«Сказалі: «Вы зашмат гаворыце»
Андрэй Мялешка расказаў Свабодзе, што пасьля таго, як выйшла інтэрвію на Радыё Свабода, да іх з дачкой падыйшлі супрацоўнікі аэрапорту і забралі ўсе іхныя дэвайсы, тэлефоны, а таксама ноўтбук.
«Сказалі: „Вы зашмат гаворыце“», — успамінае Мялешка.
Па словах суразмоўцы, ён прасіў скласьці акт, паводле якога забіраюць маёмасьць. «Мы ўсё напішам», — адказалі яму.
Гэта адбылося каля поўдня 16 верасьня. Рэшту дня да адлёту з Грузіі журналіст з дачкой заставаліся бяз сувязі.
Андрэй Мялешка ведае, што да яго прыяжджалі жонка з Батумі, сябры, праваабаронцы, адвакат. Аднак ён нікога зь іх ня бачыў, ня мог пагаварыць. Пакой, дзе трымалі бацьку з дачкой, знаходзіўся ў нэўтральнай зоне. Да іх нікога не пусьцілі. Да поўдня Андрэй Мялешка стараўся паведамляць навіны з памяшканьня, дзе іх утрымлівалі.
«На што нам ніхто нічога не адказваў. У чатыры гадзіны нас спрабавалі першы раз пасадзіць на самалёт. Мы мусілі вылятаць у 15:40. А ў 15:30 быў рэйс «Белавія». Была імавернасьць, што нас на гэты рэйс пасадзяць. Мы бачылі самалёт з валошкай з вакна. Ён зрабіў кола. Дачка кажа: «Дзякуй Богу, што нас на яго не пасадзілі», — расказвае суразмоўца.
Мялешкам ніхто не казаў і не намякаў, што іх могуць адправіць у Беларусь, але яны ўсё адно дапускалі такое разьвіцьцё падзей. Неўзабаве прыйшоў супрацоўнік і сказаў ім рыхтавацца на самалёт да Варшавы. Ён павінен быў паляцець у 15:40. Чаму рэйс затрымалі амаль на дзевяць гадзін, Мялешка ня ведае. Яму ніхто нічога не тлумачыў. Да поўначы яны проста чакалі вылету.
«Мы нічога ня думалі. Мы чакалі, што будзе далей адбывацца. А што рабіць? Я ж нічога ня ведаю, што адбываецца. Ніхто нічога ня кажа... Я ніколі такой сытуацыюі не перажываў. Ты боўтаесься, прабачце, як г..но ў палонцы, ня ведаеш, што з табой будзе адбывацца», — кажа Андрэй.
Ён ацэньвае складанасьць гэтай сытуацыі на 9 балаў зь 10.
«Плакала, бо з мамай ня можа сустрэцца»
З журналістам з краіны выслалі яго 11-гадовую дачку. Яна цяжка перажывала тое, што адбываецца.
«Плакала, бо з мамай ня можа ніяк сустрэцца, з мамай ня можа паразмаўляць. З мамай яны пагаварылі толькі ў самалёце (праз тэлефон. — РС)», — кажа суразмоўца.
Каля дванаццаці гадзін дзяўчынка нічога ня ела. Запасаў ежы ў сям’і з сабой не было. Пасьля таго, як іх не пасадзілі на самалёт каля 16 гадзін, Андрэй «падняў бунт» і стаў прасіць, каб пакармілі дзіця. Спачатку ім прынесьлі піражкі і гарачую ваду. Пасьля просьбы прынесьці штосьці яшчэ ў бацькі папыталі, што будзе есьці дзіця.
«Я кажу, калі можна, то бульбу фры. Праз гадзіны дзьве прынесьлі паднос бульбы фры на кіляграма паўтара. Больш да нас ніхто не заходзіў і нічога не прыносілі», — расказвае суразмоўца.
Адсутнасьць ежы дачка пераносіла спакойна, адзначае бацька. Раней Андрэй ужо вандраваў адзін з дачкой цягам пары тыдняў ці месяца.
Пакуль ён мяркуе застацца жыць у Польшчы. Пэўна, паедзе ў Беласток, бо там шмат знаёмых. Дзе і як далей жыць, беларус пакуль ня ведае. У іх з сабой у вандроўцы была валізка на 10 кіляграмаў з рэчамі на тыдзень і два заплечнікі. Што будзе рабіць жонка з малодшай дачкой, пакуль ня вырашылі. Яны застаюцца ў Батумі. Нерухомасьці ў Грузіі ў Мялешак няма. Аднак сабраць усе рэчы і перавезьці ў Польшчу было б складана.
«Нам не паставілі дэпартацыю»
Мялешка ацэньвае сытуацыю як «дзіўную». «Нам жа не паставілі „дэпартацыю“, нам не паставілі пячатак у пашпарце, што мы прыяжджалі ў Грузію. Хочаце — можаце да нас прыяжджаць», — разважае суразмоўца.
На Андрэя і на дачку выдалі дзьве асобныя паперы, на якіх пазначылі, што ім забаранілі ўезд у Грузію зь «іншых прычын». Што хаваецца за фразай «іншыя прычыны», ім не патлумачылі. Каб даведацца дэталі справы, ім прапанавалі пісаць у Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі.
Спрабаваць ляцець празь іншы аэрапрот у Грузію Андрэй пакуль не плянуе, бо гэта надта вялікі стрэс. За рэйс, якім яны прымусова ляцелі ў Варшаву, Мялешкі не плацілі.
Андрэй думае, што яго маглі не ўпусьціць у Грузію перад парлямэнцкімі выбарамі ў краіне, якія адбудуцца сёлета ў кастрычніку. Ён адзначае, што ніколі не крытыкаваў грузінскіх уладаў. Праводзіў хутчэй культурную, чым палітычную дзейнасьць у Грузіі.
Як журналіст Мялешка асьвятляў акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю. Некалькі разоў ладзіў сустрэчы, каб напісаць лісты палітзьняволеным беларусам. Займаўся арганізацыяй канцэртаў, сустрэч зь вядомымі людзьмі, вёў гістарычны беларускі клюб, меў маленькую крамку, у якой гандляваў таварамі зь беларускай нацыянальнай сымболікай.
Беларускі журналіст расказаў, што цяпер ягонай сытуацыяй займаюцца чатыры грузінскія арганізацыі, зьвязаныя з праваабаронай.
«Хай займаюцца, я ня супраць. Яны на тэрыторыі той краіны, на якой са мной гэта ўсё адбылося. Я ў Польшчы. Нам пакуль трэба неяк даехаць да Беластоку і там плянаваць далейшае жыцьцё», — кажа Андрэй.
Радыё Свабода зьвярталася па камэнтар да Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі наконт сытуацыі з Андрэем Мялешкам і ягонай дачкой. У міністэрстве адмовілся камэнтаваць Свабодзе гэтую сытуацыю.
- 16 верасьня беларускага журналіста Андрэя Мялешку і ягоную 11-гадовую дачку не пусьцілі ў Грузію.
- Яны прыляцелі ў Кутаісі пасьля кароткай вандроўкі па Польшчы і Літве.
- Абаім паставілі забарону на ўезд у краіну і амаль праз 24 гадзіны выслалі назад у Варшаву.
- У паперах пра забарону пазначылі «іншыя прычыны». Што гэта значыць, невядома.
- Андрэй Мялешка пераехаў у Грузію пасьля перасьледу на радзіме. Пражыў там больш за тры гады. Займаўся журналісцкай і культурнай дзейнасьцю.
- У Грузіі цяпер застаюцца жонка і малодшая дачка Андрэя.