Журналісты Associated Press у пачатку артыкула расказваюць гісторыю 15-гадовага беларуса Мікалая, які сёлета выявіў, што настаўнікі і адміністратары ягонай школы больш не называюць яго такім імем. Замест гэтага яны называюць яго Нікалаем, ужываючы расейскі эквівалент ягонага імя.
Больш за тое, заняткі ў яго школе — адной зь лепшых у краіне — цяпер вядуцца на расейскай мове, а не на беларускай, на якой ён размаўляў большую частку жыцьця. Горад і школу журналісты не называюць зь меркавантняў бясьпекі іх суразмоўцы, бацькі Мікалая.
«Такія беларусы, як Мікалай, перажываюць новую хвалю русыфікацыі, калі Масква пашырае сваё эканамічнае, палітычнае і культурнае панаваньне, каб пераняць ідэнтычнасьць свайго суседа»,— піша агенцтва і згадвае, як гэта рабілася раней, калі Расея пры царах і ў часы Савецкага Саюза навязвала Беларусі сваю мову, сымбалі і культурныя інстытуты.
«З распадам СССР у 1991 годзе краіна пачала сьцьвярджаць сваю ідэнтычнасьць, і беларуская мова ненадоўга стала дзяржаўнай мовай, а бел-чырвона-белы нацыянальны сьцяг замяніў вэрсію чырвонага сьцяга зь сярпом і молатам.
Але ўсё змянілася ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, які зрабіў расейскую мову дзяржаўнай, нароўні зь беларускай, і пазбавіўся нацыянальнай сымболікі.
Цяпер, калі Лукашэнка кіруе краінай больш за тры дзесяцігодзьдзі, ён дазволіў Расеі дамінаваць ва ўсіх аспэктах жыцьця ў Беларусі. Беларускую мову ўжо амаль не чуваць на вуліцах Менску і іншых буйных гарадоў.
Афіцыйнае справаводзтва ідзе на расейскай, якая дамінуе ў большасьці СМІ. Лукашэнка гаворыць толькі па-расейску, а чыноўнікі часта не карыстаюцца роднай мовай»,— піша АР.
Краіна залежыць ад расейскіх крэдытаў і танных энерганосьбітаў і стварыла палітычны і ваенны альянс з Масквой, што дазволіла прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну разьмясьціць войскі і ракеты на беларускай тэрыторыі, якая выкарыстоўвалася ў якасьці пляцдарма для вайны ва Ўкраіне»,— піша агенцтва.
«Я разумею, што наша Беларусь акупаваная... А хто там прэзыдэнт? Не Лукашэнка. Прэзыдэнт — гэта Пуцін», — сказала агенцтву Сьвятлана Алексіевіч, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 2015 года, якая жыве ў Нямеччыне ў фактычнай эміграцыі:
«Нацыя прыніжаная, і беларусам будзе вельмі цяжка ад гэтага акрыяць»,— дадала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі даклад, як расейцы ўціскаюць украінскую мову і зьмяняюць навучальныя праграмы на акупаваных тэрыторыяхАгенцтва нагадвае, што дзеячы беларускай культуры падвяргаліся перасьледу, былі закрытыя сотні нацыянальных арганізацый, і дадае, што экспэрты кажуць, што Масква імкнецца рэалізаваць у Беларусі тое, што Крэмль меў намер зрабіць у суседняй Украіне, калі там пачалася вайна ў 2022 годзе.
«Відавочна, што нашых дзяцей сьвядома пазбаўляюць роднай мовы, гісторыі і беларускай ідэнтычнасьці, але бацькам настойліва рэкамэндавалі не задаваць пытаньняў пра русыфікацыю», — сказаў бацька Мікалая Анатоль.
Анатоль размаўляў з Associated Press пры ўмове не выкарыстоўваць яго прозвішча, баючыся расплаты.
«Нам паведамілі аб сынхранізацыі навучальных праграм з Расеяй у гэтым годзе і паказалі прапагандысцкі фільм пра тое, як украінскія спэцслужбы нібыта вярбуюць нашых падлеткаў і прымушаюць іх здзяйсьняць дывэрсіі ў Беларусі», — распавёў ён.
Школа Мікалая была адной зь нямногіх, дзе справаводства і некаторыя ўрокі вяліся па-беларуску. Аднак за апошнія гады дзясяткі настаўнікаў былі звольненыя, а беларускамоўны раздзел сайта школы зьнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё пад чужой уладай. Што хавае за сабой культ Вялікай ПерамогіПраваабаронца Алесь Бяляцкі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, асуджаны ў 2023 годзе, патрабаваў, каб суд над ім вёўся па-беларуску. Суд гэта адхіліў і асудзіў яго на 10 гадоў, нагадвае АР.
