Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што цяпер абмяркоўваюцца чатыры магчымыя даты для правядзеньня чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.
«Згодна з заканадаўствам, гэтыя выбары павінны прайсьці не пазьней за 20 ліпеня. Разам з тым дэпутацкі корпус ухвальвае рашэньні, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Мы пасьля адкрыцьця сэсіі 17 верасьня правядзём шэраг кансультацый. Ня буду ўтойваць, называюцца чатыры даты магчымага правядзеньня выбараў прэзыдэнта. Але для таго, каб іх агучваць, трэба правесьці кансультацыі. І зразумела, што рашэньне будзе ўхвальваць Палата прадстаўнікоў на сваім пасяджэньні», — сказаў Ігар Карпенка пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі аб актуальных унутрыпалітычных пытаньнях і падрыхтоўцы да правядзеньня палітычных кампаній.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Аляксандар Лукашэнка заявіў на нарадзе, што чарговыя выбары прэзыдэнта павінны «завяршыць фармаваньне абноўленай палітычнай сыстэмы» Беларусі.
«У палітычнай сыстэме краіны ў новым канстытуцыйным статусу запрацаваў Усебеларускі народны сход, вызначаныя асноўныя падыходы да яго дзейнасьці. Але нямала трэба будзе зрабіць да прэзыдэнцкіх выбараў і ў прэзыдэнцкія выбары», — сказаў ён.
Аляксандар Лукашэнка дадаў, што да вызначэньня даты правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і пэрыяду выбарчай кампаніі трэба паставіцца «ўдумліва».
«Неабходна зрабіць усё, каб нічога не парушыла звычнага рытму краіны», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары 2025 году не прызначаныя, а прапагандысты заклікаюць галасаваць за ЛукашэнкуСёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году. 14 жніўня аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары заплянаваныя на 23 лютага.
Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасьля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.
- Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
- Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.
- Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябраў выбарчых камісій будуць рыхтаваць на курсах. У ЦВК Беларусі пачалі падрыхтоўку да выбараў-2025