У Менск замест Вільні. Расказваем, калі ваш самалёт можа сесьці ня там, дзе вы плянавалі

Ілюстрацыйнае фота. Самалёт авіякампаніі Ryanair пасьля прымусовай пасадкі ў Менску ў траўні 2021 году

Самалёт, які не ляціць у Беларусь, можа там сесьці нават пасьля «кейса Пратасевіча». Якія форс-мажоры здараюцца, куды могуць пасадзіць борт, хто прымае рашэньне і як выбраць бясьпечны рэйс, — у публікацыі Свабоды.

Дыспэтчары перадаюць самалёт з рук у рукі

Расейскі авіяэкспэрт Аляксей* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) пагаварыў са Свабодай на ўмовах ананімнасьці пра тое, пры якіх умовах могуць пасадзіць самалёт ня там, дзе плянавалі, і як выглядае гэты мэханізм. Любы пасажырскі самалёт, які вылятае з аднаго аэрадрома на іншы, мае плян палёту.

«Плян палёту — гэта пасьлядоўнасьць навігацыйных пунктаў. Паветраныя калідоры ідуць ад пункту да пункту. Твой плян палёту — гэта пасьлядоўнасьць паветраных калідораў і вышыня палёту», — тлумачыць суразмоўца.

Самалёт увесь час пераходзіць з адной зоны адказнасьці ў іншую. У кожнай краіне ёсьць дыспэтчарскія службы, якія адказваюць за сваю паветраную прастору і за тое, каб правесьці самалёт празь яе. Авіякампанія за праход праз паветраную прастору кожнай краіны плаціць грошы.

«На момант вылету самалёта ва ўсіх дыспэтчарскіх пунктах усіх краін, празь якія самалёт будзе пралятаць, плян палёту ёсьць. Самалёт ня проста ляціць, і ўсё. Дыспэтчарскія службы, якія яго прымуць на суправаджэньне праз гадзіну, дзьве, пяць, перагаворваюцца паміж сабой, чакаюць яго. Пры падыходзе ў паветраную прастору яны яго бачаць», — кажа экспэрт.

Калі самалёт заходзіць у нацыянальную зону новага дыспэтчарскага рэгіёна, дыспэтчар вітае яго, усталёўвае сувязь, пацьвярджае ўсе неабходныя парамэтры — у тым ліку кірунак. Дыспэтчар кантралюе, каб самалёт быў у патрэбным паветраным калідоры, ішоў на патрэбнай хуткасьці і на патрэбнай вышыні. Менавіта дыспэтчар вызначае суседнія самалёты, сочыць, каб не было сутыкненьняў, — тлумачыць суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самалёт AirBaltic нечакана заляцеў у паветраную прастору Беларусі насуперак санкцыям. Што адбылося


Калі краіна вялікая, то такіх палётных рэгіёнаў і, адпаведна, дыспэтчарскіх службаў можа быць некалькі. Самалёт ляціць над адной краінай, а яго перадаюць адна адной суседнія службы. Калі самалёт падыходзіць да нацыянальнай мяжы, то дыспэтчар адной краіны перадае яго дыспэтчару другой.

На нечаканую пасадку ідуць, калі ёсьць пагроза жыцьцю

Самалёт «Белавія» ў Нацыянальным аэрапорце «Менск». Ілюстрацыйнае фота

Пасадзіць самалёт нечакана могуць, калі на борце ўзьнікае няштатная сытуацыя, якая можа прывесьці да крушэньня самалёта або сьмерці чалавека. Прыкладам, спыніўся рухавік ці абодва рухавікі; пажар на борце; іншая непаладка; самалёт трапіў у паветраную яму, якую нельга прадказаць загадзя; пасажыру на борце стала блага, здарыўся інфаркт; пачаліся роды; спроба захопу самалёта тэрарыстамі, — расказвае авіяэкспэрт.

У такім выпадку рашэньне тэрмінова садзіцца прымае камандзір лайнэра. Ён дасылае праз радыётэлефонную сувязь дыспэтчару зоны, над якой цяпер ляціць, каманду «mayday» («мэй-дэй»). Гэта сыгнал бедзтва, аналягічны сыгналу SOS.

«Гэта ахавая сытуацыя на борце, якая вядзе да авіякатастрофы. Mayday — гэта сур’ёзна. Гэта значыць, што дыспэтчар павінен цалкам вызваліць зону ад усіх іншых самалётаў і займацца толькі гэтым бортам», — кажа Аляксей.

У вайсковай авіяцыі наадварот — канчатковае рашэньне прымае дыспэтчар на зямлі, а не пілёт.

Усе аэрапорты на шляху — для патэнцыйнай аварыйнай пасадкі

Маршрут лайнэра Ryanair, у якім ляцелі Сафія Сапега і Раман Пратасевіч

Калі экіпаж просіць пасадкі, дыспэтчар дае яму аэрапорт або прапануе некалькі на выбар. Дыспэтчар ацэньвае і магчымасьці самалёта, і тое, які з бліжэйшых аэрапортаў больш прыдатны, каб прыняць цяпер дадатковае судна, наколькі ён загружаны. Прыкладам, калі глухне адзін рухавік, у кожнага самалёта ёсьць нарматыў, колькі ён можа праляцець на астатнім рухавіку: гадзіну, паўтары ці дзьве.

«Дыспэтчар ведае гэтую сытуацыю. Ён ведае, які самалёт, які тып, які ў яго запас. Таму дыспэтчар мае знайсьці аэрапорт для пасадкі гарантавана ўнутры гэтай зоны», — тлумачыць Аляксей.

На аэрадроме ўжо будуць чакаць неабходныя службы: мэдычныя, пажарныя.

Фактычна ўсе аэрапорты на шляху кожнага рэйса — гэта патэнцыйныя аэрапорты для аварыйнай пасадкі. Каб прызямліцца ў выпадку надзвычайнай сытуацыі, непатрэбныя папярэднія дамоўленасьці аб партнэрстве. Дастаткова таго, што дыспэтчар дасьць дазвол сядаць.

Запасныя аэрапорты

Нацыянальны аэрапорт «Менск», архіўнае фота

Ёсьць таксама паняцьце «запасных аэрапортаў». Яны прыпісаныя да канкрэтнага рэйса і знаходзяцца побач з аэрапортам прызначэньня. Іх прапісваюць у пляне палёту. Запасныя аэрапорты прадугледжваюць на выпадак, калі там, куды кіруецца рэйс, самалёт ня зможа сесьці праз умовы надвор’я або іншы форс-мажор. Пра запасныя аэрапорты камандзір лайнэра ведае перад вылетам. Пры аварыйнай сытуацыі ён ня мусіць ляцець у запасны аэрапорт, калі той далёка.

У кожнага самалёта ёсьць авіянавігацыйны запас — гэта дадатковае паліва, якое можа прыдацца ў няштатнай сытуацыі. Яго хапае прыкладна на 20–30 дадатковых хвілін палёту.

«Прыкладам, самалёт ляціць зь Менску ў Токіё. Гэта 8–10 гадзін пералёту. Лётчык перад вылетам ведае, што ягоны пункт прызначэньня — Токіё. Але калі раптам, пакуль ён будзе ў паветры, наляціць шквальны вецер, цунамі, або чамусьці пасадачная паласа ў Токіё занятая, у пілёта ёсьць запасныя аэрапорты за 20–30 хвілін палёту ад Токіё», — тлумачыць суразмоўца.

Звычайна прагноз надвор’я пілёты ведаюць загадзя. Ён даволі дакладны. Актуальныя ўмовы надвор’я яны атрымліваюць дадаткова падчас палёту. Але ўсё адно здараюцца нечаканыя сытуацыі, адзначае Аляксей.

