Выданьне Reform.news апублікавала інфармацыю аб выкарыстаньні працы зьняволеных за палітыку на цыбульнай плянтацыі пад Лідай, якая належыць нямецкаму дэпутату Ёргу Дорнаў. Аўтары публікацыі спасылаюцца на былога палітзьняволенага, які падчас адміністрацыйнага арышту асабіста працаваў на прадпрыемстве нямецкага дэпутата і нават, падобна, бачыў яго. Паводле гэтых сьведчаньняў, працаваць даводзілася ў цяжкіх умовах: падвал, адсутнасьць ацяпленьня, холад, праца да 18:00, пасьля сьняданку а 7:00 — без вады і піцьця. Плацілі каля 5 эўра на дзень.
Юрыст зь Нямеччыны Фэрдынанд Мюльлер падаў заяву аб завядзеньні крымінальнай справы супраць нямецкага дэпутата Ёрга Дорнаў з нагоды эксплюатацыі людзей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы. Раней дэпутата аштрафавалі на 20 862 эўра, бо не паведаміў у дэклярацыі, што мае прадпрыемства ў Беларусі.
Хто такі Ёрга Дорнаў і чым займаецца «Цыбулька-Бел»
Ёрга Дорнаў быў выбраны ў ляндтаг Саксоніі (гэта заканадаўчы орган нямецкай зямлі) у 2019 годзе як сябра партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». На сваёй старонцы на Facebook зусім нядаўна дэпутат крытыкаваў нямецкія ўлады за трату бюджэтных грошай на «нелегальных мігрантаў і замежныя войскі», што прывяло да браку сродкаў на войска (Бундэсвэр). Ён прадстаўнік сваёй партыі ў сельскагаспадарчай палітыцы. «Альтэрнатыву для Нямеччыны», да якой належыць Ёрга Дорнаў, апанэнты часта вінавацяць у рэзкіх выказваньнях у адрас міграцыйнай палітыкі і мігрантаў.
ТАА «Цыбулька-Бел» зьявілася ў Беларусі ў пачатку кастрычніка 2020 году. Мясцовыя ўлады перадалі ў карыстаньне новаму прадпрыемству 1555,4 га зямлі. Тут плянавалася вырошчваць 10 тысяч тон цыбулі на год. У Дорнаў таксама ёсьць бізнэс-партнэр Юры Куніцкі, які мае долю ў «Цыбулька-Бел». Ён паходзіць з Кіева, унесены ва ўкраінскую базу «Міратворац» за наведваньне Крыма пасьля акупацыі і саўдзел у расейскіх прапагандысцкіх мерапрыемствах.
Таксама Куніцкі пазначаны дырэктарам нямецкай кампаніі Victoria Handels GmbH, якая займаецца лягістыкай і гандлем сельскагаспадарчай тэхнікай.
У 2022 годзе прадпрыемства «Цыбулька-Бел» трапіла ў сьпіс арганізацый з замежным капіталам, якім забаронена прадаваць ці перадаваць сваю долю акцый у прадпрыемстве. Прычына — інвэстар паходзіць зь «недружалюбнай» краіны.
У красавіку 2019 году Дорнаў і Куніцкі наведвалі Шчучынскі раён, дзе сустракаліся са старшынём выканкаму.
Госьці цікавіліся беларускай сельскай гаспадаркай. Гісторыя з «Цыбулька-Бел» — гэта ня першы выпадак выкарыстаньня працы палітзьняволеных на прыватных прадпрыемствах у Беларусі.
Шкодная вытворчасьць у былога міліцыянта
Былы палітвязень Віктар Пархімчык адбываў пакараньне на «хіміі» ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў вёсцы Сушкі Камянецкага раёну (прапраўчая ўстанова адкрытага тыпу № 45) амаль год. Ён расказаў Свабодзе, што за гэты час пасьпеў папрацаваць на гаспадарку ААТ «Белавескі», а таксама на прыватную кампанію «БелМінэралГруп».
Віктар — ІТ-спэцыяліст, і спачатку яго нават хацелі адправіць распрацоўваць сайт.
«Сьпярша хацелі ўзяць на пасаду праграміста. Па словах вертухаяў (наглядчыкаў. — РС), гэта б было ўпершыню. Яны сапраўды не маглі знайсьці чалавека на распрацоўку сайта, але гэтага не дазволілі. Таму мяне спачатку накіравалі на працу жывёлаводам 5-га разраду: раскідаць кармы, грузіць пілавіньне на воз, прыбіраць прадукты жыцьцядзейнасьці за каровай. У маіх абавязках было таксама прымаць роды ў каровы», — апісвае працу на фэрме ў ААТ «Белавескі» Віктар.
Па яго словах, працаваць даводзілася часам з 4 раніцы да 22 вечара. Гэта пацьвярджаецца табэлямі працоўнага часу, якія Пархімчык даслаў у рэдакцыю. Ён расказвае, што частку заробленага трэба было аддаць за ўтрыманьне. Пасьля Віктара Пархімчыка перавялі на працу ў кампанію «БелМінэралГруп», дзе робяць цепла- і гукаізаляцыю.
