25 верасьня Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра зьмены ў ядзернай дактрыне Расеі. Яны прадугледжваюць магчымасьць ядзернага адказу на агрэсію няядзернай дзяржавы ў выпадку, калі гэтую агрэсію падтрымае дзяржава ядзерная. Таксама зьмены распаўсюджваюць ядзерныя гарантыі на Беларусь.
Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтыя зьмены трох вайсковых экспэртаў.
«У стаўленьні да выкарыстаньня ядзернай зброі нічога не памянялася»
Экспэрт у расейскай ядзернай зброі, навуковы супрацоўнік Цэнтру міжнароднай і абароннай палітыкі Ўнівэрсытэту Queen’s у Канадзе Максім Старчак:
«Новая дактрына ўдакладняе ўмовы выкарыстаньня ядзернай зброі, але прычыны пры гэтым не мяняюцца. Гэта пагроза існаваньню дзяржавы і пагроза ядзернага нападу. Атака ўсімі сродкамі паветрана-касьмічнага нападу на расейскія сродкі ядзернага стрымліваньня — гэта было адной з магчымасьцяў ужываньня ядзернай зброі і ў ранейшай ядзернай дактрыне РФ. Беларусь афіцыйна атрымала ядзерны парасон у выпадку любога нападу на яе, гэта ўжо фіксавалася іншымі словамі ў ваеннай дактрыне саюзнай дзяржавы.
Тое, што ўдзел у агрэсіі няядзернай дзяржавы з удзелам ядзернай можа прывесьці да ядзернага ўдару ў адказ, ужо фіксавалася ў Будапэшцкім мэмарандуме, падпісаным Расеяй у 1994 годзе.
Расея зьменай дактрыны толькі фіксуе трывалыя практыкі сваёй вайскова-палітычнай думкі.
Нічога канкрэтнага яна ня кажа, усё тыя ж двухсэнсоўныя няпэўныя фармулёўкі. Захад і раней асьцерагаўся Расеі і яе ядзернай рэакцыі. Дадатковых страхаў быць не павінна, бо Захаду няма чым узмацняць вайсковы ціск на Расею. Атака дальнабойнымі ракетамі і раней ня ўсімі падтрымлівалася. Цяпер будуць яшчэ больш абачліва падыходзіць да гэтага.
Ядзерная дактрына — гэта ня формула, паводле якой пасьля нападу з прымяненьнем якойсьці зброі са сьпісу ў адказ ляціць ядзерная ракета. Выкарыстаньне ядзернай зброі — гэта заўсёды адказ на сукупнасьць розных ваенных і палітычных фактараў у бягучай сытуацыі.
Урэшце, Пуцін на нарадзе адзначыў, што выкарыстаньне ядзернай зброі — гэта па-ранейшаму крайняя мера. Так што ў стаўленьні да выкарыстаньня ядзернай зброі нічога не памянялася».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без дазволу Пуціна Лукашэнка нават зазірнуць у ядзернае сховішча ня зможа, — экспэрт у ядзерных пытаньнях Максім Старчак«Распаўсюджваньне гарантый на Беларусь — чаканы крок»
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту дасьледаваньня праблем раззбраеньня ААН у Жэнэве, кіраўнік праекту «Russian strategic nuclear forces» Павел Подвіг:
— Формула зьмененай дактрыны наконт «агрэсіі з боку няядзернай дзяржавы пры падтрымцы дзяржавы ядзернай» створаная адмыслова пад цяперашнюю сытуацыю. Аднак, па вялікім рахунку, калі глядзець уважліва, дык такая магчымасьць дапускалася і ранейшай дактрынай. Расея, з аднаго боку, абавязвалася не ўжываць ядзернай зброі супраць няядзерных дзяржаў. Гэта так званыя нэгатыўныя гарантыі бясьпекі. Але ў ранейшай дактрыне было зроблена выключэньне для тых выпадкаў, калі няядзерная дзяржава дзейнічае сумесна або ў альянсе зь дзяржавай ядзернай. «Сумесна» — гэта катэгорыя досыць няпэўная. Але садзейнічаньне і падтрымка пад яе падпадаюць. У гэтым сэнсе нейкай навізны ў гэтых зьменах няма. Распаўсюджваньне гарантый на Беларусь — гэта быў чаканы крок. Я ня думаю, што гэта нейкім істотным чынам мяняе сытуацыю, бо цяжка ўявіць, што нехта будзе нападаць на Беларусь.
