150 тысяч ракетаў і ракетных установак, у тым ліку зброю, якая можа наносіць удары ў глыбіню тэрыторыі Ізраіля. Узброеныя сілы Ізраіля назвалі «Хэзбалу» «наймагутнейшым недзяржаўным актарам у сьвеце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль працягвае ўдары па Лібане, «Хэзбала» спрабавала атакаваць Тэль-Авіў. Беларусам раяць пакінуць ЛібанЦытрыновіч адзначыў, што Іран можа не аддаваць непасрэдных загадаў арганізацыі, але Тэгеран «сур’ёзна ўплывае» на працэс прыняцьця рашэньняў у «Хэзбале». Ён назваў «Хэзбалу» «іранскім партнэрам, які кіруе стратэгіяй Тэгерану на Блізкім Усходзе».
«Хэзбала» зьяўляецца ключавым элемэнтам так званай іранскай «восі супраціву», хаўрусу вайсковых груповак, якія Тэгеран падтрымлівае ў змаганьні супраць Ізраіля і Злучаных Штатаў. Пад кіраўніцтвам Хасана Насралы «Хэзбала» наладзіла цесныя сувязі зь іншымі іранскімі ўзброенымі групамі, дапамагаючы ў іх навучаньні і ўзбраеньні.
Дані Цытрыновіч кажа, што Тэгеран «амаль што залежыць» ад «Хэзбалы» для кіраваньня сваімі ўплывамі на іншыя групы восі супраціву. Выкраданьне «Хэзбалой» двух ізраільскіх салдатаў у 2006 годзе справакавала 34-дзённы канфлікт з Ізраілем, які пачаў паветраныя ўдары і наземнае ўварваньне ў Лібан. Вайна, якая скончылася пасьля замірэньня пад эгідай ААН, значна ўзмацніла палітычны статус «Хэзбалы» ў Лібане і рэгіёне.
Нягледзячы на тое, што «Хэзбала» застаецца палітычна ўплывовым гульцом у Лібане, ейная падтрымка не выходзіць за межы шыіцкай супольнасьці краіны. Шматлікія прадстаўнікі хрысьціянскіх, друскіх і суніцкіх супольнасьцяў Лібану абвінавачваюць «Хэзбалу» ў дзеяньнях, непадкантрольных Ірану, якія ўцягваюць краіну ў рэгіянальныя канфлікты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Іранскія ўлады забаранілі камунікацыйныя прылады пасьля ўдару па «Хэзбале»«„Хэзбала“ ўжо не карыстаецца той папулярнасьцю і грамадзкай падтрымкай, якую мела ў 2006 годзе», — адзначае Хамідрэза Азізі, навуковы супрацоўнік Нямецкага інстытуту міжнародных адносінаў. Ён зьвязвае заняпад папулярнасьці «Хэзбалы» з шэрагам эканамічных і палітычных скандалаў, у якія групоўка была ўцягнутая ў апошнія гады.
«Хэзбала» пацярпела значныя страты за апошнія месяцы: Ізраіль забіў шмат яе старшых камандзіраў, зьнішчыў частку вайсковага арсэналу і парушыў ейную сыстэму камунікацыі.
Нягледзячы на аслабленьне, экспэрты папярэджваюць, што «Хэзбалу» ня варта сьпісваць з рахункаў.
«„Хэзбала“ мае дастаткова рэсурсаў і досьведу, каб нанесьці Ізраілю значную шкоду ў наземнай вайне», — дадаў Азізі, адзначыўшы, што групоўка лепш узброеная і падрыхтаваная, чым палестынская групоўка ХАМАС, прызнаная тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, як рыхтавалі апэрацыю супраць «Хэзбалы» з выкарыстаньнем пэйджараў