Дзьмітры Лукомскі і Віялета Майшук былі аднымі з самых маладых удзельнікаў «гомельскага крыла» кампаніі «Краіна для жыцьця». Пасьля перасьледу яны апынуліся ва Ўкраіне. Там два гады працавалі ў праваабарончай арганізацыі. Здымкі Дзьмітрыя і Віялеты вісяць у Беларусі на дошцы аб’яў «Іх шукае міліцыя».
Супраць Віялеты Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу ў межах спэцыяльнага вядзеньня за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Цяпер маладая пара жыве ў лягеры для ўцекачоў у Славаччыне. Яны расказалі Свабодзе пра свой досьвед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі затрымалі паплечніка Сяргея Ціханоўскага, на якога тыдзень палявала міліцыяНестандартны варыянт
Віялеце Майшук у 2020-м было 23 гады. Яна была самая маладая ў камандзе Сяргея Ціханоўскага. Калі Ціханоўскага затрымалі, Віялета і Дзьмітры актыўна прычыніліся да выбарчай кампаніі ягонае жонкі Сьвятланы. Езьдзілі на агітацыйныя пікеты па краіне, удзельнічалі ў акцыях. Пасьля неаднаразовых затрыманьняў і «сутак» улетку 2020 году Дзьмітры зь Віялетай перайшлі, як яны кажуць, на «нелегальнае становішча». Жылі ў лесе да 9 жніўня 2020 году, каб не затрымалі.
11 жніўня 2020 году Дзьмітры ўзяў удзел у акцыі пратэсту ў Гомлі, дзе яго затрымалі. У Цэнтральным РАУС ён зазнаў зьдзекі і катаваньні, выйшаў адтуль практычна сіні.
Маладая пара ўцякла ва Ўкраіну. Там яны і сустрэлі пачатак поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Дзьмітры і Віялета далучыліся да працы чарнігаўскага «Асьветнага дому правоў чалавека». Арганізацыя мела шэлтар у Львове. Там маладыя людзі працавалі, шэлтар прапаноўваў часовае жытло журналістам, праваабаронцам, актывістам і валянтэрам. Дапамагалі і ўцекачам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывісту з Гомля, раней моцна пабітаму міліцыяй, далі 10 дзён арыштуДзьмітры кажа, што яны займаліся адукацыйнымі мерапрыемствамі ў галіне правоў чалавека, вучыліся самі і рэалізоўвалі розныя праекты. Віялета арганізавала выставу карцін на тэму беларускіх валянтэраў і добраахвотнікаў ва Ўкраіне.
«На жаль, Львоў на канец лета 2024 году перастаў быць бясьпечным горадам. Было больш абстрэлаў, ахвяраў. Тым часам у Віялеты заканчваўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта. Мы разумелі, што нам трэба выяжджаць», — тлумачыць Дзьмітры.
Яны выбралі Славаччыну як нестандартную альтэрнатыву папулярнай у беларускіх уцекачоў Польшчы. Адной з прычын такога выбару было тое, што ўжо ня мелі запасу часу, каб зрабіць візу. Дзьмітры таксама кажа, што «наслухаўся ад землякоў гісторый пра дрэннае стаўленьне палякаў як да ўкраінскіх, так і да беларускіх уцекачоў».
У Славаччыну тым часам можна было прыехаць бязь візы — маючы толькі часовы дазвол на жыхарства ва Ўкраіне, нават пратэрмінаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПадарожжы на роварах
Па словах Дзьмітрыя і Віялеты, у Славаччыну яны трапілі не без праблемаў. Памежнікі паведамілі ім, што на працягу 24 гадзін неабходна дабрацца да паліцэйскага ўчастку ў горадзе Гуменным (Humenné) і прайсьці там працэдуру падачы дакумэнтаў на ўцякацтва. Дзьмітры кажа, што ў Гуменнае яны паехалі на роварах, начавалі ў намёце. Ім казалі, што паліцэйскі ўчастак працуе дзень і ноч, але на месцы выявілася, што ён зачынены.
«Вартаўнік не размаўляў ні на ангельскай, ні на іншай мове. Увогуле ўсе, з кім мы сустракаліся, размаўлялі выключна на славацкай. Таму неяк з дапамогай расейскай, украінскай і жэстаў мы вялі камунікацыю», — удакладніў Дзьмітры.
