«Зь першых дзён курскай апэрацыіі Сілы абароны Ўкраіны як цывілізаваная эўрапейская армія праявілі высокі прафэсіяналізм і поўнае выкананьне прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права. Цывільныя жыхары Курскай вобласьці атрымлівалі і атрымліваюць гуманітарную дапамогу», — адзначаецца ў апублікаванай 16 верасьня заяве МЗС Украіны.
Міністэрства замежных спраў Украіны накіравала ў ААН і ў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа адпаведныя ноты заклікам «далучыцца да захадаў гуманітарнага характару». Апроч таго, Кіеў выказаў зацікаўленасьць, каб міжнародныя арганізацыі правялі маніторынг выкананьня Ўкраінай прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права паводле Жэнэўскай канвэнцыі ад 1949 году пра абарону цывільнага насельніцтва ў часе вайны.
Украіна таксама абавязалася садзейнічаць супрацоўнікам ААН і Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Курскай вобласьці.
- Украіна пачала сваю апэрацыю ў Курскай вобласьці 6 жніўня. З 7 жніўня ў вобласьці абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага маштабу. З 9 жніўня ў рэгіёне і дзьвюх іншых сумежных з Украінай вобласьцях — Бранскай і Белгарадзкай — увялі рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі. З 15 жніўня рэжым надзвычайнай сытуацыі фэдэральнага ўзроўню абвясьцілі ў суседняй Белгарадзкай вобласьці.
- Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, на 22 жніўня ўкраінскія сілы ўзялі пад кантроль 93 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Паводле Зяленскага, адна з мэтаў украінскіх войскаў — стварэньне «буфэрнай зоны» на расейскай тэрыторыі.
- Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне вайсковых камэндатур і арганізацыю перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны» і пра магчымае стварэньне вайсковых камэндатур у паселішчах, якія кантралююць украінскія вайскоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі адрэагаваў на перамяшчэньне войскаў у Беларусі і наступ расейцаў у Курскай вобласьці