19-гадовага палітвязьня судзяць за «здраду дзяржаве»

Магілёўскі абласны суд. Архіўнае фота

Данілу Гарасіму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

16 верасьня Магілёўскі абласны суд у закрытым судовым пасяджэньні пачаў разгляд справы палітзьняволенага Данііла Гарасіма. Хлопцу інкрымінавалі ч. 1 арт. 361-3 КК («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях, вэрбаваньні або падрыхтоўцы асоб да такога ўдзелу»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеяньні ўдачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»), паведамляе «Вясна».

Працэс вядзе судзьдзя Ігар Зямцоў.

Данілу 19 гадоў. Згодна з прапагандысцкім фільмам АНТ, яго абвінавачвалі у «здрадзе дзяржаве» за тое, што ён фатаграфаваў вайсковыя аб’екты ў Асіповічах і спрабаваў перадаць «башмак» ініцыятыве «Супраціў». У фільме паказваюцца кадры пастаяннага сачэньня за ім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 2 верасьня: затрыманьні і суд за ўдзел у пратэстах 2020 году ў Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 верасьня: палітзьняволенаму футбольнаму фанату павялічылі тэрмін яшчэ на 1,5 года