Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары 2025 году не прызначаныя, а прапагандысты заклікаюць галасаваць за Лукашэнку


Выбары ў Беларусі 2020 году
Выбары ў Беларусі 2020 году

Прапагандысты дзяржаўнай тэлевізіі адкрыта заклікалі моладзь галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 года за Аляксандра Лукашэнку.

Іх заявы прагучалі падчас этапу «Рэспубліканскай інфармацыйна-асьветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» перад студэнтамі і школьнікамі, які прайшоў 9 верасьня ў менскім Палацы спорту, піша «Позірк».

«Я не пасаромеюся сказаць, што, калі трэба, мы ўсе выйдзем і папросім: «Аляксандар Рыгоравіч (які яшчэ да канца не сказаў дакладна, што будзе ў 25-м годзе і якая будзе электаральная кампанія), ідзіце на выбары», — заявіў супрацоўнік тэлеканала СТВ Рыгор Азаронак (цытата паводле трансьляцыі агенцтва «Менск-навіны»).

На думку работніка АНТ Ігара Тура, у найбліжэйшую прэзыдэнцкую кампанію «ўсім трэба думаць, не прымаць рашэньняў пад узьдзеяньнем эмоцый і галасаваць за Аляксандра Лукашэнку».

«Вам можа падабацца Аляксандар Рыгоравіч, вам можа не падабацца. З пункту гледжаньня палітыкі і асаблівасьцяў эканомікі гэта зусім другасна», — лічыць ён.

На думку Тура, «так склалася», што «многія пытаньні можа асабіста гарантаваць выключна ён адзін»: «Што да гарантыі недапушчэньня вайны на тэрыторыі Беларусі, гэта можа аднаасобна вырашыць толькі Лукашэнка».

Таксама толькі ён, перакананы прапагандыст, можа забясьпечыць стабільнае разьвіцьцё эканомікі.

«Вельмі шмат даецца нам асабіста пад ягонае імя», — лічыць Тур.

Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 году. 14 жніўня аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што выбары запланаваныя на 23 лютага.

Раней дэмакратычныя сілы Беларусі неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца іх непрызнаньня міжнароднай супольнасьцю.

Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзнік пасьля іх, і шырокамаштабныя рэпрэсіі працягваюцца да гэтага часу.

  • Апошнія прэзыдэнцкія выбары прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў. Паводле агучаных ЦВК зьвестак, Аляксандар Лукашэнка набраў 80,1%, Сьвятлана Ціханоўская — 10,2%. На шмат якіх участках незалежныя назіральнікі фіксавалі несумненную перавагу Ціханоўскай.
  • Ужо ўвечары 9 жніўня пачаліся масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і жорсткія затрыманьні. Апошнія набылі маштаб рэпрэсіяў, якіх не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.
  • Вынікі выбараў 2020 году не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Краіны Захаду пасьля выбараў неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG