За месяц прадалі толькі 5 аўтобусаў і на 27% менш грузавікоў. Як Беларусь страчвае расейскі рынак

Гарадзкі аўтобус вытворчасьці Беларусі.

Продажы беларускіх аўтобусаў у Расею ў жніўні абваліліся ў 21 раз у параўнаньні зь мінулым годам. Чаму так адбываецца і што далей будзе з попытам на гэтую прадукцыю?

Са студзеня па жнівень Беларусь прадала ў Расею 327 аўтобусаў МАЗ. Летась за такі ж пэрыяд было 706. Аб’ёмы продажаў зьнізіліся на 53,9%. З продажам становіцца толькі горш. За жнівень гэтага году ўдалося прадаць толькі 5 аўтобусаў, летась у жніўні іх прадалі 107. Такую статыстыку агучыла расейская кампанія «АСМ-холдинг», Беларусь сваю не публікуе некалькі гадоў.

У тройцы лідэраў па продажах аўтобусаў у Расеі цяпер расейскія маркі PAZ, LIAZ і кітайскі YUTONG. МАЗ сярод пастаўшчыкоў новых аўтобусаў у Расею стаіць толькі на 10-й пазыцыі ў колькасьці пастаўленых адзінак. Па выніках мінулага году беларускае прадпрыемства было на 7-й пазыцыі ў гэтым рэйтынгу.

Пры гэтым расейскі рынак аўтобусаў у параўнаньні зь мінулым годам вырас. За восем месяцаў 2024 году агулам у Расеі прадалі 13 178 новых аўтобусаў. Летась за такі ж пэрыяд — 11 556.

Менскі аўтамабільны завод, архіўнае фота

МАЗы ў агні

З пачатку году ў Расеі некалькі разоў загараліся аўтобусы беларускай вытворчасьці. Адзін выпадак здарыўся ў Іжэўску, адзін у Саратаве, два ў Санкт-Пецярбургу, адзін у Салехардзе. У чэрвені беларускі аўтобус гарэў у Ліпецку, а ў верасьні — у Яраслаўлі.

Ва ўсіх выпадках аўтобусы гарэлі па-рознаму. У Саратаве загарэўся маторны адсек, у Іжэўску пажар пачаўся з кароткага замыканьня на сьвятлодыёдным табло. У адным з выпадкаў у Санкт-Пецярбургу пажар пайшоў зь пярэдняй часткі. У другім выпадку ў гэтым горадзе прычынай пажару назвалі ўзгараньне адпрацаваных газаў.

Былі такія інцыдэнты і ў Беларусі. 19 траўня аўтобус загарэўся на праспэкце Машэрава, 7 траўня Міністэрства надзвычайных сытуацый паведаміла пра загараньне пасажырскага аўтобуса, які рухаўся зь Пінску па трасе М1. Летась у Беларусі было мінімум 6 выпадкаў пажараў у аўтобусах.

Спэцыялісты, знаёмыя са сфэрай машынабудаваньня, раней называлі Свабодзе наступныя прычыны ўзгараньня аўтобусаў: імпартазамяшчэньне, адсутнасьць або слабасьць выхаднога кантролю на вытворчасьці, адсутнасьць дэталяў, якія раней набывалі ў ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАЗы ў агні. Чаму аўтобусы беларускай вытворчасьці рэгулярна гараць на вуліцах гарадоў

МАЗ працуе пад санкцыямі ЭЗ і ЗША. Да іх увядзеньня на аўтобусах выкарыстоўваліся рухавікі заходняй вытворчасьці, у тым ліку ад кампаніі Mercedes-Benz, а таксама іншыя нямецкія дэталі. У 2022 годзе і аўтобусы, і грузавікі пачалі масава пераводзіць на кітайскія рухавікі Weichai. Раней іх таксама выкарыстоўвалі, але ў меншых аб’ёмах. Гэтыя рухавікі сабраныя ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​На МАЗе — 700 рублёў, на МТЗ — ад 650. Колькі гатовыя плаціць на вядучых дзяржаўных прадпрыемствах

Ня толькі аўтобусы

Грузавікоў вытворчасьці МАЗа ў 2024 годзе Беларусь стала прадаваць у Расею таксама менш. За 8 месяцаў Беларусь паставіла ў Расею 3759 грузавікоў, летась за такі ж пэрыяд — 4120. Падзеньне продажаў склала 8,8%. Летась у жніўні ў Расею прадалі 587 грузавікоў, сёлета ў жніўні — 428, або менш на 27%. У тройцы лідэраў на расейскім рынку ў сэгмэнце новых грузавікоў — расейскі KAMAZ і кітайскія SITRAK і SHAANXI.

Пры гэтым рынак грузавікоў у Расеі, у адрозьненьне ад рынку аўтобусаў, за год скараціўся. Калі летась за 8 месяцаў прадалі 92 617 новых грузавікоў, то сёлета за такі ж пэрыяд — 84 003.

«Не вытрымліваюць канкурэнцыі»

Паводле экспэрта дасьледчага цэнтру Beroc Анатоля Харытончыка, беларускія аўтобусы і грузавікі губляюць у попыце на расейскім рынку, сярод іншага, праз канкурэнцыю з расейскімі вытворцамі.

«З грузавікамі пакуль сытуацыя не крытычная, але канкурэнцыя расьце за кошт кітайскіх і расейскіх вытворцаў. А па аўтобусах зьніжэньне сур’ёзнае, бо там моцная канкурэнцыя з боку расейскіх вытворцаў, і МАЗ яе не вытрымлівае», — зважае Анатоль Харытончык.

На думку экспэрта, попыт на гэтыя беларускія тавары ў Расеі будзе слабець і далей. Гэта можа перашкаджаць нарошчваць выпуск грузавікоў і аўтобусаў у Беларусі.

«Машынабудаваньне ў Беларусі грае значную ролю ў апрацоўчай прамысловасьці, і яно экспартна арыентаванае. З аднаго боку, попыт у Расеі будзе слабець. Там згортваюць гіпатэчныя праграмы, будзе запавольвацца будаўніцтва. Таксама здабыўная прамысловасьць у Расеі наўрад ці будзе расьці. Зь іншага боку, будзе слабець і попыт на ўнутраным рынку», — кажа Харытончык.

Што да попыту на іншыя беларускія тавары, то пакуль значнага зьніжэньня на расейскім рынку экспэрт не назірае. Аднак падставаў для росту попыту на іх таксама няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтобусы МАЗ загараюцца ўсё часьцей. Як гэта зьвязана зь міжнароднымі санкцыямі