Па словах суразмоўцы, вартаўнік расказаў ім, што ўчастак працуе толькі з 10:00 да 15:30 у пэўныя дні. І параіў ехаць адразу ў лягер у Гуменным.
«Калі мы туды прыехалі, то высьветлілі, што лягер — закрытага тыпу, гэта фактычна турма. Вартаўнікі нам заявілі: «Тут нікога няма, тут вас ніхто ня прыме, тут адны „чорныя“, „нігеры“. Мяне гэтыя словы („тут чорныя“) вельмі засмуцілі як праваабаронцу. Дый напалохалі такім стаўленьнем да ўцекачоў. Нейкая неадэкватная гісторыя», — кажа Дзьмітры.
Тады беларусы вырашылі ехаць у Браціславу. Палічылі, што гэта сталіца і там яны, можа, сустрэнуць больш разуменьня. Частку дарогі праехалі на роварах, частку на цягніку. У Браціславе спачатку хадзілі па розных установах — паліцэйскіх участках, праваабарончых арганізацыях.
«Сутыкаўся з тым, што ўстановы не працавалі ў тыя дні і гадзіны, якія пазначаныя на сайтах. Таксама размаўлялі ўсе толькі па-славацку, мала хто валодаў ангельскай. У нас заканчваліся грошы, мы жылі ў гостэле, дамовіўшыся з уласьнікам. За працу там і дапамогу ў прыбіраньні», — расказвае Дзьмітры.
Урэшце беларусам узяліся дапамагаць славацкія праваабаронцы. Высьветлілася, што трэба вяртацца ў закрыты лягер у Гуменным. Дзьмітрыя зь Віялетай запэўнілі, што лягер там нядрэнны і яны атрымаюць добрае харчаваньне і мэдычную дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала з паплечнікамі Ціханоўскіх праз год. Гісторыя аднаго фотаПраблемы са здароўем
Дзьмітры кажа, што ў закрытым лягеры з кратамі на вокнах у яго склалася адчуваньне, што ён зноў трапіў у беларускі ІЧУ. Беларускім уцекачам не дазвалялася пакідаць тэрыторыю лягеру, прыносіць звонку прадукты. Ён адзначае, што ня ўсё было кепска — было спальнае месца, пакой для гульняў, нават більярд, агульная кухня зь лядоўняй і мікрахвалёўка. Практыка з абавязковым пражываньнем у лягеры для тых, хто папрасіў аб прытулку і ня мае сродкаў на арэнду жыльля, альбо ня можа жыць у знаёмых ці сяброў, дзейнічае таксама ў суседняй са Славаччынай Чэхіі. Пасьля праходжаньня мэдагляду і сумоўя ў Чэхіі ўцякач не абавязаны жыць у прытулку (гэтая працэдура звычайна займае каля тыдня). Шэсьць месяцаў пасьля падачы прашэньня афіцыйна нельга працаваць. У іншых краінах Эўразьвязу, прыкладам Польшчы ці Літве, папрасіўшым аб прытулку беларусам звычайна дазваляюць вольна перамяшчацца па краіне і жыць у арандаваных кватэрах, калі яны самі маюць такое жаданьне і магчымасьці.
Па словах суразмоўцаў, сьняданьне ў лягеры давалі з 08:00 да 08:30, абед — з 11:30 да 12:15, вячэру — з 16:15 да 16:45. Ежу са сталовай выносіць было нельга.
«Асобна ў лягеры па іншай праграме жылі ўкраінцы. Ім можна было выходзіць за тэрыторыю. Калі ў першы дзень мы гулялі па тэрыторыі і наблізіліся да корпусу, дзе жывуць украінцы, ахоўнік нас груба адтуль адагнаў. Маўляў, вы ня маеце права тут хадзіць», — зазначыў Дзьмітры.
Суразмоўца кажа, што ежа для яго была нязвыклая і нясмачная, часам халодная.
«Калі Віялета папрасіла падагрэць ежу, то ёй у адказ гыркнулі: „Вы тут не ў рэстаране“. У нас пачаліся праблемы са страўнікамі. А мяне як ахвяру катаваньняў у Беларусі накрыў жорсткі посттраўматычны сындром», — успамінае ўцякач.
