Пра гэта паведаміла старшыня групы Карына Маскаленка (Расея) на 57-й сэсіі Рады ААН па правах чалавека (РПЧ) падчас дэбатаў пра Беларусь 23 верасьня ў Жэнэве, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Паводле слоў Маскаленкі, гаворка ідзе аб расьсьледаваньні злачынстваў, зьвязаных з парушэньнямі правоў чалавека, учыненымі ў Беларусі з траўня 2020 году. Расьсьледаваньне пройдзе на аснове мэтадалёгіі, якая будзе распрацаваная так, каб у далейшым дадзеныя маглі выкарыстоўвацца ў судовым разглядзе.
Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў Беларусі, Маскаленка сказала: «Наша група зацікаўленая ў тым, каб працэс прадстаўленьня дакладу адпавядаў высокім стандартам аб’ектыўнасьці, незалежнасьці, бесстароннасьці. Гэтаму б значна садзейнічала правядзеньне двухбаковых і шматбаковых кансультацый, каб улічыць пазыцыю ўраду Беларусі па ўсіх пытаньнях. Для дасягненьня гэтай мэты мы настойліва раім беларускім уладам не ўхіляцца ад супрацоўніцтва».
Маскаленка канстатавала, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека, у месцах пазбаўленьня волі ўжываюцца катаваньні, сэксуальны і гендэрны гвалт, у краіне парушаюцца правы на выказваньне меркаваньняў, на абарону перад законам, на вяртаньне на радзіму.
Група вітае памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам шэрагу палітвязьняў, аднак пры гэтым заклікае прыняць «неадкладныя і канкрэтныя меры па вызваленьні ўсіх адвольна затрыманых па палітычных абвінавачаньнях» і пакрыцьці ім нанесенай шкоды.
Асобна праваабаронца спынілася на перасьледзе беларусаў, якія вымушана пакінулі радзіму. Яна адзначыла, што над імі праводзяцца завочныя крымінальныя працэсы, у грамадзян Беларусі канфіскуюць актывы і маёмасьць, выкарыстоўваецца практыка запалохваньня іх сваякоў.
«Урад Лукашэнкі нясе адказнасьць за амаль поўнае зьнішчэньне грамадзянскай прасторы і свабодаў у Беларусі, апазыцыя знаходзіцца альбо ў турме, альбо за мяжой. На гэтым фоне група не мае ніводнага паведамленьня, што быў пакараны ў Беларусі нехта зь вінаватых у парушэньні правоў чалавека», — сказала Маскаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У мерапрыемствах ААН у Нью-Ёрку бяруць удзел Сьвятлана Ціханоўская і дэлегацыя ад афіцыйнага Менску«Беларусь заўсёды прытрымлівалася сваіх нацыянальных інтарэсаў — эканамічных, палітычных, грамадзкіх — і не ўбудоўвалася ў мадэль унутранай і зьнешняй палітыкі, якая ёй навязвалася, арыентаванай на геапалітычныя амбіцыі Захаду», — сказала ў слове ў адказ сталая прадстаўніца Беларусі пры ААН Ларыса Бельская.
«Для зьмены такога стану рэчаў Захад спрабуе ўмешвацца ў нашыя справы, выкарыстоўваючы шырокі інструмэнтарый, у тым ліку палітычна матываваныя рэзалюцыі, незаконныя эканамічныя санкцыі, мэдыятэхналёгіі маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю, дэзынфармацыю аб сытуацыі ў краіне і палітыцы беларускіх уладаў. Актыўна фінансуюцца і рэклямуюцца розныя экстрэмісцкія структуры, якія знаходзяцца на ўтрыманьні заходніх краінаў», — заявіла яна.
Перад выбарамі прэзыдэнта ў 2025 годзе, прагназуе Бельская, на Беларусь «будзе чыніцца ціск і пашырацца ўмяшаньне ва ўнутраныя справы».
Паводле яе слоў, анансаваны даклад пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі таксама стане адной з падстаў для такога ўмяшаньня.
Пэрспэктывы расьсьледаваньня па Беларусі і даклад на падставе яго «ня мае сэнсу і ня будзе мець выніку, бо Менск не прымае ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, ціску і санкцый», — сказала Бельская.
У спрэчках выказаліся прадстаўнікі дэлегацый розных краін.
Прадстаўнік Эўразьвязу заявіў аб падтрымцы мандату незалежных экспэртаў і ацаніў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі як цяжкую. Прымаючы да ўвагі памілаваньне некаторых палітвязьняў, ЭЗ занепакоены тым, што ў Беларусі больш за 1,3 тыс. палітвязьняў, і заклікаў іх вызваліць і рэабілітаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Washington Post заклікае сьвет патрабаваць доказаў, што беларускія палітвязьні, ад якіх няма вестак, жывыяМіністарка замежных справаў Фінляндыі Эліна Валтанэн выступіла ад групы Паўночных краін і краін Балтыі. Яна адзначыла занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і выказала падтрымку народу Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі. Валтанэн асудзіла падтрымку Менскам вайны ва Ўкраіне і заклікала спыніць удзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Прадстаўнікі Швайцарыі, Ліхтэнштэйну, Люксэмбургу (ад імя Люксэмбургу, Бэльгіі і Нідэрляндаў), Вялікай Брытаніі, Малдовы, Чарнагорыі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Ірляндыі, Аўстрыі, Францыі, Грэцыі, Славаччыны і Румыніі падтрымалі пазыцыю ЭЗ.
Прадстаўніца ЗША выступіла ў тым жа ключы, падкрэсьліўшы, што «праз чатыры гады, якія прайшлі пасьля махлярскіх выбараў, беларускі народ не здаецца», нягледзячы на тое, што рэпрэсіі не спыняюцца.
Украіна асудзіла сыстэматычны гвалт супраць актывістаў у Беларусі, выказаўшы занепакоенасьць, што рэпрэсіі ўзмоцняцца перад новымі выбарамі прэзыдэнта. Прадстаўніца Кіева заклікала Беларусь адмовіцца ад статусу саўдзельніка вайны супраць Украіны, асудзіла практыку вайсковых вучэньняў паблізу ад межаў Украіны і выказала трывогу наконт вывезеных украінскіх дзяцей.
Прадстаўнікі Азэрбайджану і Казахстану адзначылі, што неўмяшаньне ва ўнутраныя справы — важны прынцып працы ААН.
Прадстаўнік Кітаю прывітаў намаганьні праекту прамысловай мадэрнізацыі Беларусі для забесьпячэньня прагрэсу, нягледзячы на санкцыі. Ён сьцьвярджае, што Беларусь супрацоўнічае з праваабарончай сыстэмай ААН, своечасова падае неабходныя даклады. Кітай выказаўся супраць практыкі ўмяшаньня ва ўнутраныя справы любой дзяржавы пад маркай абароны правоў чалавека.
Падобныя пазыцыі выказалі прадстаўнікі Шры-Лянкі, Эрытрэі, Лаосу, Зымбабвэ, Вэнэсуэлы, Нікарагуа, Сырыі, Кубы, Судану, Ірану і Эгіпту.
Сэсія РПЧ ААН праходзіць у Жэнэве з 9 верасьня па 11 кастрычніка. У апошні дзень сэсіі чакаецца зацьвярджэньне кандыдатуры спэцдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Паводле наяўнай інфармацыі, ім зь вялікай доляй імавернасьці можа стаць экс-камісар Рады Эўропы ў правах чалавека Ніл Райманд Муйжніекс з Латвіі.