Ідэя гэтых заяў, ідэя карэктаваньня дактрыны палягае ў тым, каб пашырыць тое поле няпэўнасьці, якое ў дактрыне заўсёды існуе. Цяпер яно пашыранае крыху больш. Напрыклад, у ранейшай рэдакцыі дактрыны адной з умоў ужываньня ядзернай зброі называўся напад балістычнымі ракетамі. Цяпер дадаліся атакі і іншымі сродкамі, у тым ліку дронамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты заявілі, што ня бачаць, каб у Беларусі абсталёўвалі сховішча для ядзернай зброі— Дык атакі дронамі ўжо адбываюцца — і па расейскіх НПЗ, і па расейскіх вайсковых аб’ектах, і гарадах. Цяпер на гэта Масква можа адказаць ядзерным ударам?
— Усе гэтыя варыянты — атакі балістычнымі ракетамі, дронамі, іншымі сродкамі — разглядаюцца ў адной агульнай рамцы, а менавіта — што гэта агрэсія, якая пагражала б самому існаваньню дзяржавы. Вось гэтая ўмова ў ранейшай дактрыне была і, як я разумею, будзе пакінутая і ў новай рэдакцыі. Хаця, магчыма, там будзе дададзена, напрыклад, што ядзерны адказ магчымы ў выпадку пагрозы тэрытарыяльнай цэласнасьці або сувэрэнітэту, як расейскі прэзыдэнт сказаў учора ў дачыненьні да Беларусі. Магчыма, гэты дадатак будзе зроблены і ў дачыненьні да Расеі.
— У заяве Пуціна было сказана, што ядзерная зброя можа быць ужытая ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі як удзельніцы саюзнай дзяржавы. А таксама «ў тым ліку калі праціўнік выкарыстоўвае звычайную зброю і стварае крытычную пагрозу нашаму сувэрэнітэту». А калі агрэсія толькі ў дачыненьні да Беларусі? А калі агрэсія не стварае пагрозы сувэрэнітэту? І «нашаму» — гэта чыйму?
— Дактрынальныя дакумэнты заўсёды маюць нявызначанасьць. Яны дапускаюць неадназначныя тлумачэньні. І гэта, папраўдзе, так знарок зроблена, каб гэтую няпэўнасьць падтрымліваць. Сутнасьць зьменаў у тым, што на Беларусь пашырыліся дзейныя ядзерныя гарантыі. У ранейшай рэдакцыі дактрыны гаварылася, што Расея будзе лічыць сваім правам ужыць ядзерную зброю ў выпадку нападу з дапамогай ядзернай зброі на Расею і яе саюзьнікаў. Або ў выпадку нападу з дапамогай звычайных сродкаў на Расею, прычым агрэсія павінна быць такая, каб пагражаць самому існаваньню дзяржавы. Гэта значыць, саюзьнікі ў выпадку няядзернай агрэсіі былі вынесеныя за дужкі. Цяпер дадалі Беларусь у гэтыя дужкі. Але ў цэлым тут істотных зьменаў няма, на мой погляд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: гэта нашая справа з Пуціным, як выкарыстоўваць ядзерную зброю— А хто будзе вызначаць, што зьяўляецца «крытычнай пагрозай сувэрэнітэту» Беларусі? Лукашэнка? Ці Пуцін?
— Гэта пытаньне. Можа, і Лукашэнка. Яго Пуцін, дарэчы, адкрыта згадаў у сваім выступе. Але любое рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі будзе прымацца ў Крамлі. Калі да гэтага дойдзе, то пагроза самому існаваньню дзяржавы — гэта, насамрэч, дастаткова высокі парог. Не любы напад можна так тлумачыць.
— На ваш погляд, наколькі гэтыя зьмены ў расейскай ядзернай дактрыне будуць успрынятыя сур’ёзна на Захадзе? Раней нярэдка гаварылася, што ядзерныя пагрозы Пуціна — гэта блеф. Дык мо і зьмены ў дактрыну таксама будуць успрынятыя як блеф, як надзіманьне шчок? Ці будуць успрынятыя інакш?