Фронт навальніцы самалёты звычайна абмінаюць. Сама па сабе навальніца — не катастрофа. Але яна можа выклікаць збоі ў працы абсталяваньня, хоць яно збольшага і забясьпечанае ад узьдзеяньня навальніцы. Да таго ж зона навальніцы — гэта зона вялікай турбулентнасьці, самалёт кідае і ў бакі, і зьнізу ўверх. Пасажыраў моцна штурхае, яны могуць атрымаць траўмы, дадае ён.

«Кейс Пратасевіча можа паўтарыцца»

Беларускія актывісты сустракаюць самалёт Ryanair, які прызямліўся ў віленскім аэрапорце без Рамана Пратасевіча і Соф’і Сапегі, травень 2021 году

Аляксей не выключае, што «кейс Пратасевіча», калі самалёт Ryanair пасадзілі прымусова на тэрыторыі Беларусі, можа паўтарыцца. Ён мяркуе, што гэта выключны выпадак, бо раней такога не было. Але калі такое паўторыцца, то ўжо можа стаць практыкай.

Як тлумачыць авіяэкспэрт, зрэдку такое здараецца, што самалёт залятае ў чужую авіяцыйную прастору — можа зьбіўся з курса, можа кепска спрацавала навігацыйная сыстэма, можа паўплывала хмарнасьць або іншыя мэтэаўмовы. Калі сувязі з гэтым самалётам няма, тады ў паветра падымаюць зьнішчальнікі гэтай тэрыторыі.

«Ёсьць спэцыяльная сыстэма камандаў, калі няма радыёсувязі зь лётчыкам. Зьнішчальнік павінен правесьці нейкія маніпуляцыі, груба кажучы, пагойдваньне крыламі, па якіх парушальнік разумее, што яму трэба кіравацца цяпер за гэтым зьнішчальнікам, інакш яго саб’юць», — тлумачыць экспэрт.

Суразмоўца прыгадаў два выпадкі, калі пасажырскія самалёты незаплянавана парушалі паветраную прастору СССР.

У Карэліі ў 1978 годзе вымусілі прызямліцца пасажырскі Boeing 707, які ляцеў маршрутам Парыж — Сэул, значна адхіліўся ад курсу і зайшоў на тэрыторыю СССР. Яго абстралялі з паветра і вымусілі сесьці на лёд возера. Праз абстрэл загінулі два пасажыры.

Над Сахалінам у 1983 годзе зьбілі паўднёвакарэйскі Boeing 747, які ляцеў зь Нью-Ёрку ў Сэул і зьбіўся з курсу. На борце было 269 пасажыраў і членаў экіпажу.

«Менск або Віцебск могуць аказацца бліжэйшым аэрадромам»

Лайнэры Turkish Airlines пасьля траўня 2021 году абмінаюць Беларусь, але лётаюць зь Вільні ў Стамбул побач зь яе межамі

Суразмоўца параіў беларусам, якім пагражае палітычны перасьлед у Беларусі, не лятаць беларускімі і расейскімі авіякампаніямі, а таксама не лятаць самалётамі, якія праходзяць над тэрыторыяй Беларусі або блізка ад мяжы зь Беларусьсю.

«Заўсёды з прычыны нейкіх складанасьцяў могуць узьнікнуць сытуацыі, калі Менск або Віцебск акажуцца бліжэйшым аэрадромам. На борце можа здарыцца разгермэтызацыя. Значыць, патрэбнае рэзкае зьніжэньне і пасадка. У людзей сур’ёзная баратраўма (пашкоджаньне ўнутраных органаў праз моцны перапад ціску. — РС). Або ў чалавека інфаркт, і дадатковыя 15 хвілін палёту могуць каштаваць чалавеку жыцьця», — кажа суразмоўца.

