Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусь залятаюць расейскія бесьпілётнікі


Іранскі дрон тыпу Shahed, ілюстрацыйнае фота.
Іранскі дрон тыпу Shahed, ілюстрацыйнае фота.

Спэцслужбы краін Захаду разглядаюць Беларусь як «магчымае месца эскаляцыі», а «зацішша», якое наступіла ва Ўкраіне, «ім ня трэба», заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы 17 верасьня на ўрачыстым вечары з нагоды дзяржаўнага сьвята Дня народнага адзінства.

Паводле слоў Лукашэнкі, якія перадае прэсавая служба і дзяржаўныя СМІ, размова не ідзе аб уступленьні ў баявыя дзеяньні Ўзброеных сіл Беларусі, таму што гэтага не адбудзецца, пакуль «чужы бот ня ступіць на беларускую зямлю».

Лукашэнка сьцьвярджае, што ЗША «сказалі Кіеву, калі складуцца абставіны, атакаваць <...> беларускую інфраструктуру па паўднёвай мяжы».

«Прычына — расейскія бесьпілётнікі лятаюць побач з тэрыторыяй Беларусі. Павінен вам адкрыта заявіць: мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы ня будзем у СМІ падсьвятляць факты залёту бесьпілётнікаў і расейскіх, і ўкраінскіх на нашу тэрыторыю», — сказаў ён.

Лукашэнка прызнаў, што баявыя бесьпілётнікі час ад часу залятаюць на тэрыторыю Беларусі, адзін зь іх нібыта быў знойдзены «ажно пад Бабруйскам». «Гэта былі ўкраінскія бесьпілётнікі, а не расейскія. Хаця і зь іншага боку бывае», — удакладніў Лукашэнка.

«Хачу папярэдзіць нашых праціўнікаў, нашых супернікаў. І тых, хто не разумее яшчэ. Ня трэба гэтага рабіць. Напад на Беларусь — гэта Трэцяя сусьветная вайна», — сказаў Лукашэнка.

«Беларускую міралюбнасьць», паводле яго, ня варта «разумець і прымаць за слабасьць».

«Калі я кажу пра гэта, вы не падумайце, што я блефую ці згушчаю фарбы. Не. Як ніколі раней, нам ёсьць чым адказаць», — заявіў Лукашэнка.

У ліпені, жніўні і верасьні тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які спэцыялізуецца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамляў аб мностве выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.

  • У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў былі зьбітыя над Гомелем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак складу, ніхто не пацярпеў. Міністэрства абароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы лятальнымі аб’ектамі, не назваўшы пры гэтым, каму яны належалі.
  • Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», раніцай 7 верасьня адзін з расейскіх бесьпілётнікаў уварваўся ў паветраную прастору краіны ў раёне Пінску (Берасьцейская вобласьць) і «працягнуў рух на поўнач», зайшоў у Горадзенскую вобласьць і даляцеў «да самых Карэлічаў і Навагрудку», што зафіксавана упершыню.
  • 8 верасьня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэжыцкім краі (не зьяўляецца прымежным, знаходзіцца прыкладна за 35 км ад мяжы зь Беларусьсю) разьбіўся расейскі дрон.
  • 9 верасьня кіраўніцтва Нацыянальных узброеных сіл Латвіі заявіла, што расейскі дрон, які пацярпеў крушэньне ў Гайгалаўскай воласьці Рэжыцкага краю Латвіі, «быў начыненым выбухоўкай бесьпілётнікам тыпу Shahed».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG