У Міністэрстве замежных спраў Расеі заявілі аб імавернасьці правакацыі з боку блёку NATO на мяжы зь Беларусьсю і папярэдзілі «згубнымі наступствамі» ад такіх дзеяньняў.
Як паведаміла агенцтва Reuters, афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла журналістам, што Масква занепакоеная ўсё больш «правакацыйнай» дзейнасьцю NATO на мяжы зь Беларусьсю.
Прадстаўніца МЗС Расеі ня выключыла, што ў рэгіёне могуць быць спробы эскаляцыі. Марыя Захарава нагадала, што Расея разьмясьціла ў Беларусі ядзерную зброю.
«Практычная рэалізацыя любых агрэсіўных датычна Менску сцэнароў пагражае згубнымі наступствамі ня толькі для нэанацысцкай Украіны, але і для яе спонсараў», — працытавала Марыю Захараву расейскае агенцтва ТАСС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі генэрал заявіў, што NATO «рыхтуецца да ўзброенага канфлікту»18 верасьня камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч заявіў, што NATO «рыхтуецца да ўзброенага канфлікту»
«Няпростая абстаноўка вакол нашай дзяржавы, асабліва ў заходнім кірунку. У першую чаргу гэта зьвязана з інтэнсіўнай мілітарызацыяй эўрапейскага кантынэнту. Вельмі шмат ударнага ўзбраеньня. Відавочна, што блёк NATO рыхтуецца загадзя да ўзброенага канфлікту супраць нашых дзяржаў», — сказаў Андрэй Лук’яновіч журналістам, паведаміла прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Беларускі генэрал таксама дадаў, што адзіная рэгіянальная сыстэма СПА кожны тыдзень фіксуе да 40 вылетаў выведнай авіяцыі.
17 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спэцслужбы краін Захаду разглядаюць Беларусь як «магчымае месца эскаляцыі».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- Тысячы расейскіх войскаў увайшлі ва Ўкраіну зь Беларусі ў пачатку ўварваньня, зь беларускай тэрыторыі запускалі балістычныя ракеты па Ўкраіне, а расейскія бамбавікі запускалі ракеты з паветранай прасторы Беларусі.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.