Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заклікаў Літву перагрузіць двухбаковыя дачыненьні і вярнуцца да «нармальнага раўнапраўнага дыялёгу» і эканамічнай супрацы.
Адпаведныя прапановы беларускі міністар выказаў у публікацыі, разьмешчанай 26 верасьня ў дзяржаўным выдданьні sb.by.
«Беларуска-літоўскія дачыненьні на цяперашнім этапе, на наш шчыры жаль, перажываюць найгоршы пэрыяд за ўсю гісторыю двухбаковай супрацы. Зрабіўшы стаўку ў 2020 годзе на дзяржаўны пераварот у нашай дзяржаве, афіцыйная Вільня разьвязала недальнабачную гібрыдную вайну супраць беларускай дзяржавы і народу, зь якім літоўцы стагодзьдзямі жылі ў дружбе і ўзаемаразуменьні», — адзначаецца ў артыкуле Рыжанкова.
Паводле міністра, зьмена палітычнага курсу Беларусі, якога дабіваецца Літва ,«самастойна ці па падказцы звонку», абсалютна недасягальная. Аднаўленьне дыялёгу Максім Рыжанкоў аргумэнтуе і аб’ёмам штогадовых стратаў літоўскай эканомікі ад разрыву дачыненьняў зь Беларусьсю, якія ён ацаніў у адзін мільярд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пачаліся найбольш маштабныя за апошнія гады вучэньні для праверкі мабілізацыйнай сыстэмыПры гэтым ён нагадаў пра «танныя стабільныя пастаўкі беларускай электраэнэргіі», а таксама «па разумных цэнах паліўных палетаў, дроў, угнаеньняў, нафтапрадуктаў, прадуктаў харчаваньня, лекаў».
Максім Рыжанкоў заклікаў літоўскі народ як сапраўднага носьбіта сувэрэнітэту сваёй краіны «рацыянальна разабрацца ў сытуацыі і сказаць сваё важкае слова ў абарону цывілізаванага дыялёгу з сваімі суседзямі».
«Гэта дазволіць ужо ў найбліжэйшай будучыні нівэляваць усе нэгатыўныя моманты, якія прынесла нашым народам недарэчнае, навязанае вашымі палітыкамі супрацьстаяньне зь беларусамі», — заявіў міністар замежных спраў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Горадні: «Мы рыхтуемся да вайны. Я пра гэта кажу шчыра»Паводле яго, сярод першачарговых захадаў «маглі б супольнымі намаганьнямі намеціць шляхі вырашэньня пытаньняў нармалізацыі міграцыйнай сытуацыі на мяжы, дээскаляцыі вайсковай напружанасьці, узаемадзеяньня па лініі сілавых ведамстваў, аднаўленьня пералічэньня пэнсій і дапамогі, аздараўленьня, у тым ліку асобаў з хранічнымі захворваньнямі і дзяцей-інвалідаў».
«У нашых інтарэсах — аднаўленьне нармальных пасажырскіх і грузавых зносін, транзыту грузаў, уключаючы такія важныя гуманітарныя пазыцыі, як прадукты харчаваньня, мэдыкамэнты і ўгнаеньні», — падкрэсьліў Максім Рыжанкоў.
Кіраўнік МЗС Беларусі перакананы, што ў парадак дня маглі б вярнуць аднаўленьне адукацыйных і культурных абменаў, супольных навуковых праграм, працяг рэканструкцыі пунктаў пропуску, рэалізацыю прыродаахоўных праектаў, узаемадзеяньне ў энэргетыцы, стварэньне супольных прадпрыемстваў.
«Будзем чакаць рэакцыі літоўскага боку на гэтыя прапановы і канкрэтных крокаў літоўскай палітычнай эліты, заснаваных у першую чаргу на інтарэсах уласнага народу», — заявіў Максім Рыжанкоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Літвы дэнансаваў пагадненьне зь Беларусьсю аб супрацы ў мытнай справеУ Вільні зьвязалі заяву беларускага міністра з выбарамі ў парлямэнт Літвы
Сьпікер Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла аб гатоўнасьці да аднаўленьня кантактаў па разблякаваньні супрацы зь Беларусьсю, але пры пэўных абставінах.