— Гэта складанае пытаньне. Вядома, будзе і ёсьць шмат людзей, якія лічаць, што ядзерныя пагрозы, «чырвоныя лініі» — гэта ўсё блеф. Але ў цэлым, я думаю, пэўная асьцярожнасьць была і ёсьць. У прыватнасьці, гэта тычыцца непасрэднага ўцягваньня Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў па NATO ў ваенныя дзеяньні. Варта адзначыць, што ў дактрыне гаворыцца пра магчымасьць ужываньня ядзернай зброі, а не пра яе аўтаматычнае, абавязковае ўжываньне. Ідэя ўжываньня або нават пагроза ўжываньня ядзернай зброі сустракае вельмі моцную нэгатыўную рэакцыю з боку ўсіх краін, у тым ліку і тых, якія дастаткова нэўтральна ці нават добразычліва ставяцца да Расеі. Таму вось гэты бар’ер застаецца.
— Паводле вашых ацэнках, па тым, што вы ведаеце, ядзерная зброя ў Беларусі ёсьць? Ці заявы пра яе наяўнасьць — гэта таксама блеф?
— Ведаць дакладна мы ня можам. але, паводле маёй ацэнкі, яе там няма. І, я думаю, ёсьць вялікая імавернасьць, што яна там рэальна і ня зьявіцца. Будзе створаная структура для яе захоўваньня, але сама ядзерная зброя будзе знаходзіцца на тэрыторыі РФ. Так, застанецца магчымасьць даставіць яе ў Беларусь, калі такое рашэньне будзе прынятае, але я практычна ўпэўнены, што зброя будзе знаходзіцца на расейскай тэрыторыі.
«Рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, будзе прымацца ў Маскве, а ня ў Менску»
Вайскова-палітычны экспэрт Юры Фёдараў:
— Па-першае, трэба сказаць, што даволі дзіўны сход адбыўся 25 верасьня — сталая нарада Рады бясьпекі па ядзерным стрымліваньні. Ніколі раней такога органа ў Расеі не было, прынамсі, ён нідзе ніколі ня згадваўся. Цікава, што там не было ні Шайгу, ні Герасімава, хоць яны чальцы Рады бясьпекі РФ. Але гэта да слова.
Што да зьменаў, якія ўносяцца ў ядзерную дактрыну. Да падставаў, паводле якіх можа быць выкарыстана ядзерная зброя, дадаліся — масавы старт і перасячэньне дзяржаўнай мяжы Расеі стратэгічнай і тактычнай авіяцыяй праціўніка, бесьпілётнікамі, крылатымі ракетамі, гіпэргукавымі ды іншымі лятальнымі апаратамі. Гэта прамая пагроза на адрас Украіны і яе заходніх саюзьнікаў. Украіна выкарыстоўвае бесьпілётнікі, якімі наносіць вельмі балючыя ўдары па расейскіх вайсковых аб’ектах. Тут узьнікае пытаньне: што такое масавы старт? Гэта 100, ці 200, ці 500 дронаў? У гэтым пытаньні ніякай яснасьці няма.
Зьвяртае на сябе ўвагу і фармулёўка, якая перавандравала з указу Пуціна аб ядзернай дактрыне ад чэрвеня 2020 году. «Расея пакідае за сабой права выкарыстоўваць ядзерную зброю ў выпадку...» Не сказана, у якім выпадку яна будзе сапраўды выкарыстоўвацца. Скажам, сто бесьпілётнікаў з Украіны перасякаюць дзяржаўную мяжу Расеі і зьбіраюцца нанесьці ўдар па цэлях, каардынаты якіх былі прадастаўленыя Злучанымі Штатамі. Ці абавязкова будзе нанесены ў адказ ядзерны ўдар? Гэта — пытаньне, на якое расейскія камэнтатары і расейскія палітычныя дзеячы, за вельмі рэдкім выключэньнем, не адказваюць. Наўрад ці Пуцін у крытычнай сытуацыі, калі сапраўды можа ўзьнікнуць пытаньне аб тым, ужываць ядзерную зброю ці не, будзе зьвяраць сваё рашэньне зь ядзернай дактрынай. Да таго ж ніякая ядзерная дактрына — ні амэрыканская, ні брытанская, ні француская — не апісвае дакладна канкрэтныя сытуацыі, у якіх будзе ўжывацца ядзерная зброя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расеі няма неабходнасьці выкарыстоўваць ядзерную зброю для перамогі ва Ўкраіне— Новы пункт расейскай ядзернай дактрыны — гарантыі Беларусі, «у тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму сувэрэнітэту». Як гэта разумець? Хто будзе вызначаць крытычнасьць пагрозы?