Агенцтва згадвае, як Лукашэнка «высьмейваў родную мову», казаў, што маўляў, «па-беларуску нічога вялікага нельга выказаць, што ў сьвеце толькі дзве вялікія мовы: расейская і ангельская».
«Нават размова па-беларуску разглядаецца як дэманстрацыя апазыцыі Лукашэнку і дэклярацыя нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта адыграла ключавую ролю ў масавых пратэстах пасьля спрэчных выбараў 2020 года, якія далі аўтарытарнаму лідэру шосты тэрмін. У выніку жорсткіх рэпрэсій паўмільёна чалавек пакінулі краіну»,— піша агенцтва.
«Беларуская мова ўсё больш успрымаецца як прыкмета палітычнай неляяльнасьці і ад яе адмаўляюцца на карысць расейскай у дзяржаўным кіраваньні, адукацыі, культуры і сродках масавай інфармацыі па загадзе герархіі або з-за страху дыскрымінацыі», — сказала АР Анаіс Марэн, спэцдакладчыца ААН па правах чалавека ў Беларусі.
У той жа час «усё больш людзей хоча размаўляць на беларускай мове, якая стала адным з сымбаляў свабоды, але яны баяцца рабіць гэта публічна», — лічыць аўтарка кнігі пра беларускую мову «Мова 404» Аліна Нагорная, якая сама адчула дыскрымінацыю за тое, што размаўляла на роднай мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды заводзіць русыфікацыя. У беларускай Беларусі цяперашні палітычны тэрор быў бы немагчымы. Блог Сяргея ДубаўцаЯк і ва Ўкраіне, у беларусаў было імкненьне да збліжэньня з Эўропай, якое суправаджалася іх нацыянальнымі настроямі, лічыць беларускі аналітык Валер Карбалевіч.
«Але Крэмль хутка ўсвядоміў небясьпеку і пачаў працэс паўзучай русыфікацыі ў Беларусі», — дадаў ён.
Гэта падштурхнула прарасейскія арганізацыі, сумесныя адукацыйныя праграмы і культурныя праекты, якія ўзнікалі «як грыбы пасля дажджу — на фоне жорсткіх рэпрэсій супраць усяго беларускага», сказаў Карбалевіч.
Цэнзура і забароны закранаюць ня толькі сучасную беларускую літаратуру, але і яе класіку. У 2023 годзе пракуратура прызнала экстрэмісцкімі вершы ХІХ стагодзьдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які выступаў супраць Расейскай імпэрыі.
Калі ў 2020 годзе Крэмль пачаў падтрымліваць Лукашэнку супраць пратэстаў, той забясьпечыў Крамлю ляяльнасць і атрымаў карт-блянш у Беларусі.
«Сёння Лукашэнка расплачваецца Пуціну нашым сувэрэнітэтам», — заявіла АР Сьвятлана Ціханоўская:
«Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць, культура і мова — наша самая моцная зброя супраць „рускага сьвету“ і русыфікацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Другога шанцу ні Ўкраіне, ні Беларусі Пуцін не пакіне. Што чакае акупаваныя тэрыторыі, калі Кіеву ня ўдасца іх адбіцьЧатыры гарады Беларусі цяпер прымаюць «Расейскія дамы» для прасоўвання сваёй культуры і ўплыву, прапаноўваючы сэмінары, кінаклюбы, выставы і конкурсы.
«Мэта — насаджэньне расейскіх наратываў, каб як мага больш беларусаў лічылі расейскую мову сваёй», — лічыць аналітык Аляксандр Фрыдман.
«Крэмль не шкадуе сродкаў і дзейнічае маштабна, што можа быць асабліва эфэктыўна і небясьпечна ў сытуацыі, калі Беларусь апынулася ў інфармацыйнай ізаляцыі, а супрацьстаяць „рускаму сьвету“ ўнутры краіны практычна не засталося каму».
Амаль уся трупа найстарэйшага ў краіне тэатра імя Янкі Купалы ўцякла зь Беларусі на фоне палітычных рэпрэсій. Яго былы дырэктар Павал Латушка, цяпер апазыцыянэр за мяжой, кажа, што новае кіраўніцтва ня можа набраць актораў і мусіла запрашаць расейцаў, «але высьветлілася, што ніхто ня ведае беларускай мовы».
«Пуцін апублікаваў артыкул, у якім адмаўляў існаваньне незалежнай Украіны, яшчэ ў 2021 годзе, і ўжо тады мы выдатна разумелі, што падобныя мэты ён перасьледуе ў Беларусі», — сказаў Латушка.
«Асноўнай стравай павінна была быць Украіна», — дадаў ён, з русыфікаванай Беларуссю «на дэсэрт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вечных межаў не бывае, але...» Чым скончацца для Пуціна ягоныя тэрытарыяльныя заваёвы ва Ўкраіне