«У канцы чэрвеня пасьля двухтыднёвай галадоўкі ў ШЫЗА ён трапіў у турэмную лякарню ў пасёлку Калядзічы. У канцы ліпеня Аліневіча вярнулі ў жодзінскую турму, а ў верасьні зноў пакаралі ШЫЗА. За што, невядома. Там усіх палітвязьняў рэгулярна саджаюць у ШЫЗА з надуманых прычынаў», — паведаміла крыніца пра Аліневіча.
Паводле крыніцы, зьвестак пра Ігара вельмі мала: яму не дазваляюць тэлефанаваць, перадачы і спатканьні забароненыя.
«Адзіная на год дазволеная бандэроль не дайшла да адрасата», — сьцьвярджае крыніца.
Зрэдку ад Ігара Аліневіча даходзяць лісты. Паводле крыніцы, ён ня скардзіцца на здароўе. Аднак вядома, што пры росьце 188 сантымэтраў важыць толькі 70 кіляграмаў.
У адным з атрыманых нядаўна лістоў Аліневіча ёсьць такія радкі: «З кожным годам пераконваюся ў мудрасьці „што ні ідзе, то да лепшага“… Галоўнае — наша асабістае ўспрыманьне і пазытыўнае чаканьне ад зьменаў. Часта лаўлю сябе на думцы, што вонкавае пагаршэньне вядзе да ўнутранага паляпшэньня. Дарогу адужае той, хто ідзе! Філёзаф ня дасьць схлусіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Аліневіч у чэрвені трымаў галадоўку ў ШЫЗААднадумцы Ігара Аліневіча, якія засталіся на волі, праз інтэрнэт павіншавалі яго з днём нараджэньня.
«За амаль 4 гады ў зьняволеньні стан здароўя Ігара пагоршыўся, але дух застаецца нязломным, — адзначаюць сябры палітвязьня. — Віншуем Ігара з надыходзячым сьвятам і зычым як мага хутчэй выйсьці на свабоду!»
Анархіст Ігар Аліневіч быў затрыманы ў кастрычніку 2020 году і асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 295 («Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), 289 («Акт тэрарызму»), 333-1 («Незаконнае перамяшчэньне празь мяжу атрутных рэчываў, радыяактыўных матэрыялаў, узбраеньня, вайсковай тэхнікі»).
Разам з Аліневічам былі затрыманыя і пазьней асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў.
Вядома, што Дубоўскі знаходзіцца ў магілёўскай вязьніцы, Разановіча ўтрымліваюць ў калёніі №14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну, у красавіку яму дадалі да асноўнага тэрміну зьняволеньня яшчэ 9 месяцаў паводле 411-га артыкулу КК. Гэтымі днямі па гэтым самым артыкуле аб «злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы» судзяць і Раманава. Дагэтуль Сяргея ўтрымлівалі ў горацкай калёніі №9.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: анархіста Аліневіча перавялі зь лякарні ў турму- У часе пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускія памежнікі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 затрымалі ў Ельскім раёне ля беларуска-ўкраінскай мяжы Ігара Аліневіча і яшчэ трох анархістаў – Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава. Іх абвінавацілі паводле артыкула 289 КК «Тэрыразм», а таксама паводле артыкула 295 «Незаконнае абарачэньне зброі». Анархістаў абвінавацілі ў падпале чатырох аўтамабіляў каля будынка пракуратуры ў Салігорску і мясцовага аддзяленьня Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз.
- У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым ляўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра.
- У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасьць». Штогадовая нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная «Хартыяй'97» у 1998 годзе.