Больш за 600 імпрэз за два гады. Размова з куратаркай беларускай пляцоўкі CreateCulture Space, якая можа неўзабаве закрыцца

Надзея Ількевіч

Прастору CreateCulture Space стварылі ў лістападзе 2022 году Надзея Ількевіч і Тацяна Штэйнбук. Замест гадавіны ў арганізацыі зьбіраюцца адзначаць апошні дзень працы.

Прастору CreateCulture Space стварылі ў Вільні ў лістападзе 2022 году Надзея Ількевіч і Тацяна Штэйнбук. Надзея да 2017 году жыла ў Беларусі, займалася культурніцкімі і ўрбаністычнымі праектамі. Затым пераехала за мяжу, жыла і працавала ў ЗША, ва Ўкраіне і Чэхіі.

Надзея Ількевіч і Тацяна Штэйнбук

400 падзей на год

Надзея кажа, што захацела прымяніць увесь свой досьвед, які набыла ў розных краінах сьвету, для таго, каб узмацніць беларускую культуру. Паўплываць на яе разьвіцьцё, на беларускі крэатыўны сэктар і зрабіць нешта цікавае і новае. Яна гаворыць, што за год у віленскай прасторы праходзіць каля 300 мерапрыемстваў, якія агулам наведалі больш за 5 тысяч чалавек. Робіць гэта ўсё невялікая каманда, восем чалавек. Сярод праектаў прасторы — музычная лябараторыя «Пэрфаратар», дзе выканаўцы могуць зрабіць свой запіс live у студыі. На сёньня, па словах Надзеі, гэта адзіны такі праект, бо «Belsat music live» быў закрыты.

Сярод іншых праектаў — «Кінакаляды», «Майстэрня карысных праектаў», лябараторыя для стартапаў, выставы мастакоў, канцэрты, беларускамоўныя квізы.

«Наша прастора ў тым ліку для пачаткоўцаў, тут можна правесьці сваю першую выставу ці пачытаць вершы, зладзіць канцэрт. Але праект некамэрцыйны, бо наша мэтавая аўдыторыя ня мае грошай», — падкрэсьліла Надзея.

Яна зазначыла, што фінансаваньне на культуру заўсёды застаецца па рэшткавым прынцыпе, але сама яна ня згодная з такой рэчаіснасьцю.

«На маю думку, усё пачынаецца з культуры, з маленькіх ініцыятыў, з суполак, дзе людзі могуць зрабіць сваю першую выставу, папрацаваць у каворкінгу, пазнаёміцца з аднадумцамі», — кажа суразмоўца.

Надзея Ількевіч у прасторы CreateCulture Space

«Няма „эмігранцкай“ культуры, уся яна беларуская»

Надзея Ількевіч не падзяляе беларускую культуру на часткі, яна для яе існуе адным пластом. Беларускую культуру можна ствараць і ў Беларусі, і па-за яе межамі, перакананая суразмоўца.

«Я не жыву ў Беларусі з 2017 году, і гэта не замінала мне ствараць культурніцкія праекты, хоць і за межамі, Літва мая чацьвёртая краіна за гэты час. Вельмі важна не падзяляцца, на мой погляд, на тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся, гэта рыторыка рэжыму», — зазначае заснавальніца прасторы CreateCulture Space.

На яе думку, усе жывуць у розных умовах, розных краінах і ствараюць культуру на сваім узроўні і сваім талентам. «Галоўнае, што гэта створана беларусамі і беларускамі, і таксама пракамунікавана аўтарамі і аўтаркамі», — лічыць Надзея.

Ці можа беларуская культура растварыцца сярод чужых у эміграцыі, ці магчымы яе росквіт? Заснавальніца пляцоўкі лічыць, што ўсё залежыць ад нас: «Калі мы заб’ём у сабе беларуса і станем амэрыканцамі, палякамі, літоўцамі, то так, культура памрэ», Лекі ад гэтага, паводле Надзеі, — слухаць свае, чытаць, хадзіць на канцэрты, глядзець кіно. Тады і ў аўтараў і аўтарак будзе натхненьне і матывацыя ствараць, бо будзе попыт і нават магчымасьць манэтызацыі.

Надзея ня згодная з тым, што беларуская культура можа растварыцца. «Яна перажыла ўжо колькі стагодзьдзяў — і войны, і наўмыснае зьнішчэньне, і камунізм, і рэпрэсіі, але ніяк не згубілася ўсё ж такі дзякуючы людзям, якія робяць культурныя праекты, і гледачам і чытачам, якім гэта важна», — падкрэсьлівае суразмоўца.

Росквіт, паводле яе, магчымы, калі будзе дастаткова фінансаваньня на культуру і калі гэта стане індустрыяй. Патрэбна прафэсіяналізацыя сэктару, больш прадусараў, мэнэджараў. «Зараз мне здаецца, што рэжым „safe mode“: трэба пакуль захоўваць тое, што ёсьць», — выказалася Надзея.

Надзея Ількевіч

На такіх пляцоўках адбываюцца важныя грамадзкія дыялёгі

Што будзе зь беларускай культурай, калі такія пляцоўкі за мяжой перастануць існаваць? Па словах Надзеі, гэта запаволіць працэс пабудовы праеўрапейскай нацыянальнай ідэнтычнасьці і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці.

«Таму што менавіта на такіх пляцоўках, як наша, адбываюцца важныя грамадзкія дыялёгі, людзі пашыраюць далягляды і спажываюць культуру, знаходзяць аднадумцаў, фармуюцца ў суполкі, бяруць натхненьне на свае ініцыятывы і праекты, рэалізуюцца і экспэрымэнтуюць», — патлумачыла Надзея.

На пляцоўцы прымаюць творцаў зь Беларусі, якія хочуць быць пачутымі, убачанымі, быць часткай агульнага беларускага культурнага поля.

Надзея адзначыла, што большую частку падзей ладзяць не яны, а іншыя беларусы. Толькі на гэтым тыдні на пляцоўцы праходзіць сем івэнтаў: гэта лекцыя Соф’і Садоўскай, сэмінар у партрэтнай фатаграфіі Сяргея Міхаленкі, беларускамоўны квіз для дзяцей і бацькоў, дэгустацыя піва ад беларускіх хатніх бровараў і іншыя І так выглядае амаль кожны тыдзень.

Літоўцы і іншаземцы таксама цікавяцца і наведваюць прастору. Напрыклад, на музычным джэме Hidden Jam Session было 20 чалавек з 7 краін (Літва, Іран, Індыя, Беларусь, ЗША, Турэччына, Італія), расказвае Надзея.

Пляцоўка CreateCulture Space другі год запар адзіная беларуская арганізацыя, якая ўдзельнічае ў фэстывалі Vilnius is my city, прэзэнтуе на ім беларускую культуру.

«Валянтэрамі сёлета на нашым стэндзе былі ня толькі беларусы, але і індыйцы, якія з захапленьнем праводзілі квіз па беларускай культуры для наведнікаў», — падзялілася заснавальніца пляцоўкі.

Яны таксама зладзілі фэст EtnoArtve, куды запрасілі беларускіх і літоўскіх музыкаў, і такім чынам знаёмілі жыхароў Вільні зь беларускай культурай.

У праекце Perfaratar Music Lab узялі ўдзел і беларускія музыкі, і літоўскія. Яны пяць дзён правялі разам і стваралі музыку, аўтарскую і апрацоўкі традыцыйных песень, вывучалі традыцыі адно аднаго і потым прадставілі гэта ўсё на канцэрце на самай папулярнай тэрасе Вільні — даху музэю ETM.

Каб нейкім чынам працягнуць працу CreateCulture Space, Надзея заклікала неабыякавых беларусаў дапамагчы праекту, сымбалічна купіўшы «кубачак кавы», правёўшы мерапрыемства з аплатай арэнды, скарыстаўшыся паслугамі відэапрадакшну ці падзяліўшыся ідэямі, куды зьвярнуцца па хуткую падтрымку.

За першыя дні пасьля закліку аб дапамозе CreateCulture Space змагла сабраць каля 700 эўра ахвяраваньняў. Арганізатары пляцоўкі спадзяюцца, што дапамога ня спыніцца. Іначай замест юбілейнай вечарыны 11 лістапада 2024 году ім давядзецца рабіць разьвітальную.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мапы, помнікі, вяртаньне культурнай спадчыны. Чым займаецца новы праект MALDZIS