«Апытаньні ясна паказваюць, што я выйграў». Дональд Трамп адмовіўся ад другіх дэбатаў з Камалай Гарыс

Дональд Трамп і Камала Гарыс падчас дэбатаў

Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзыдэнта ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад удзелу ў другіх тэлевізійных дэбатах з кандыдаткай у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Камалай Гарыс.

Пра гэта сам Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social.

«Апытаньні ясна паказваюць, што я выйграў дэбаты ў Камалы Гарыс. — заявіў Трамп. — Трэціх дэбатаў ня будзе!», — падкрэсьліў палітык, маючы на ўвазе, што першыя дэбаты ён правёў з Байдэнам, які быў кандыдатам ад дэмакратаў, пакуль ня зьняўся з выбараў на карысьць Гарыс.

У сваім пасьце Трамп параўнаў Гарыс з «баксэрам, які прайграў бой і хоча рэваншу».

Насуперак заяве Трампа пра тое, што ён «выйграў дэбаты», некалькі апытальных агенцтваў пасьля дэбатаў канстатавалі, што Гарыс падчас іх паказала сябе лепш, чым Трамп. Агенцтва Reuters са спасылкай на вынікі апытаньняў адзначае, што большасьць тэлегледачоў назвалі Гарыс пераможцай дэбатаў, паказаных 10 верасьня тэлекампаніяй АВС.

Паводле зьвестак дасьледчага цэнтру Nielsen, за дэбатамі сачылі 67 мільёнаў амэрыканскіх тэлегледачоў. Адразу пасьля завяршэньня дэбатаў 10 верасьня выбарчы штаб Гарыс заявіў пра гатоўнасьць кандыдата ад Дэмакратычнай партыі да яшчэ адных дэбатаў з кандыдатам ад рэспубліканцаў. Да дэбатаў Камала Гарыс такога жаданьня не выказвала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гарыс пераходзіць у наступ». Аналіз дэбатаў Дональда Трампа і Камалы Гарыс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп vs Гарыс. Хто каго «зьесьць на абед» пасьля выбараў у ЗША