Пра гэта Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня на сустрэчы з сакратаром Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану Алі Акбарам Ахмадыянам, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
«Ваш візыт важны яшчэ і таму, што воляю лёсу, можа, як вы кажаце, ад Алаха гэта ўсё ідзе, мы апынуліся ў адной лодцы і абсалютна не шкадуем пра гэта, — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба. — Нас спрабуюць абылгаць у сродках масавай інфармацыі. Мы гэта разумеем, мы людзі вопытныя — ідзе інфармацыйнае супрацьстаяньне. Можа, нават з элемэнтамі інфармацыйных войнаў. Тым ня менш мы і санкцыі, і іншы ціск пакуль вытрымліваем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі прымае дэлегацыю з Ірану. Гэта ўжо трэцяя сустрэча абаронных ведамстваў за 2 тыдніПаводле слоў Лукашэнкі, Беларусь і іншыя дзяржавы рухаюцца да шматпалярнага сьвету: «Гэта будзе вельмі няпросты шлях. І, на наша шчасьце, і ў Іране, і ў іншых краінах гэта добра разумеюць». Як лічыць Лукашэнка, вельмі сур’ёзна набіраюць абароты «такія новыя арганізацыі», як BRICS (заснаваная ў 2006 годзе) і Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (2001).
Ён перадаў запрашэньне новаму прэзыдэнту Ірану Масуду Пезешкіяну наведаць Беларусь. Лукашэнка назваў Беларусь «надзейным партнэрам» Ірану, а вярхоўнага лідэра гэтай краіны Алі Хаменеі — «вельмі даўнім сябрам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіў у Іране камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА БеларусіСёньня ж з сакратаром Вышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану Ахмадыянам сустрэўся дзяржсакратар Рады бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч.
«Іран прапанаваў стварыць антысанкцыйную кааліцыю. Размова ідзе аб краінах, якія будуць аб’ядноўвацца і прыкладаць намаганьні ў мэтах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і паляпшэньня дабрабыту грамадзян. І, вядома, накіраваную на прапрацоўваньне пытаньняў у сфэры бясьпекі. Намі падтрыманыя ўсе крокі», — сказаў Вальфовіч падчас перамоваў з іранскім калегам.
Апошнім часам Беларусь і Іран істотна інтэнсыфікавалі кантакты ў вайсковай і вайскова-тэхнічнай сфэрах.