Лукашэнка адмаўляе, што яго прымусілі выпускаць палітвязьняў

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

За чатыры гады з прычыны палітычнага перасьледу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рашэньне аб вызваленьні палітвязьняў ухваляў не пад зьнешнім ціскам.

«Ніхто мяне, па-першае, прымусіць ня можа. Гэта выключана. Я часта кажу журналістам і іншым: вы мяне добра ведаеце, я ніколі па ўказцы і пад ціскам не ўхваляў рашэньні», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб актуальных унутрыпалітычных пытаньнях і падрыхтоўцы да правядзеньня палітычных кампаній.

Як паведамляецца на ягоным сайце, пры гэтым Аляксандар Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі «няма палітычных артыкулаў» і нікога «паводле палітычных артыкулаў не судзілі».

Пералічваючы прычыны вызваленьня палітвязьняў, ён сказаў: «Нехта захварэў, нехта ўжо там на шпацыр хадзіць ня можа, у адрозьненьне, як яны тут бойка блукалі па праспэктах. Ну, усялякае здараецца ў жыцьці. Нехта ўвогуле ўжо адурэў, мазгі павярнуліся ў яго — ён там выйшаў [у 2020 годзе], нешта спрабаваў пераварочваць на вуліцах Менску. Ну, усялякае ў жыцьці было. Чаго іх там трымаць, карміць за дзяржаўны рахунак. Мы іх выпусьцілі, яны пад поўным кантролем праваахоўных органаў тут». [У Беларусі большасьць зьняволеных часткова кампэнсуюць дзяржаўныя выдаткі за сваё ўтрыманьне ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы. — РС].

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «замест таго каб аддзячыць, апанэнты за мяжой, наадварот, ня рады такому разьвіцьцю падзей».

«Яны ня рады, што гэтыя людзі выйшлі. Чаму ня рады? Ну дык ім жа амэрыканцы і іншыя кажуць: хлопцы, а вы дзе былі, які ваш унёсак? А ніякага. Дык тады і грошай няма, то бок правільна заўважылі, асабліва журналісты: чым больш хтосьці тут будзе знаходзіцца ў месцах ня так аддаленых, тым лепш для іх. Ну дык варта пра гэта адкрыта ім казаць?» — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя імёны яшчэ трох палітвязьняў, якія выйшлі на волю па памілаваньні

16 жніўня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 30 палітзьняволеных, сярод якіх 14 жанчын і 16 мужчын, а некаторыя зь іх маюць сур’ёзныя захворваньні.

Па стане на 24 жніўня праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 19 вызваленых палітвязьняў, 13 зь іх — жанчыны, шасьцёра — мужчыны.

Сярод памілаваных — Васіль Берасьнеў, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Вольга Новікава, Ірына Санкоўская, Яўген Чуміла і журналістка Ксенія Луцкіна. Праваабаронцы падтрымліваюць інфармацыйную цішыню дзеля бясьпекі вязьняў, таму пакуль не публікуюць прозьвішчы астатніх вызваленых.

21, 22 і 23 жніўня праваабарончая супольнасьць Беларусі прымала заявы аб наданьні новым фігурантам крымінальных палітычных спраў статусу палітвязень — за тры дні такі статус атрымаў 31 чалавек. Гэта людзі з усёй Беларусі, рознага ўзросту і сацыяльнага статусу, якія абвінавачваюцца паводле шэрагу палітычных артыкулаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Dissidentby: Некаторыя з палітвязьняў, якія выйшлі на волю, не пісалі прашэньняў аб памілаваньні
  • За чатыры гады з прычыны палітычнага перасьледу было затрымана каля 65 тысяч чалавек.
  • За чатыры гады зафіксавана больш за 74 тысячы фактаў рэпрэсіяў: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманьняў, допытаў і інш.
  • За чатыры гады колькасьць прызнаных палітвязьняў вырасла ў 55,5 раза: 9 жніўня 2020 году іх было 25, сёньня — 1385. Больш за 2000 чалавек ужо маюць статус былых палітвязьняў.
  • Вядома пра мінімум 6971 фігуранта крымінальных справаў.
  • 1140 палітвязьняў адбылі ў месцах няволі свае тэрміны цалкам.
  • 51 чалавек вызвалены па амністыі і памілаваньні.
  • Сёлета 2 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годзьдзем вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Ён, як і папярэднія падобныя законы, не прадугледжвае палёгкі для асобаў, «датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці». Але, тым ня менш, некаторых палітычных зьняволеных усё ж вызвалілі ў рамках гэтай амністыі.
  • Мінімум 2671 чалавек асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту (паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Шасьцёра палітвязьняў памерлі за кратамі. Гэта Аляксандар Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.
  • Пяць чалавек загінулі падчас пратэстаў і затрыманьняў. Гэта Аляксандар Віхор, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Раман Бандарэнка і Андрэй Зельцар.