Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіў у Іране камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі


Падчас візыту беларускай дэлегацыі ў Іран. Фота прэс-службы Мінабароы Беларусі
Падчас візыту беларускай дэлегацыі ў Іран. Фота прэс-службы Мінабароы Беларусі

Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч знаходзіцца зь візытам у Іране. 7 жніўня ён сустрэўся з з галоўнакамандуючым Арміяй Ірану генэрал-маёрам Абдулрахімам Мусаві і камандуючым ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахедзі, паведамляе Мінабароны Беларусі.

Мінабароны Беларусі паведаміла пра вынікі візыту сьціпла:

«У ходзе візыту бакі абмеркавалі пытаньні двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва і намецілі шляхі яго далейшага разьвіцьця. Таксама беларуская дэлегацыя наведала аб’екты вайсковай інфраструктуры і ўнівэрсітэт авіяцыйнай тэхнікі і навукі Вайскова-паветраных сіл», — гаворыцца ў паведамленьні.

Беларускія дзяржаўныя СМІ пра вынікі сустрэчы не паведамлялі.

Іранскае інфармацыйнае агенцтва Mehr у сваю чаргу паведамляе, што падчас візыту камандуючы ВПС Ірану Хамід Вахедзі заявіў, што ў Беларусі і Ірану ёсьць «высокі патэнцыял для ўзаемадзеяньня», а пасьля абвінаваціў ЗША і ўлады Ізраілю ў «іх палітыцы распальваньня вайны» і ва «ўсіх бедзтвах і катастрофах», зь якімі сутыкаецца рэгіён.

Паводле Вахедзі, ужо памерлы заснавальнік Ісламскай рэвалюцыі імам Рухала Хамейні «назваў ЗША галоўнай прычынай карупцыі і Вялікім Сатаной, які імкнецца да войнаў, канфліктаў і супрацьстаіць незалежнасьці і самастойнасьці краін». Таксама кіраўнік ВПС Ірану адзначыў, што, на яго думку, «ізраільскі рэжым блізкі да канца».

«Гісторыя паказвае, што той, хто кіруе з дапамогай прыгнёту, не застанецца ва ўладзе і будзе зьнішчаны як мага хутчэй», — заявіў камандуючы ВПС Ірану.

Падчас сустрэчы зь беларускім калегам Вахедзі падкрэсьліў, што ВПС Ірану гатовыя «разьвіваць узаемныя абаронныя і ваенныя адносіны і дзяліцца досьведам з дружалюбнымі краінамі ў галіне вытворчасьці ваеннай тэхнікі». Паводле іранцкага агенцтва Mehr, камандуючы ВПС Беларусі Андрэй Лук’яновіч падкрэсьліў, што Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці адносінаў з Іранам «у абароннай і вайсковай сфэрах».

Падчас візыту Лук’яновіч таксама сустрэўся з галоўнакамандуючым іранскім войскам генэрал-маёрам Абдулрахімам Мусаві. Як паведамляе іранскае выданьне Tasnim, Мусаві падчас сустрэчы заявіў, што Іран і Беларусь «маюць агульныя пагрозы і інтарэсы», ацаніў «незалежную пазыцыю» Беларусі ў дачыненьні да забойства Ісмаіла Ханіі і заявіў, што Беларусь «мае асаблівае стратэгічнае становішча і выступае моцным бар’ерам супраць пашырэньня NATO».

Мусаві выказаў меркаваньне, што Іран і Беларусь разам павінны знайсьці рашэньне, каб супрацьстаяць ЗША, і прапанаваў вайскоўцам дзьвюх краін абменьвацца досьведам, які ўмацуе абодва бакі.

Лук’яновіч, як паведамляе выданьне, падчас сустрэчы заявіў, што Беларусь выступае супраць пашырэньня NATO і «аднапалярнасьці ЗША» і запрасіў Мусаві наведаць Беларусь.

  • Дыялёг паміж Менскам і Тэгеранам «на ўсіх узроўнях упэўнена пашыраецца», заявіў Аляксандар Лукашэнка, віншуючы 6 ліпеня 2024 году Пэзэшкіяна зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Іранe, і запрасіў яго ў Беларусь. Лукашэнка наведваў Іран у сакавіку 2023 году.
  • 31 ліпеня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергеенка прыняў удзел у інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна.
  • У канцы ліпеня ў Менск для абмеркаваньня супрацоўніцтва ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня прыбыла дэлегацыя Мінабароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG