Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мапы, помнікі, вяртаньне культурнай спадчыны. Чым займаецца новы праект MALDZIS


Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Новы беларускі праект MALDZIS запусьцілі ў верасьні. Яго місія — усталяваньне дошак і помнікаў выбітным беларусам, стварэньне мапы «Зямля Мальдзіса», вяртаньне культурнай спадчыны. Расказваем падрабязьней.

Ініцыятыва стварэньня праекту MALDZIS належыць былому дыплямату і часоваму паверанаму ў справах Беларусі ў Швайцарыі Паўлу Мацукевічу. У сваёй колішняй дыпляматычнай працы ён займаўся акурат падобнымі справамі.

MALDZIS бачыць сваю місію ў аб’яднаньні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаваньні вобразу Беларусі як эўрапейскай краіны, гаворыцца на афіцыйнай старонцы ініцыятывы.

Удзельнікі праекту плянуюць займацца папулярызацыяй беларускай спадчыны — праз стварэньне мапаў і гайдаў з інфармацыяй пра выбітных беларусах у замежжы. Іншая задача праекту — усталяваньне помнікаў і мэмарыяльных дошак выбітным беларусам за мяжой, пошук і набыцьцё культурна-гістарычных каштоўнасьцяў за мяжой для перадачы ў беларускія музэі.

Частка праекту — мапа «Зямля Мальдзіса», дзе пазначаны «забытыя і зьніклыя ў гістарычнай віхуры імёны і падзеі», і youtube-канал «Гэта топ!», аўтары якога, Рыгор Астапеня і Аляксандар Івулін, падарожнічаюць па сьвеце і расказваюць гісторыі пра выбітных беларусаў.

Прафэсар Адам Мальдзіс, беларускі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, пісьменьнік, публіцыст
Прафэсар Адам Мальдзіс, беларускі літаратуразнаўца, літаратурны крытык, пісьменьнік, публіцыст

Рыгор Астапеня, палітоляг і апякун праекту, расказаў Свабодзе, што назву праекту шукалі такую, якая б адлюстроўвала памкненьні ўдзельнікаў праекту.

«Прыйшлі да высновы, што Адам Мальдзіс — той чалавек, які вельмі шмат зрабіў, каб у гісторыю Беларусі вярталіся многія славутыя імёны і славутыя каштоўнасьці. Таму мы выбралі менавіта гэтае імя», — патлумачыў палітоляг.

Ён таксама зазначыў, што ініцыятыва пакуль толькі зьбірае рэчы, якія маюць культурна-гістарычную вартасьць для Беларусі. Ёсьць намер перадаваць гэта ўсё ў малыя рэгіянальныя музэі Беларусі. Пытаньне пра вяртаньне больш дарагіх, вялікіх і каштоўных артэфактаў вымагае супрацоўніцтва зь дзяржавай. Але пакуль, кажа Астапеня, такога супрацоўніцтва няма.

Па словах суразмоўцы, адна з найбліжэйшых задач праекту «MALDZIS» — ушанаваць памяць Марыі Магдалены Радзівіл у Варшаве, дзе яна правяла значную частку жыцьця. А таксама ўшанаваць памяць Івана Луцкевіча, які памёр у польскім горадзе Закапанэ.

Рыгор Астапеня таксама анансаваў, што на мэты праекту будуць зьбіраць ахвяраваньні. «Зразумела, ніякіх іншых рэсурсаў, апроч беларускіх, на гэтую справу няма. Апроч нас, ніхто ня будзе ўсталёўваць дошкі і помнікі беларусам», — кажа палітоляг.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG