У ліпені 2024 году палітэмігранты з Вэнэсуэлы вярталіся ў краіну і выстройваліся ў чэргі ля выбарчых участкаў, каб прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта. Але Нікаляс Мадура, які кіруе з 2013 году, зноў абвясьціў пра сваю перамогу, а ягоны апанэнт вымушана эміграваў, каб пазьбегнуць арышту. Цяпер у Вэнэсуэле ідуць масавыя затрыманьні нязгодных.
У апошнія гады міжнародныя назіральнікі фіксуюць у Вэнэсуэле ня толькі экстрэмальна высокую карупцыю і беднасьць, але і сыстэматычнае ўжываньне крымінальнага перасьледу і катаваньняў у дачыненьні да іншадумцаў.
«Настоящее время» пагутарыла з жыхаркай Вэнэсуэлы, якая вярнулася ў надзеі на перамены, але зараз зноў выехала з краіны, як і тысячы яе суайчыньнікаў. Пераказваем публікацыю у скароце, матэрыял цалкам можна пачытаць па спасылцы.
Эдмунда Гансалес: прызнаньне і эміграцыя
Апазыцыянэр Эдмунда Гансалес, якога ЗША і многія лацінаамэрыканскія краіны прызналі новым абраным прэзыдэнтам Вэнэсуэлы, у мінулыя выходныя быў вымушаны пакінуць краіну. У распаўсюджаным Гансалесам аўдыёпаведамленьні палітык расказаў, што ягоны ад’езд суправаджаўся «ціскам, прымусам і пагрозамі» і што ён да апошняга моманту ня быў упэўнены, ці дадуць яму пакінуць краіну.
На радзіме 75-гадоваму палітыку пагражалі арышт і турэмнае зьняволеньне за публікацыю ў інтэрнэце 83,5% копій пратаколаў з выбарчых участкаў, якія даказвалі перамогу Гансалеса: 67% супраць 30,47% у дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура. Тым часам падкантрольная рэжыму Нацыянальная выбарчая рада аб’явіла пра перамогу Мадура з вынікам 51,95% супраць 43,18% у кандыдата ад апазыцыі.
Зь перамогай Нікаляса Мадура, які кіруе Вэнэсуэлай з 2013 году, павіншавалі толькі Расея, Беларусь, Кітай і Іран. Большасьць краін сьвету другі месяц настойліва просяць у Каракаса апублікаваць пратаколы галасаваньня, каб зьняць усе сумневы. Але рэжым Мадура і Нацыянальная выбарчая рада катэгарычна адмаўляюцца гэта рабіць, называючы такія патрабаваньні ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны.
Пасьля таго, як у Вэнэсуэле абвясьцілі пераможцам прэзыдэнцкіх выбараў Нікаляса Мадура, у краіне ўспыхнулі пратэсты, на якія ўлады адказалі масавымі арыштамі. У сутыкненьнях з паліцыяй загінулі 24 чалавекі. Паводле зьвестак некамэрцыйнай праваабарончай арганізацыі Foro Penal, з 29 ліпеня затрымалі 1659 чалавек, у ліку якіх сама меней паўсотні падлеткаў ва ўзросьце ад 14 да 17 гадоў.
З 2014 году ў Вэнэсуэле з палітычных прычын арыштавалі больш за 17,5 тысячы чалавек, 269 вэнэсуэльцаў прызнаныя палітвязьнямі. Свабода і правы больш як 9 тысяч грамадзян несправядліва абмежаваныя з палітычных прычын, сьведчыць статыстыка Foro Penal.
«Як выдатна было стаяць у гэтай чарзе!». Выбары-2024
З вымушаным ад’ездам з краіны Эдмунда Гансалеса для мільёнаў вэнэсуэльцаў скончыўся нічым палітычны цыкль, які пачынаўся вялікімі спадзяваньнямі на перамены.
28 ліпеня на выбарчых участках па ўсёй краіне стаялі вялізныя чэргі. Людзі праводзілі ў іх па некалькі гадзін і выказвалі думку, што агранізатары наўмысна цягнулі час для таго, каб людзі не пасьпелі прагаласаваць.
Тысячы вэнэсуэльцаў, якія даўно жывуць у эміграцыі, знарок прыляцелі на радзіму, каб падтрымаць кандыдата ад апазыцыі. Сярод іх была Арыяна.
«Як выдатна было стаяць у гэтай чарзе! Ведаць, што ўсе вакол думаюць, як ты, што ўсе вакол хочуць таго ж, чаго і ты. Усе былі такімі ўважлівымі адно да аднаго, такімі зацікаўленымі ў тым, што адбываецца. Столькі надзеі, веры, энтузіязму! Гэта быў акт пратэсту, акт дэмакратыі», — расказала дзяўчына ў інтэрвію «Настоящему времени».
У Каракас Арыяна прыляцела ў канцы ліпеня, за некалькі дзён да прэзыдэнцкіх выбараў. Бяспраўе, безабароннасьць і разруха — так яна апісвае свае галоўныя ўражаньні ад нядаўняй паездкі на радзіму.
«Дзесяць гадоў таму было жудасна. Цябе маглі абрабаваць, выкрасьці, забіць злачынцы. Цяпер стала яшчэ горш: любы чалавек у вайсковай ці паліцэйскай форме можа зрабіць з табой тое ж самае і нават горш. Затрымаць, вымагаць грошы, пагражаць, падкінуць наркотыкі, арыштаваць за чат у WhatsApp або проста ні за што. Заробкі ў сілавікоў невялікія, але ў іх ёсьць негалосны дазвол ад рэжыму Мадура паступаць са звычайнымі людзьмі, як уздумаецца, каб крыху падзарабіць», — кажа Арыяна.
Новыя рэпрэсіі пасьля выбараў
Цяпер у Вэнэсуэле ідуць масавыя затрыманьні нязгодных.
«Столькі страху, як гэтым разам, я ніколі ня бачыла і не адчувала. У розных рэгіёнах краіны паліцыя рандомна правярае ў людзей тэлефоны. За перапіску ў мэсэнджарах, статусы ў сацыяльных сетках, за фатаздымкі з пратэстаў адпраўляюць пад арышт. Людзі мяняюць імёны сваіх акаўнтаў і панічна баяцца публікаваць у сацыяльных сетках хоць нешта», — кажа Арыяна.
Паводле яе, на другі дзень пасьля выбараў падчас пратэстаў у яе раёне сілавікі затрымалі 16 чалавек, у асноўным зусім маладых людзей. Сваякоў аднаго зь іх, 19-гадовага юнака, дзяўчына добра ведае. Сям’і затрыманага ўдалося высьветліць, што яго зьбіраюцца абвінаваціць паводле артыкулу аб «тэрарызьме», які ў Вэнэсуэле часьцей за іншых прымяняецца ў для перасьледу іншадумцаў. За «тэрарызм» можна трапіць за краты на тэрмін ад 25 да 30 гадоў. За «фінансаваньне» — ад 15 да 25 гадоў.
Пасьля сілавікі паведамілі сваякам затрыманага, што яго могуць вызваліць за выкуп у 15 тысяч даляраў, але сям’я не змагла сабраць такую суму: удалося знайсьці толькі 7 тысяч; акрамя таго, яны аддалі вымагальнікам машыну, і затрыманага адпусьцілі.
«Гэта стратэгія такая. Калі кагосьці затрымліваюць і саджаюць пад арышт, пасьля таго, як сваякі праходзяць праз увесь гэты жах, яны наўрад ці ўжо выйдуць пратэставаць. І ўлады пра гэта ведаюць», — кажа Арыяна.
Вэнэсуэла пры Мадура: Беднасьць, карупцыя і гвалт з боку дзяржавы
Нікаляса Мадура, які «зь цяжкасьцю скончыў школу кіроўцы аўтобуса», перад сьмерцю пасьпеў прызначыць сваім пераемнікам папярэдні прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Мадура — муж генпракуроркі Вэнэсуэлы і былой адвакаткі Чавэса Сыліі Флёрэс, быў заўзятым прыхільнікам Чавэса і пасьпеў пабыць пры ім дэпутатам, міністрам замежных спраў і віцэ-прэзыдэнтам. Прэзыдэнцкія выбары Мадура тады выйграў зь мінімальнай перавагай галасоў, абагнаўшы кандыдата ад апазыцыі Энрыке Капрылеса Радонскі ўсяго на 1,49%.
Беднасьць, карупцыя і гвалт з боку дзяржавы пры Мадура расьлі. Паводле апошняга дакладу Transparency International, Вэнэсуэла займае другое месца ў сьпісе самых карумпаваных краін сьвету пасьля ахопленай вайной Самалі. Паводле апошніх зьвестак, якія апублікаваў экспэрт ААН, 82% вэнэсуэльцаў жывуць за рысай беднасьці, а 53% — ва ўмовах галечы, ня маючы магчымасьці купіць нават самыя базавыя прадукты. У краіне з прычыны недафінансаваньня інфраструктуры назіраюцца пастаянныя перабоі з падачай электрычнасьці і вады. Апошні глябальны блэкаўт, які закрануў 90% Вэнэсуэлы, адбыўся 30 жніўня.
«Самае жудаснае ў тым, што людзі ўжо прывыклі існаваць у нейкіх нечалавечых умовах. Мае бацькі, напрыклад, жывуць у звычайнай кватэры ў прыгарадзе Каракаса. Ваду ім даюць адзін раз на тыдзень. Пакуль яна ёсьць, трэба пасьпець напоўніць рэзэрвуар. Сьвятло адключаюць пастаянна. Без бэнзінавага генэратара не пражыць. Грамадзкі транспарт фактычна зьнішчаны», — расказвае Арыяна.
Паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня «Мэдыкі дзеля здароўя», з прычыны недафінансаваньня ў галоўных дзяржаўных лякарнях краіны не працуе амаль палова апэрацыйных, мэдыкам бракуе 37% неабходных матэрыялаў пры аказаньні хуткай дапамогі, а ў выпадку хірургічных апэрацый гэты паказчык даходзіць да 74%. Толькі ў 10% шпіталяў ёсьць тамограф, у траціне няма нават самага звычайнага рэнтгенаўскага апарата. Больш за палову лябараторый закрыта або яны працуюць зь перабоямі. Паводле Фэдэрацыі мэдыкаў Вэнэсуэлы, за апошнія гады краіну пакінулі 42 тысячы лекараў і мэдсёстраў. Пры гэтым больш за 90% вэнэсуэльцаў, паводле ацэнкі некамэрцыйнай арганізацыі «Адзіныя мэдыкі за Вэнэсуэлу», ня ў стане аплачваць мэдыцынскую страхоўку або паслугі прыватных шпіталяў.
«Мы тут кожны дзень молімся, каб ніхто з родных і блізкіх у Вэнэсуэле не захварэў на рак або на нешта сур’ёзнае і хранічнае», — прызнаецца Арыяна.
За апошнія 10 гадоў Вэнэсуэлу пакінулі 7,7 мільёна чалавек
Паводле зьвестак агенцтва ААН у справах уцекачоў, за апошняе дзесяцігодзьдзе з прычыны гуманітарнага і эканамічнага крызісу, перасьледу апазыцыі і жорсткага задушэньня любых пратэстаў Вэнэсуэлу пакінулі 7,7 мільёна чалавек, фактычна кожны трэці.
Арыяна не жыве ў Вэнэсуэле ўжо 8 гадоў. Яна вырашыла выехаць, бо няма сэнсу «кожны дзень рызыкаваць жыцьцём у Вэнэсуэле, каб потым зарабляць $100 у месяц». У 2015 годзе Каракас па колькасьці забойстваў (120 на 100 тысяч жыхароў) стаў самым небясьпечным горадам ня толькі Лацінскай Амэрыкі, але і сьвету, сьведчаць зьвесткі CCSPJP.
