European Ceramic Context 2024 — 9-е трыенале сучаснай эўрапейскай керамікі і шкла на востраве Борнгальм у Даніі. На ім 64 керамісты з 28 эўрапейскіх краін паказалі сваю экспэрымэнтальную кераміку. Важным аспэктам праекту зьяўляецца экалягічны падыход, піша Reform.news.
Беларуская мастачка Ганна Мядзьведзева атрымала на ім галоўны прыз за аб’ект пад назвай «Восеньскі краявід».
Гэты твор просты і складаны адначасова, тлумачыць журы ў сваім абгрунтаваньні.
«Просты таму, што гэта ўсяго толькі абпаленая гліна, матэрыял, зь якім мы працуем спрадвеку, вядомы і зразумелы большасьці людзей.
Складаны таму, што ў руках Мядзьведзевай гліна, здаецца, кідае выклік сваёй матэрыяльнасьці, як быццам яе стварыла сама прырода. Тонкая і заблытаная павуціна структуры твора здаецца бясконцай, але мы ня можам вызначыць, што гэта такое. Мядзьведзева выдатна разьбіраецца ў выбраным матэрыяле і дасканала валодае працэсамі, якія дазваляюць гліне „сьпяваць“. Гэтая маленькая скульптура падобная на цуд. Яна загадкавая і прыцягальная і пераносіць нас у сьвет, які мы да канца не разумеем. Гэта абуджае ў нас пачуцьцё далікатнасьці і ўяўленьні пра клопат і абарону ня толькі ў адносінах да гэтага невытлумачальнага аб’екта, але і да ўсяго сьвету ў цэлым, у якім ён існуе».
Ганна Мядзьведзева — выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў, выпрацавала ўласны мэтад стварэньня краявідаў — устойлівых формаў, дзе пра краявід нагадваюць фактуры, структуры, сьветлацень, падгледжаныя ў канкрэтных месцах. Апошнім часам мастачка стварае скульптурныя аб’екты на трох ножках, увасабляючы тэму балянсаваньня і стабільнасьці ў складаныя часы.
Творы трыенале прадстаўлены на дзьвюх выставах — у Цэнтры рамёстваў і музэі Hjorths Fabrik, якія будуць працаваць да 7 лістапада.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастачцы з Полацку суд прызначыў «прымусовыя захады бясьпекі і лячэньня» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён быў пакутнікам і сьведкам». У Вільні прайшла вечарына памяці беларускага мастака Алеся Пушкіна