«Мы гатовыя да аднаўленьня кантактаў па лініі памежных і спэцыяльных службаў, міністэрстваў і іншых ведамстваў. Можна пачаць працу з парлямэнтарамі або зь іншымі ўпаўнаважанымі літоўскімі дэлегацыямі. Мы гатовыя распрацоўваць дарожную мапу па разблякаваньні супрацы, вядома ж, на аснове павагі сувэрэнітэту і права Беларусі на свой шлях разьвіцьця», — працытавала кіраўніцу парлямэнту агенцтва BNS.
У той жа час Вікторыя Чміліце-Нільсэн зьвярнула ўвагу на тое, што такія заявы зь Менску гучалі і раней, але заўсёды суправаджаліся адхіленьнем ад дыялёгу.
«На цяперашні момант у нас няма прычын меркаваць, што рэжым Лукашэнкі спыніў падтрымку Расеі. Апроч таго, мы ведаем, што ў беларускіх турмах застаюцца зьняволеныя журналісты і апазыцыянэры. Пазыцыя Літвы застаецца зразумелай: мы падтрымліваем беларускую апазыцыю», — адзначыла яна і дадала, што не пабачыла шчырасьці ў заявах беларускага міністра.
На думку кіраўніцы Сейму Літвы, публікацыя Максіма Рыжанкова за дзесяць дзён да выбараў у парлямэнт можа быць невыпадковай.
«Не хацелася б выказваць здагадкі, але можна меркаваць, што гэта зьвязана з перадвыбарчай кампаніяй. Аднак падобныя заявы гучалі і раней, ня толькі ў пэрыяд выбараў», — падкрэсьліла Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
Старшыня камітэту Сейму ў эўрапейскіх справах Жыгімантас Павілёніс назваў заяву Рыжанкова магчымай правакацыяй.
«Паслухайце рыторыку прарасейскіх сіл накшталт Тамашэўскага або Жамайтайціса, якія заяўляюць аб неабходнасьці кантактаў зь беларускім рэжымам. Гэта ўсё даволі шызафрэнічна, ня ўсе зь іх асьмельваюцца заяўляць, што не падтрымліваюць Украіну, але пры гэтым настойваюць на дыялёгу зь Менскам», — сказаў Павілёніс.
Старшыня камітэту Сейму ў замежных справах Эмануэліс Зінгэрыс мяркуе, што такія заявы могуць быць накіраваны літоўскім выбарнікам. «Гэта спроба вярнуць згублены ўплыў сярод грамадзян Літвы», — адзначыў ён.
Эмануэліс Зінгэрыс дадаў, што дзеяньні Менску сьведчаць аб нежаданьні аднаўляць дачыненьні. «Няхай давядуць, што яны незалежныя ад Масквы», — дадаў ён.
Артыкул Рыжанкова пракамэнтаваў у сваім youtube-канале кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ), намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка. Паводле яго памяняць палітыку літоўскай дзяржавы ў адносінах да беларускага рэжыму «не атрымаецца — пакуль Лукашэнка застаецца ва ўладзе, нічога не зменіцца».
«Лукашэнка павінен сысьці, — лічыць Латушка. — Пакуль ён ва ўладзе, ня будзе нармальных адносінаў. Ён ня спыніцца ў сваёй рэпрэсіўнай палітыцы. У яго закадзіраванае жаданьне захоўваць сваю ўладу. А трымае ён яе на штыхах, на прыніжэньнях, на забойствах і катаваньнях».
Прапановы Рыжанкова наконт транзыту, чыгуначных перавозак і падлікі фінансавых стратаў Літвы Латушка тлумачыць тым, што міністар «стаіць на каленях»: «Ён просіць літоўцаў, гэта чытаецца паміж радкоў — нам вельмі патрэбны транзыт праз Клайпедзкі порт. Таму што выдаткі паставак тых жа калійных угнаеньняў праз порты Расеі вельмі вялікія. Для Менску галоўнае — адкрыць дарогу ў Клайпеду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу па-ранейшаму застаюцца вялікія чэргі грузавікоў
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу працягваецца зь вясны 2021 году да сёньня. У заходніх краінах перакананыя, што яго наўмысна арганізавалі ўлады Расеі і Беларусі.
- 12 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што даручыў папярэджваць мігрантаў, каб тыя ня ехалі ў Беларусь, спрабуючы трапіць у ЭЗ.