Судовая калегія Вярхоўнага суду пад старшынствам Дзіны Кучук вырашыла пакінуць прысуд Леаніду Судаленку бязь зьменаў, а апэляцыйную скаргу без задавальненьня, паведамляе «Вясна».
У сваю чаргу Судаленка заявіў, што працягне змагацца з парушэньнем яго правоў і плянуе найбліжэйшым часам заняцца праходжаньнем працэдуры нагляду ў Вярхоўным судзе. Пра гэта ён расказаў Свабодзе.
«Толькі наперад. Інструмэнтаў яшчэ шмат, і самы галоўны — прамая канстытуцыйная скарга. Такое права беларусы атрымалі на апошнім 2022 году рэфэрэндуме. Але трэба вычарпаць усе сродкі прававой абароны, то бок прайсьці яшчэ працэдуру нагляду ў Вярхоўным судзе, чым я і займуся ў бліжэйшы час. Гэтае спэцвядзеньне, ці завочныя суды, парушаюць прама, як я лічу, канстытуцыйныя правы на спаборнасьць і роўнасьць бакоў у судовым працэсе, а таксама права на абарону ў судзе, калі прызначаны адвакат хавае ад мяне і не аддае атрыманы мой прысуд. Я зараз нават супраць адвакаткі патрабую ў пракуратуры крымінальнай адказнасьці па 204-м артыкуле КК. Буду патрабаваць праверкі спэцвядзеньняў на адпаведнасьць Канстытуцыі!», — заявіў праваабаронца.
- У чэрвені Леаніду прызначылі 5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму са штрафам 650 базавых велічынь.
- Леанід — вядомы праваабаронца і юрыст, зьяўляўся кіраўніком Гомельскага аддзяленьня Праваабарончага цэнтру «Вясна». Пакінуўшы Беларусь, ён адразу заявіў, што скіруе сваю дзейнасць на як мага хутчэйшае вызваленьне беларускіх палітвязьняў.