Ён тлумачыць, што тады трэба сядаць тэрмінова. У такой сытуацыі пілёт запытвае бліжэйшы аэрапорт. На ягоную думку, Беларусь наўрад ці адмовіць у пасадцы нечаканаму самалёту.

«У лётчыка можа ўзьнікнуць пытаньне ратаваньня жыцьцяў на борце. І тут ужо не да палітыкі. Я думаю, лётчык мае права прыняць рашэньне садзіцца там, дзе садзіцца», — кажа Аляксей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт зноў абвінаваціў Латвію ў парушэньні паветранай прасторы Беларусі. Латвія абвяргае


Суразмоўца прыгадаў, што калі атруцілі Аляксея Навальнага, яму пасьпелі ўратаваць жыцьцё, бо пілёт зразумеў, што ёсьць пагроза жыцьцю, і адразу ж пасадзіў самалёт у Омску, а мясцовыя мэдыкі хуткай пасьпелі аказаць неабходную першую дапамогу.

Аляксей ня ведае, каб пасьля «кейса Пратасевіча» або пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне былі зьмены ў правілах палётаў, акрамя таго, што большасьць авіякампаній цяпер аблятае тэрыторыю Беларусі.

Але ён адзначыў, што зьмены адбыліся пасьля таго, як у 2014 годзе над Данбасам зьбілі малайзійскі Boeing 777, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. Тады загінулі 298 чалавек.

Перад гэтым палёты над любымі зонамі баявых дзеяньняў не былі ніяк рэглямэнтаваныя ні авіякампаніямі, ні Арганізацыяй міжнародных грамадзянскіх авіяпалётаў ICAO. Раней краіна, дзе адбываліся баявыя дзеяньні, не закрывала неба для грамадзянскай авіяцыі. Пасьля катастрофы з малайзійскім самалётам ICAO распрацавала правілы і рэкамэндацыі па міжнародных палётах над зонай баявых дзеяньняў. Сярод іншага яна раіць не лятаць над небясьпечнымі тэрыторыямі.

За межы Эўразьвязу і NATO лепш не вылятаць

Пасьля інцыдэнту 23 траўня 2021 году большасьць заходніх авіякампаній адмовіліся ад выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы. Тут застаюцца лайнэры расейскіх, а таксама кітайскіх, індыйскіх і некаторых іншых азіяцкіх авіякампаній.

Кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык, які дапамагае рэпрэсаваным беларусам, расказаў Свабодзе пра правілы бясьпекі пры палётах.

Калі чалавеку пагражае перасьлед у Беларусі і ён лічыць, што на яго завялі крымінальную справу, то за межы Эўразьвязу і NATO лепш не выяжджаць, раіць Лявончык.

«Збольшага людзі, якія выехалі праз палітыку, могуць езьдзіць па ўсім сьвеце, але ніколі ня ведаеш, куды чалавек трапіў у вышук. Гарантыя бясьпекі ў вас будзе амаль 100% у ЭЗ і NATO зь нюансам Турэччыны. Але я яшчэ ня чуў, каб Турэччына кагосьці выдавала. Думаю, што туды можна лятаць, але невядома, калі ім нешта ў галаву стрэльне», — кажа суразмоўца.

Калі чалавек знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола, то выяжджаць за межы ЭЗ кіраўнік ByHelp не рэкамэндуе.

«Бо інтэрполаўскі загад улады будуць аўтаматычна выконваць. На любым памежным пераходзе вас перахопяць. А потым будуць разьбірацца, як у справе Гнёта», — кажа ён.

На думку экспэрта, нельга лятаць ні ў якую краіну СНД, бо ў іх супольная база вышуку.

«Гэта ўвесь былы СССР, апрача трох краін Балтыі і Грузіі. Але тут ёсьць два пазытыўныя выняткі. Армэнія пакуль што яшчэ выконвае, як бачылі на прыкладах, запыты на вышук, але фармальна яны потым судом адхіляюцца цягам пары дзён. Я ня раю ехаць у Армэнію ўсё адно», — тлумачыць Лявончык.