Дзьмітрыя таксама абурала, што ў сталовай былі ахоўнікі, якія сачылі, каб ніхто не выносіў ежу. Ён кажа, што пасьля вячэры а 16 гадзіне хадзіў галодны, але забраць з сабой нешта з харчу «на потым» нельга было.
Пачалі пратэставаць — харчаваньне палепшылася
Аднойчы, па словах Дзьмітрыя, ён хацеў забраць са сталовай макарону. Але ахоўнікі не дазволілі і прымусілі высыпаць яе ў адкіды.
«Наогул там такая сыстэма: не пасьпеў на абед — значыць, хадзі галодны. Ня зьеў усё — высыпай у адкіды, але з сабой нельга забраць. Аднойчы я хацеў забраць сьняданьне Віялеты, гэта няшчасная булка была, але мне не далі», — успамінае Дзьмітры.
Дзьмітры кажа, што абвяшчаў галадоўку. Віялета напісала на футболцы Дзьмітрыя фразу па-славацку «Мы не злачынцы, мы ўцякаем ад вайны і дыктатуры», і ён хадзіў у ёй па лягеры.
Суразмоўцы дабіваліся дазволу выходзіць зь лягеру ў краму. Дзьмітры тлумачыў адміністрацыі пра Дэклярацыю правоў чалавека, Жэнэўскую канвэнцыю аб уцекачах.
«Дырэктарка пайшла на саступкі. Харчаваньне палепшылася. Украінцы нам дзякавалі за гэта і называлі нас выратавальнікамі. Бо да гэтага яны скардзіліся на ежу, але іх ніхто ня чуў. Наогул людзі сталі пачувацца лепш, нават маральная абстаноўка ў лягеры палепшылася, людзі пачалі ўсьміхацца адзін аднаму», — кажа ўцякач.
Урэшце беларусы дабіліся і права выходзіць зь лягеру.
«Выйшла так, што я тут прасоўваю ўсе інструмэнты і мэханізмы правоў чалавека, якім нас вучылі на курсах», — дадаў Дзьмітры.
Нядаўна ў іх праходзіла інтэрвію зь міграцыйнай службай. «Мяне зьдзівіла, як яны доўга апытвалі Віялету і як шмат задавалі пытаньняў, нібыта хацелі падлавіць на нечым, каб даць адмову. Хоць у нас шмат доказаў перасьледу ў Беларусі. Такой Эўропы я не чакаў. Гэта што — дэмакратыя? Такая дэмакратыя мне не падабаецца», — кажа ўцякач.
Свабода зьвярнулася з пытаньнямі аб распарадку і ўмовах у лягеры для ўцекачоў у горадзе Гуменным. Адказу пакуль няма. Ён будзе апублікаваны адразу, калі мы яго атрымаем.
Адкрыты лягер
9 верасьня Дзьмітрыя і Віялету перавялі ў іншы лягер, дзе можна выходзіць за тэрыторыю. Але, як выявілася, толькі з 9 раніцы і да 21.30.
«Паехалі, называецца, ад камэнданцкага часу ва Ўкраіне. Ды ісьці тут няма куды, кругом поле і горы, проста ўсё далёка ад цывілізацыі», — расказвае Дзьмітры.
Ён дадае, што ў новым месцы пачуваецца яшчэ горш, чым у закрытым. Там, напрыклад, няма вячэры — толькі сьняданак і абед.
«Я тут проста звар’яцею. І гэта — мінімум на шэсьць месяцаў. Тут сямейны лягер, тут жонкі зь дзецьмі. І вось і дзеці ў такіх умовах. І харчаваньне для ўсіх такое ж», — сьцьвярджае ўцякач.
Ён зазначыў, што мэдсястра ў новым месцы прымае празь дзень і толькі з 09.00 да 12.00. Пакуль беларусы ў разгубленасьці і ня ведаюць, што ім далей рабіць.
«Такой Эўропы я не чакаў. У нас у шэлтэры ў Львове было для ўцекачоў два паверхі, 230 квадратных мэтраў, вельмі добрыя ўмовы для жыцьця. Нашмат лепшыя», — дадаў Дзьмітры.