«Кожны тыдзень мы чулі, як кагосьці выкралі, на кагосьці напалі са зброяй. У адну маю сяброўку стрэлілі пры рабаваньні. Некалькіх маіх сяброў выкрадалі і патрабавалі выкуп. У Вэнэсуэле нават тэрмін такі ёсьць — „экспрэс-выкраданьне“. Гэта значыць, што злачынцы ня тое каб знарок пільнавалі цябе, проста ты апынуўся ня ў той час і ня ў тым месцы», — успамінае Арыяна.
У эміграцыі Арыяна працуе псыхолягам. У яе нямала пацыентаў з Вэнэсуэлы, якіх яна прымае онлайн. Большасьць зь іх, паводле Арыяны, сядзяць на чамаданах і рыхтуюцца да ад’езду.
Пратэсты супраць Мадура, перасьлед апазыцыі, катаваньні затрыманых
Першыя буйныя пратэсты супраць Нікаляса Мадура ўспыхнулі ў 2014 годзе, іх узначальвалі лідэры апазыцыйнай кааліцыі «Рада дэмакратычнага адзінства». Улады жорстка задушылі пратэст: у сутыкненьнях з паліцыяй тады загінулі 43 чалавекі, 486 атрымалі раненьні.
Пратэсты 2017 году з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў і правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары скончыліся гібельлю 163 чалавек, раненьні атрымалі некалькі тысяч.
Ахвярамі антыўрадавых выступаў у 2019 годзе сталі 57 чалавек, некалькі сотняў былі параненыя. ЗША і шэраг эўрапейскіх краін, а таксама лацінаамэрыканскія дзяржавы тады прызналі часовым прэзыдэнтам Вэнэсуэлы тагачаснага лідэра апазыцыі Хуана Гуайдо, але, нягледзячы на міжнародную падтрымку, Гуайдо так і ня змог узяць уладу ў краіне ў свае рукі. У канцы 2022 году ён выехаў у ЗША і быў аб’яўлены ў вышук у Вэнэсуэле.
У лютым 2024 году ў Сант’яга-дэ-Чылі быў выкрадзены і забіты 32-гадовы вэнэсуэльскі лейтэнант Рональд Ахэда, вядомы сваёй публічнай крытыкай карупцыі ў войску Вэнэсуэлы. На радзіме яго арыштавалі, катавалі і судзілі за здраду, але ў 2017 годзе Ахэда зь яшчэ некалькімі вязьнямі ўдалося ўцячы з турмы. З Чылі, дзе ён атрымаў палітычны прытулак, лейтэнант працягваў патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і расказваць пра катаваньні і карупцыю на радзіме. Улады Чылі ўпэўненыя, што за забойствам апазыцыянэра стаяць улады Вэнэсуэлы.
Пачынаючы з 2020 году, Камісія правоў чалавека ААН заяўляе, што сабрала дастаткова доказаў таго, што ўлады Вэнэсуэлы сыстэматычна зьдзяйсьняюць злачынствы супраць чалавечнасьці, выкарыстоўваючы дзяржаўную машыну для перасьледу апазыцыі. У дакладзе ААН за 2022 год, сярод іншага, гаворыцца, што затрыманых прадстаўнікоў апазыцыі «білі, катавалі токам, душылі плястыкавымі пакетамі, гвалтавалі, трымалі голымі ў халодных памяшканьнях».
У 2021 годзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан адкрыў расьсьледаваньне па факце магчымых злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых уладамі Вэнэсуэлы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Беларусі Галоўчанка прыбыў у Вэнэсуэлу, спадзяецца актывізаваць гандаль ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раман Галоўчанка сустрэўся зь Нікалясам Мадура і заявіў пра «станоўчы эфэкт» ад санкцый