— Рашэньне аб ужываньні ядзернай зброі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, будзе прымацца ў Маскве, а ня ў Менску. Менск, магчыма, можа заблякаваць гэтае ўжываньне, але ён ня можа яго ажыцьцявіць. Што такое крытычная пагроза сувэрэнітэту? Варожыя войскі падышлі да Менску? Ці проста войскі праціўніка абстралялі нейкі населены пункт на беларускай тэрыторыі? Гэта крытычная пагроза сувэрэнітэту? Мусіць, не. Але мы ня ведаем, што менавіта лічыцца крытычнай пагрозай сувэрэнітэту. Гэтыя агаворкі прызначаныя для таго, каб не паставіць Расею ў нязручнае становішча, калі нешта адбываецца і трэба альбо ўжываць ядзерную зброю, чаго вельмі ня хочацца рабіць, альбо страчваць твар.
— Юры, а можа, усё гэта сьвядома так невыразна напісана, каб невыразныя фармулёўкі стрымлівалі патэнцыйнага праціўніка? Цяпер абмяркоўваецца магчымасьць даць Украіне права выкарыстоўваць дальнабойную заходнюю зброю. У адказ Расея мяняе сваю ядзерную дактрыну. Маўляў, а вы, Захад, думайце: паляціць да вас ці ва Ўкраіну ядзерная ракета ў адказ ці не? Масква абвяшчае, што можа і паляцець. Разьлік менавіта на такі псыхалягічны ціск?
— Так, вядома. Разьлік на гэта, па-першае. А па-другое, разьлік на тое, што шырокая публіка і нават палітыкі ня будуць учытвацца ў дактрыну, а будуць слухаць, як гэта падаюць СМІ. А расейскія СМІ ўжо пракамэнтавалі, што Пуцін папярэдзіў ЗША, што ў адказ на дазвол Украіне біць дальнабойнай зброяй па Расеі ўжыве ядзерную зброю. Насамрэч ён заявіў толькі, што можа ўжыць. На самой справе прадстаўнікі генштабоў краін Захаду і Ўкраіны ня толькі ўважліва будуць чытаць новую расейскую ядзерную дактрыну, але ў першую чаргу будуць глядзець на дзеяньні Расеі: што адбываецца на ядзерных складах, на аб’ектах абслугоўваньня ядзернай зброі, ці прыведзеная ў стан баявой гатоўнасьці стратэгічная авіяцыя. Вось гэта тыя крытэры, паводле якіх на Захадзе будуць прымаць рашэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Кіраўнік ЦРУ сустракаецца з «расейскім калегам» у Турэччыне— На пачатку верасьня дырэктар ЦРУ Ўільям Бэрнз заявіў, што ў канцы 2022 году быў момант, калі, паводле яго слоў, існавала рэальная рызыка таго, што ў адказ на чараду няўдач на полі бою Расея ўжыве тактычную ядзерную зброю. «Аднак я ніколі не лічыў — і гэта меркаваньне ўсяго майго ведамства, — што нам з гэтай нагоды трэба адчуваць непатрэбны страх. Пуціну ўласьціва дзейнічаць пагрозамі. Час ад часу ён будзе і далей бразгаць перад намі зброяй». Новая ядзерная дактрына РФ — гэта таксама ўсяго толькі бразганьне зброяй? Менавіта так палічаць і ў Пэнгагоне, і ў Белым доме?
