Пра гэта паведамляе DW.
Найбуйнейшая апазыцыйная сіла Нямеччыны — кансэрватыўны блёк Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу (CDU) і баварскага Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу (CSU) афіцыйна зацьвердзіла Фрыдрыха Мэрца сваім кандыдатам на пасаду канцлера Нямеччыны на выбарах у бундэстаг у 2025 годзе. 23 верасьня кандыдатуру Мэрца, які з 2022 года старшынюе ў CDU, аднагалосна ўхвалілі кіроўныя органы яго партыі — прэзыдыюм і выканаўчая рада на фэдэральным узроўні.
Раней у той самы дзень вылучэньне кіраўніка CDU таксама аднагалосна падтрымала кіраўніцтва партнэрскай партыі CSU. Пры гэтым афіцыйная ўхвала зьяўлялася фармальнасьцю, бо кіраўніцтва кансэрватыўнага блёку дамовілася аб лідэры ў ягоным выбарчым сьпісе яшчэ на мінулым тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя Шольца перамагла на выбарах у Нямеччыне, але крайнія правыя наступаюць на пятыКіраўнік CSU безумоўна падтрымаў Мэрца
Пра гэта было абвешчана пасьля сустрэчы Мэрца і кіраўніка CSU, прэм’ер-міністра Баварыі Маркуса Зёдэра ў Бэрліне 17 верасьня. «Пытаньне кандыдатуры канцлера вырашанае. Гэта будзе Фрыдрых Мэрц. Мяне гэта задавальняе, і я адкрыта гэта падтрымліваю», — заявіў Зёдэр. Раней не выключалася, што і баварскі палітык можа балятавацца на пасаду канцлера ад нямецкіх кансэрватараў. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што ў кансэрватараў ёсьць агульная мэта — прыйсьці на зьмену цяперашняй кіроўнай кааліцыі і «вярнуць Нямеччыну на правільны шлях». Сам Зёдэр мае намер па-ранейшаму займаць пасады старшыні CSU і прэм’ер-міністра Баварыі.
Перад папярэднімі выбарамі ў бундэстаг у 2021 годзе Зёдэр прайграў барацьбу за вылучэньне кандыдатам у канцлеры тагачаснаму лідэру CDU Арміну Ляшэту. Потым падчас выбарчай кампаніі, у якой кансэрватары ў выніку пацярпелі паразу, ён неаднаразова крытыкаваў Ляшэта. Цяпер Зёдэр заявіў, што безумоўна падтрымлівае кандыдата ад CDU.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына, каб спыніць незаконных мігрантаў, пашырыла памежны кантроль яшчэ на пяць суседніх краінБлёк CDU/CSU — фаварыты будучых выбараў у бундэстаг
Апазыцыйны блёк CDU/CSU застаецца самай папулярнай у Нямеччыне палітычнай сілай. Праведзенае ў пачатку верасьня апытаньне паказала, што калі б выбары ў бундэстаг адбыліся ў наступную нядзелю, то ўсе тры кіроўныя партыі ня мелі б шанцаў застацца ва ўладзе. За сацыял-дэмакратаў прагаласавалі б 15%, за «зялёных» — 11%, за лібэралаў з FDP — 4%. Разам у суме — 30%.
Між тым апазыцыйны блёк хрысьціянскіх партыяў CDU/CSU гатовыя падтрымаць 33% выбарнікаў. Гэта максымальны паказчык з сакавіка 2021 году. Наступныя выбары ў бундэстаг Нямеччыны намечаныя на 28 верасьня 2025 году.