Яшчэ адна краіна-вынятак — Малдова. Яна ўдзельнічае ў вышуку па агульнай базе СНД. Але гэтую базу вядуць на кірыліцы, якой у Малдове не карыстаюцца, таму фактычна яна ня ўдзельнічае ў базе вышуку СНД, тлумачыць суразмоўца.

«У Малдову ў прынцыпе езьдзіць можна. Але варта глядзець на ўнутраную палітыку. Што ў Грузіі, якая ня ўдзельнічае ў супольнай базе вышуку, што ў Малдове, якая ўдзельнічае фармальна, але фактычна — не, — дастаткова хаатычная палітыка. Пакуль я ня чуў, каб беларусаў выдалі з Грузіі, Малдовы, Турэччыны, Армэніі», — працягвае экспэрт.

ААЭ, Эгіпет, Тайлянд, Кітай

Аэрапорт у Дубаі, ілюстрацыйнае фота

Калі чалавека няма ў базе Інтэрполу, то, на думку Аляксея Лявончыка, можна лятаць па сьвеце, акрамя краінаў, якія падпісалі зь Беларусьсю дамову аб супрацы паміж спэцслужбамі. Гэта, прыкладам, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

«Пакуль гэтая дамова не выкарыстоўвалася, але яна ёсьць. Ня ведаю, як яна будзе выкарыстоўвацца ў будучыні. Гэта вельмі дзіўная краіна», — дадае суразмоўца.

Лявончык расказаў пра папулярныя для адпачынку краіны. Ён адзначыў, што Эгіпет яшчэ не выдаваў беларусаў Беларусі, калі толькі чалавек не знаходзіўся ў вышуку. Аднак ён усё адно ня раіць туды ехаць.

«Тайлянд, калі будзе на вас спэцыфічны запыт, з вамі зробіць тое самае, што зрабіў з „Бі-2“. Кітай — саюзьнік Беларусі. Туды ня варта ехаць. Калі на вас будзе спэцыфічны запыт, Кітай вас выдасьць Беларусі», — дадаў ён.

Аляксей Лявончык расказаў, што, паводле сэрвісу міжнародных палётаў Flightradar, з пачатку году пяць самалётаў, якія ляцелі зь Вільні, заходзілі на тэрыторыю Беларусі на некалькі хвілін, каб абысьці фронт навальніцы. У іх праз гэта не было праблемаў. Як расказваў раней Свабодзе авіяэкспэрт, такая сытуацыя можа стаць нагодай, каб падняць у паветра зьнішчальнікі і прымусіць пасажырскі самалёт сесьці.

Лявончык мяркуе, што пілёт ня будзе саджаць самалёт у Беларусі, калі яму прыйдзецца пралятаць побач, нават у надзвычайнай сытуацыі.

«Рэйсы, якія ляцяць у Вільню, праходзяць блізка ад беларускай тэрыторыі. Але ў Беларусі сядаць, па-першае, забаронена, па-другое, побач ёсьць шмат іншых аэрапортаў: Коўна, Ольштын, Палянга», — кажа ён.

Пры гэтым Лявончык дадаў, што турэцкія авіякампаніі менш асьцерагаюцца санкцый праз парушэньне паветранай прасторы Беларусі. У некаторых рэйсах турэцкіх авіяліній, якія ляцяць са Стамбула ў Вільню, запасным аэрапортам пазначаюць Менск.

«Прымяняць правіла здаровага глузду»

Аэрапорт Вільні. Большасьць самалётаў, якія вылятаюць адсюль у Польшчу, Нямеччыну і іншыя краіны паўднёвай, цэнтральнай і заходняй Эўропы, могуць апынуцца ў паветранай прасторы Беларусі

Мэдыяэкспэртка Марыя Садоўская-Камлач, якая часта лятае самалётамі, падзялілася са Свабодай парадамі, як выбіраць авіярэйсы тым беларусам, якіх могуць перасьледаваць за палітыку на радзіме.