— Думаю, што гэтыя зьмены вельмі ўважліва вывучаюцца. Але, паўтараю, яны вывучаюцца ў кантэксьце ўсіх астатніх практычных дзеяньняў. Сапраўды, у канцы 2022 году, калі Расея цярпела паразы ў Херсонскай і Харкаўскай абласьцях, на Захадзе сур’ёзна разглядалі небясьпеку выкарыстаньня Расеяй ядзернай зброі. Пасьля гэтага была сустрэча згаданага вамі дырэктара ЦРУ Бэрнза з шэфам зьнешняй выведкі РФ Сяргеем Нарышкіным. І Бэрнз растлумачыў маскоўскаму суразмоўцу, што будзе, калі Расея выкарыстае ядзерную зброю. Расеі, мяркуючы па ўсім, абмаляваная пэрспэктыва не спадабалася. Цяпер, магчыма, адбудзецца яшчэ адна такая сустрэча.
— Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прыехаў у ЗША, каб расказаць амэрыканскаму кіраўніцтву пра свой «плян перамогі». Гэты плян прадугледжвае згаданы дазвол Украіне наносіць па тэрыторыі Расеі ўдары заходняй дальнабойнай зброяй. Як вы думаеце, Джо Байдэн дасьць Украіне такі дазвол?
— У мяне ёсьць адчуваньне і нават упэўненасьць у тым, што Байдэн ня дасьць такога дазволу. Гэта ягоная пазыцыя. Ня ведаю, на чым яна грунтуецца — на псыхалягічным, эмацыйным стане прэзыдэнта ЗША ці на нейкіх рэальных асьцярогах. Але, мяркуючы па ўсім, гэта асабістая пазыцыя Байдэна, і пакуль ён прэзыдэнт, ніхто ня можа, апроч яго, даць такі дазвол.
— Ці вядома дакладна: ёсьць ядзерная зброя ў Беларусі ці не? Лукашэнка даўно заявіў, што ёсьць, што ўжо завезьлі. А гэта часам ня блеф?
— Адзінае, што я магу сказаць, гэта спаслацца на публікацыю ў The New York Times, якая напісала, што пад Асіповічамі створаны аб’ект па абслугоўваньні і захоўваньні ядзернай зброі і, адпаведна, ёсьць меркаваньне, што яна там знаходзіцца. Але гэта менавіта праўдападобная здагадка. Я ня бачыў афіцыйных заяваў якіх-небудзь дзяржаўных органаў ЗША, якія б пацьвярджалі наяўнасьць на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі.
З выступу Уладзіміра Пуціна на пасяджэньні Рады бясьпекі РФ
- «У абноўленай рэдакцыі дакумэнта агрэсію супраць Расеі з боку любой няядзернай дзяржавы, але з удзелам або пры падтрымцы ядзернай дзяржавы прапануецца разглядаць як іх сумесны напад на Расейскую Фэдэрацыю.
- Таксама дакладна фіксуюцца ўмовы пераходу Расеі да ўжываньня ядзернай зброі. Будзем разглядаць такую магчымасьць ужо пры атрыманьні дакладнай інфармацыі аб масаваным старце сродкаў паветрана-касьмічнага нападу і перасячэньні імі нашай дзяржаўнай мяжы. Маю на ўвазе самалёты стратэгічнай і тактычнай авіяцыі, крылатыя ракеты, бесьпілётнікі, гіпэргукавыя і іншыя лятальныя апараты.
- Пакідаем за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Расеі і Беларусі як удзельніка саюзнай дзяржавы. Зь беларускім бокам, з прэзыдэнтам Беларусі ўсе гэтыя пытаньні ўзгодненыя. У тым ліку калі праціўнік, выкарыстоўваючы звычайную зброю, стварае крытычную пагрозу нашаму сувэрэнітэту».
У 2020 годзе быў апублікаваны ўказ Пуціна «Аб асновах дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымліваньня».
- Паводле тагачаснай рэдакцыі дакумэнту, «Расейская Фэдэрацыя пакідае за сабой права ўжыць ядзерную зброю ў адказ на ўжываньне супраць яе і (або) яе саюзьнікаў ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага зьнішчэньня, а таксама ў выпадку агрэсіі супраць Расейскай Фэдэрацыі з ужываньнем звычайнай зброі, калі пад пагрозу пастаўленае само існаваньне дзяржавы».