Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША заявіла, што расьсьледуе страляніну, якая адбылася 15 верасьня каля поля для гольфу ва Ўэст-Палм-Біч (штат Флорыда), дзе ў гэты момант знаходзіўся экс-прэзыдэнт, кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад рэспубліканцаў Дональд Трамп, як перадухіленую спробу замаху на палітыка, піша «Голас Амэрыкі».
Паведамляецца, што падазраванага затрымалі.
Шэраг СМІ, у тым ліку The Associated Press, The New York Times і Fox News Channel, ідэнтыфікавалі падазраванага як 58-гадовага Раяна Уэсьлі Рута (Ryan Wesley Routh) з Гаваяў, спасылаючыся на неназваных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Агенцтву Reuters не ўдалося праверыць гэтыя паведамленьні.
Матывы дзеяньняў падазраванага невядомыя. Паводле Associated Press, у 2020 годзе ён пісаў у сацыяльных сетках аб падтрымцы кандыдатуры Дональда Трампа, але ў апошні час быў прыхільнікам Джо Байдэна і Камалы Гарыс.
Спробу замаху на Трампа 15 верасьня папярэдзілі. Шэрыф акругі Палм-Біч Рык Брэдшоў расказаў, што стралок знаходзіўся на адлегласьці ад 270 да 450 мэтраў ад Трампа, калі яго заўважылі. Агенты Сакрэтнай службы адкрылі агонь, пасьля чаго падазраваны кінуў зброю і паспрабаваў уцячы. Крыніца паведаміла, што падазраваны сеў у аўтамабіль, аднак сьведкі здолелі заўважыць яго нумарны знак, які перадалі праваахоўнікам. Аўтамабіль спанілі, а падазраванага ўзялі пад варту. Як паведаміў шэрыф, разам з «аўтаматам тыпу АК-47» з аптычным прыцэлам на месцы здарэньня знайшлі два тактычныя заплечнікі з керамічнай пліткай усярэдзіне і відэакамэру GoPro.
Агент сакрэтнай службы адкрыў папераджальны агонь па кустах, што атачаюць поле для гольфа, заўважыўшы сярод зеляніны рулю аўтамата. Дональд Трамп у гэты момант гуляў у гольф прыблізна за чатырыста мэтраў. Пакуль невядома, ці пасьпеў падазраваны стрэліць. Ён паспрабаваў уцячы на аўтамабілі, але яго неўзабаве затрымалі дзякуючы сьведкам, якія зрабілі здымак машыны падазраванага. У кустах за рашэцістай агароджай, якая адлучае гольф-клюб ад шашы, знайшлі паўаўтаматычную вінтоўка са снайпэрскім прыцэлам, а таксама відэакамэру.
Пазьней крыніцы шэрагу амэрыканскіх СМІ ў праваахоўных органах пацьвердзілі, што расьсьледуюць інцыдэнт як магчымую спробу замаху на Дональда Трампа.
У электронным лісьце сваім прыхільнікам Трамп пацьвердзіў, што ён у бясьпецы, адчувае сябе добра і «ніколі ня здасца».
Суперніца Дональда Трампа ў барацьбе за прэзыдэнцтва, цяперашняя віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што «ў Амэрыцы няма месца гвалту». Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн даў указаньне выдзеліць усе неабходныя рэсурсы, каб гарантаваць бясьпеку Трампа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп у бясьпецы пасьля страляніны непадалёк ад ягонага поля для гольфу13 ліпеня Дональд Трамп быў лёгка паранены ў вуха ў выніку замаху на яго на перадвыбарным мітынгу ў Пэнсыльваніі. Па ім адкрыў агонь жыхар Пэнсыльваніі Томас Мэцью Крукс. Нападніка застрэлілі. Да гэтага ён пасьпеў забіць аднаго з наведнікаў мітынгу і параніць яшчэ некалькіх. Матывы гэтага нападу дасюль дакладна не вядомыя. Расьсьледаваньне інцыдэнту вядзе ФБР.
Гэты правал у ахове бясьпекі прывёў да адстаўкі кіраўніка Сакрэтнай службы і часовага адхіленьня прынамсі пяці агентаў падразьдзяленьня, якое адказвае за ахову вышэйшых службовых асобаў у ЗША.