У Беларусі паказалі, як узмацнілі ахову дзяржаўнай мяжы ў кірунку Ўкраіны. ФОТА

Тэхніка беларускай арміі на ўзмацненьні аховы мяжы з Украінай, 19 верасьня 2024. Афіцыйнае фота

Ва Ўкраіне не фіксуюць перамяшчэньня тэхнікі паблізу сваёй мяжы.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што вайскоўцы беларускай арміі працягваюць выконваць задачы для ўзмацненьня ўчасткаў дзяржаўнай мяжы Беларусі.

«Дэсантнікі, танкісты, мотастралкі, артылерысты, сродкі СПА дзень і ноч стаяць на баявым дзяжурстве, патрулююць тэрыторыі, нясуць службу на блёк-пастах, вядуць выведку пры дапамозе бесьпілётнікаў», — паведаміла прэсавая служба ведамства.

Адзначаецца, што падразьдзелы Ўзброеных сіл працуюць «у цесным узаемадзеяньні з прадстаўнікамі мясцовай улады, памежнікамі і супрацоўнікамі МУС», асаблівую ўвагу надаюць барацьбе зь бесьпілётнікамі.

У Telegram-канале Міністэрства абароны Беларусі апублікавалі фатаздымкі і паведамілі, што «браняваная тэхніка абсталяваная рознымі тыпамі антыдронавай абароны».

У часе штодзённай баявой падрыхтоўкі на ўкраінскім кірунку

Адзін з вайскоўцаў у сваім камэнтары для прэсавай службы ведамства ўдакладніў, што Сілы спэцыяльных апэрацый знаходзяцца ў раёне «паўднёвых межаў».

«Штодня мы праводзім заняткі ў тактычнай падрыхтоўцы, зладжваньні падразьдзяленьняў на мясцовасьці, на якой мы выконваем задачы. Апорныя пункты і рубяжы абсталяваныя ў інжынэрным сэнсе. Абстаноўка ў цэлым на мяжы напружаная, але кантраляваная. Штодня мы фіксуем пралёты выведнай бесьпілётнай авіяцыі з украінскага боку, работу радыётэхнічных і аптычных сродкаў выведкі», — паведаміў ён.

Пешыя патрулі на баявым дзяжурстве

Паводле вайскоўца Сіл спэцыяльных апэрацый, уздоўж мяжы працуюць пешыя патрулі, ажыцьцяўляецца дзяжурства на блёк-пастах. «Наладзілі работу зь мясцовымі жыхарамі, зь якімі працуем ня першы год. Пры зьяўленьні падазроных асоб ці незнаёмай тэхнікі нас апэратыўна інфармуюць», — дадаў ён.

Ва Ўкраіне не фіксуюць перамяшчэньня тэхнікі паблізу сваёй мяжы

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што, як і раней, непасрэдна ля ўкраінскай мяжы не фіксуюць перамяшчэньня ні баявой тэхнікі, ні асабовага складу падразьдзелаў Узброеных сіл Беларусі.

«Цяпер расейскіх падразьдзелаў на тэрыторыі Беларусі няма, аднак гэты кірунак застаецца пагражальным. Сытуацыю кантралююць Сілы абароны Ўкраіны. Нейкіх нестандартных сытуацый ці такіх, якія б дэстабілізавалі абстаноўку, не фіксуецца. Таксама мы не фіксуем перамяшчэньня ў непасрэднай блізкасьці да нашай мяжы ні тэхнікі, ні асабовага складу падразьдзелаў са складу арміі Беларусі», — сказаў Андрэй Дземчанка раніцай 19 верасьня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адрэагаваў на перамяшчэньне войскаў у Беларусі і наступ расейцаў у Курскай вобласьці

Што папярэднічала

11 верасьня ў Берасьцейскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Украінай, пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў Беларусі Івана Кубракова адбыліся інструктарска-мэтадычныя заняткі «Столін-2024» для папярэджаньня «дзейнасьці незаконных узброеных фармаваньняў».

Перад іх пачаткам мніністар правёў інструктаж, на якім прысутнічала ўся сілавая вэртыкаль памежных з Украінай раёнаў.

Іван Кубракоў заявіў, што вучэньні «Столін-2024» для падразьдзелаў МУС арганізавалі на выпадак падзей, аналягічных прарыву ўкраінскімі сіламі расейскай мяжы ў Курскай вобласьці.

«У ведамстве прааналізавалі дзеяньні Ўзброеных сіл Украіны ў Курскай вобласьці Расеі. У сувязі з напружанай абстаноўкай на паўднёвых межах Беларусі ў памежжы разьмясьцілі спэцыяльныя падразьдзелы АМАПу і ўнутраных войскаў. Асноўная мэта — не дапусьціць заходу праціўніка ў населеныя пункты, забясьпечыць бясьпеку нашых грамадзян. У сувязі з гэтым арганізавалі апэратыўнае ўзаемадзеяньне з камандзірамі баявых падразьдзелаў, памежных войскаў, старшынямі абласных і раённых выканкамаў», — працытавала Івана Кубракова прэсавая служба МУС Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кубракоў патлумачыў, што вучэньні ля мяжы праводзяць, каб не дапусьціць прарыву, як у Курскай вобласьці. ФОТА

10 жніўня Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Узброеныя сілы Ўкраіны ў нібыта парушэньні паветранай прасторы Беларусі бесьпілётнікамі і заявіў, што беларускія войскі зьбілі некалькі цэляў. Неўзабаве пасьля гэтага міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў, што на ўказаньне Лукашэнкі ўзмацняецца групоўка войскаў «на Гомельскім і Мазырскім тактычных кірунках з мэтай рэагаваньня на любыя магчымыя правакацыі».

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.