10 лютага каля 12.20 зафіксаваны чарговы факт парушэньня дзяржаўнай мяжы Беларусі, заявіў Памежны камітэт Беларусі.
Як сьцьвярджае ведамства, латвійскі верталёт Agusta Westland заляцеў на беларускую тэрыторыю ў раёне населенага пункту Думарышкі Браслаўскага раёну на глыбіню да 400 мэтраў і вярнуўся назад у Латвію.
«Падобныя інцыдэнты пачасьціліся ў апошні час і могуць расцэньвацца як правакацыйныя дзеяньні сумежных краін з мэтай стварэньня напружанасьці на мяжы», — заяўляе ведамства і дадае, што гэта «ўжо чацьвёрты выпадак за апошнія тры месяцы».
Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі назвала неадпаведнай рэчаіснасьці заяву беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэту аб парушэньні беларускай мяжы латвійскім верталётам.
«Хоць палёт сапраўды меў месца, Дзяржаўная памежная ахова не зафіксавала парушэньня мяжы», — гаворыцца ў паведамленьні МУС Латвіі ў Twitter. У якасьці доказу міністэрства апублікавала трэк, на якім бачна месцазнаходжаньне паветранага судна ва ўказаны беларускім бокам час.
8 лютага Памежны камітэт Беларусі заявіў, што латвійскі самалёт АН-2 парушыў мяжу, заляцеўшы на 300 мэтраў на беларускую тэрыторыю. Латвія абвергла факт парушэньня беларускай мяжы самалётам, у якасьці доказу апублікаваўшы яго GPS-трэк.
24 студзеня Памежны камітэт Беларусі заявіў пра парушэньне мяжы ўкраінскім бесьпілётным апаратам у Маларыцкім раёне. З гэтай нагоды ў МЗС Беларусі выклікалі амбасадара Ўкраіны і заявілі яму «рашучы пратэст». МЗС Украіны назвала заяву ўладаў Беларусі наконт бесьпілётнага лятальнага апарата «правакацыяй» і заклікала Менск «не падыгрываць дэстабілізацыйным дзеяньням Расеі».