«Бізнэсовец карыстаецца магчымасьцю проста ўзяць сабе супрацоўнікаў зь ліку палітзьняволеных. У пэўны час перастаў хадзіць транспарт ад барака да горада Высокае, дзе была вывторчасьць. Гэта 25 кілямэтраў. Мне сказалі, што дабірацца можна пешшу. Я схадзіў. Гэта дарога па Белавескай пушчы. І нават у такім выпадку мне хацелі выпісаць рапарт, што я павольна ішоў. Пасьля папрасіў даць магчымасьць дабірацца на працу транспартам», — кажа Віктар Пархімчык.
Палітзьняволены спрабаваў аспрэчваць рашэньні адміністрацыі. Сьпярша патлумачыў, што на прадпрыемстве шкодныя ўмовы працы, такую работу яму выконваць нельга па стане здароўя (маецца сардэчнае захворваньне). Потым спрабаваў аспрэчыць спагнаньне нібыта за прагул, бо не было магчымасьці дабрацца да працы (усе дакумэнты ёсьць у рэдакцыі. — РС). У выніку Пархімчыка перавялі з «хіміі» у калёнію, дзе ён цалкам адбыў прысуджаны тэрмін.
Як стала вядома Свабодзе, дырэктарам прыватнай кампаніі ТАА «БелМэталГруп», дзе працаваў Віктар Пархімчык, зьяўляецца Аляксандар Кужэльны. Ён былы супрацоўнік міліцыі. Па зьвестках аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, Кужэльнага звольнілі зь сілавых структур у 2008 годзе за парушэньне службовай дысцыпліны.
«У дачыненьні да палітвязьняў закон не працуе зусім»
Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар у размове са Свабодай тлумачыць, што законам рэглямэнтаваны час працы чалавека. Звычайна гэта ня больш за 8 гадзінаў на дзень. Аднак што да людзей, якіх перасьледуюць з палітычных матываў, гэта часта не працуе.
«Закон не працуе зусім у дачыненьні да людзей, якіх перасьледуюць з палітычных матываў. Няма спадзеваў, што чалавек паскардзіцца некуды і яго скаргу разгледзяць. Даказаць нешта, абскардзіць ён ня можа», — даводзіць Уладзімер Жыгар.
Па словах суразмоўцы, раней арганізацыя не магла проста «выпісаць сабе работнікаў». Уладзімер Жыгар таксама адзначае, што такая форма выкарыстаньня вязьняў выгадная арганізацыям.
«Гэта вельмі выгадна, бо ў Беларусі ставяць не на якасьць, а на колькасьць. А танная рабская праца людзей для такіх арганізацый дае плён. Іх жа прымушаюць працаваць не на нейкіх кваліфікаваных работах. Гэта такія кадры, якіх цяжка знайсьці, бо ніхто не пагаджаецца там працаваць за такія грошы. А тут добраахвотна-прымусова чалавек туды ідзе, і кадры ёсьць», — зазначае Жыгар.
Да таго ж кіраўнікі прадпрыемстваў не нясуць адказнасьці за такіх работнікаў, за імі мусіць сачыць установа, дзе тыя адбываюць той ці іншы від пакараньня.
«Ня думаю, што жудасныя ўмовы працы прапісваюць у дамове»
Праваабаронцы фіксуюць выпадкі адпрацоўваньня палітвязьняў і на дзяржаўных, і на прыватных прадпрыемствах. На такія работы накіроўваць і адміністрацыйна арыштаваных, і «хімікаў» (асуджаных да адбыцьця пакараньня ва ўстановах адкрытага тыпу). На думку праваабаронца «Вясны» Алега Мацкевіча, такую практыку можна назваць прымусовымі работы.
«Гэта прымусовыя работы, паводле міжнародных мэтодык ацэньваньня такой працы. Дзяржава парушае правы чалавека ў гэтым выпадку. Тое, што людзі працуюць па 11 гадзін, ва ўмовах, якія не забясьпечваюць ахову працы. Дзяржава тут усьцяж парушае права на працу», — сьцьвярджае праваабаронца.
Таксама ён падкрэсьлівае, што непрымальныя ўмовы пры такой практыцы ня могуць фіксавацца ў дамове.
«У сьвеце прымусовая праца тычыцца прыватнага сэктару, а дзяржава на гэта можа паўплываць. У Беларусі галоўным парушальнікам права на працу зьяўляецца сама дзяржава. Калі зьняволены адбывае пакараньне і працуе па 11 гадзін у жудасных умовах, ня думаю, што яны прапісаныя ў дамове. Калі б гэта адбывалася ў прававой дзяржаве, то наймальнік за гэта мусіў бы несьці адказнасьць», — тлумачыць праваабаронца.
Паводле інфармацыі «Вясны», зараз у Беларусі 1324 чалавекі прызнаныя палітзьняволенымі. Зь лета 2020 году праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі 3500 чалавек, зь іх 627 — жанчыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На нямецкага дэпутата, які прыцягваў да працы на сваёй плянтацыі пад Лідай беларускіх палітвязьняў, падалі ў суд ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На плянтацыі нямецкага дэпутата пад Лідай працавалі палітвязьні, — Reform.news