Як паведаміў тэлеканал «Крым24», у межах захадаў адбудуцца сустрэчы, форумы і канцэрты.
Сярод тэмаў — 80-годзьдзе вызваленьня «зямель саюзнай дзяржавы і паўвострава ад фашыстаў», а таксама абмеркаваньне «працэсу скажэньня гісторыі вызваленьня краін савецкай арміяй ад фашыстаў і аднаўленьня храналёгіі падзей Другой усясьветнай вайны».
На сайце Віцебскага абласнога выканкаму аб правядзеньні Дзён Крыму не паведамляецца. У паведамленьні за 24 верасьня адзначылі, што ў Віцебску адбылося першае пасяджэньне супольнай працоўнай групы «ў рэалізацыі дамовы паміж Саветам міністраў Рэспублікі Крым і Віцебскім аблвыканкамам».
Крымскую дэлегацыю ачольвае прадстаўнік расейскай адміністрацыі Крыму, «віцэ-прэм’ер-міністар ураду Крыму» Георгій Мурадаў.
У «Грамадзкай палаце Рэспублікі Крым» удакладнілі, што на гэтай сустрэчы адным з галоўных стала пытаньне аб запуску «прамой чыгуначнай лініі» паміж Крымам і Беларусьсю, а таксама падоўжаньне маршруту Сімферопаль — Смаленск да Воршы і Менску.
Старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларусы Крыму» Раман Чагрынец заявіў, што гэтыя сустрэчы «зьяўляюцца афіцыйным прызнаньнем расейскага статусу Крыму».
«Якое яшчэ павінна быць афіцыйнае прызнаньне, калі ў нас дэлегацыя Савета міністраў сустракаецца з афіцыйнай дэлегацыяй Віцебскай вобласьці? Міжурадавая камісія — найвышэйшы ўзровень узаемадзеяньня паміж рэгіёнамі», — перакананы Раман Чагрынец.
У Берасьці, як паведамляе адна зь мясцовых дзяржаўных радыёстанцый, 26 верасьня адбудзецца канцэрт «Песьні і танцы народаў Крыму». Але на яго могуць прыйсьці толькі па адмысловых запрашэньнях.
Украінскі журналіст і палітычны аналітык Віталь Портнікаў мяркуе, што «правядзеньне „дзён“ акупаванага ўкраінскага рэгіёну ў Беларусі — яшчэ адзін крок Лукашэнкі насустрач Пуціну». «Крок, які дэманструе, што ніякіх магчымасьцяў для манэўру пасьля задушэньня народных пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе ў Лукашэнкі ўжо не засталося», — перакананы ён.
Віталь Портнікаў дадаў, што «Дні Крыму» сьведчаць пра тое, што «ўзровень самастойнасьці Лукашэнкі цалкам параўнальны з узроўнем самастойнасьці кіраўнікоў так званых «ЛДНР».
Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у 2014 годзе. Міжнародная супольнасьць прызнае Крым часткай Украіны. На Расею за анэксію Крыму і поўнамаштабную вайну супраць Украіны накладзеныя міжнародныя санкцыі.