«Варта прымяняць да сваёй сытуацыі правіла здаровага глузду. Калі вы ня ў нейкіх базах вышуку, калі ня ведаеце пра тое, каб супраць вас вялася крымінальная або нейкая яшчэ справа, і лічыце такія справы малаімавернымі, то езьдзіць і лятаць можна, канечне ж, усюды», — мяркуе суразмоўца.

Калі ж у чалавека ўзьнікаюць падазрэньні, што яго могуць перасьледаваць за ўдзелы ў пратэстах, пратэставых чатах, прафэсійную дзейнасьць, то, на думку Садоўскай-Камлач, варта мінімізаваць выезды за межы краіны, у якой знаходзіцца чалавек.

«Калі вы жывяце ў краіне шэнгенскай прасторы — мінімізаваць вылеты за межы Шэнгена. Найчасьцей на ўнутраных рэйсах зьвяраюць імя і прозьвішча з дакумэнтам, часам — наяўнасьць візы, але не прабіваюць імя па нейкіх адмысловых базах», — камэнтуе суразмоўца.

Любы вылет з пашпартным кантролем можа несьці пэўную рызыку, нават калі ён адбываецца ў прыязную краіну — Вялікую Брытанію, ЗША або Канаду. Менавіта там беларуса могуць затрымаць празь міжнародны вышук. На гэты выпадак трэба мець пад рукой тэлефон з роўмінгам і кантакты праваабарончых арганізацый, адвакатаў, якія ведаюць пра магчымае затрыманьне загадзя і здымуць трубку, раіць Марыя Садоўская-Камлач.

Асаблівую ўвагу яна рэкамэндуе зьвяртаць на рэйсы, якія маюць шанец пазаплянава прызямліцца ў Беларусі.

«Хоць кейс з Пратасевічам шырока вядомы, гэта яшчэ не азначае, што ў выпадку няштатнай сытуацыі самалёт не прызямліцца на тэрыторыі Беларусі, калі ягоны маршрут пралягае блізка... Апошнім часам да пагроз дадаліся перашкоды ў працы GPS, якія могуць прывесьці да немагчымасьці прызямліцца там, дзе плянавалі», — камэнтуе суразмоўца.

Яна раіць тым, хто ляціць кудысьці зь Літвы, загадзя спраўдзіць у аплікацыі FlightRadar ці на падобных ёй рэсурсах трасу магчымага палёту гэтага рэйса.

«Магчыма, бясьпечней паехаць аўтобусам у Варшаву і вылецець адтуль», — кажа яна.

Суразмоўца адзначае, што пасадка самалёта з выдуманых прычын — гэта вельмі рэдкая зьява, якая патрабуе каардынацыі дзейнасьці шматлікіх спэцслужбаў і ўдзелу кантралёраў авіятрафіку.

«Таму, калі нават ваш самалёт праляціць над Беларусьсю дзьве хвіліны, гэта яшчэ не нагода губляць сон і заракацца некуды ляцець», — кажа яна.

На думку суразмоўцы, загадзя дасылаць запыт аэрапортам пра тое, дзе можа адбыцца нечаканая пасадка, ня мае сэнсу.

«Паводле ўнутраных мэтадычак, шмат у якіх сытуацыях дзейнічае правіла „прызямліся як мага хутчэй“. Таму асабіста я ня спраўджваю сьпісы запасных аэрапортаў — гэта крыху як гуляцца ў рулетку. Важней карыстацца здаровым глуздам, сачыць за навінамі і кожны раз узважваць, ці вартая рызыка пашпартнага кантролю тых пераваг, якія вы атрымаеце ад вашага пералёту», — кажа Марыя Садоўская-Камлач.