«Наташа, Ганна Эйсмант, Баскаў — пры сваіх кармушках». Вялікая размова зь сястрой Рамана Бандарэнкі Вольгай

Дызайнэрка Вольга Кучарэнка больш за 2 гады жыве ў Варшаве. Аднавіла свой брэнд адзеньня, арганізавала з каляжанкай фэст «Апранай сваё», заснавала першы беларускі канал пра моду «Fashion Lunch». Вольга — стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля нападу і выкраданьня з боку прыхільнікаў Лукашэнкі. У 2021 годзе яна выехала ў Польшчу.

«Ты ўсё жыцьцё пачынаеш з нуля»

— Вольга, як вы апынуліся ў Польшчы? Ці плянавалі эміграцыю?

— У сьнежні 2021 году мы з дачкой прыехалі ў Варшаву ў адпачынак наведаць мужа, які рэлякаваўся раней. Аказалася, што віза, якая была выдадзеная мне ад працы мужа, заканчваецца празь месяц, і калі я не падамся на карту побыту (дазвол на жыхарства ў Польшчы. — РС), іншага шанцу ў мяне ня будзе, паўторна візу не дадуць. Падала дакумэнты ў апошні дзень. Падчас іх разгляду я ня мела права выяжджаць з Польшчы. Потым пачалася вайна. Чакала карту побыту амаль год, але яе далі на 3 месяцы, бо я была «прывязаная» да карты побыту мужа. І я зноў зразумела, што не магу паехаць.

Але за гэты год я больш-менш звыклася з думкай, што ўжо не паеду ў Беларусь і трэба пачынаць штосьці рабіць тут.

Вольга Бандарэнка

— У Менску ў вас было ўладкаванае жыцьцё: кватэра, бізнэс, свой брэнд, модныя тусоўкі, удзел у Тыдні моды. У 2020-м усё рэзка зьмянілася. Пасьля гібелі стрыечнага брата Рамана Бандарэнкі вы давалі шмат інтэрвію. Ці адчувалі вы небясьпеку, ці былі нейкія трывожныя званочкі?

— Тады адназначна было трывожна. Мы з мамай Рамана рэальна не разумелі, чаму за намі сочаць, чаго ад нас хочуць, навошта ўсе маніпуляцыі. Нам перашкаджалі арганізаваць пахаваньне Ромы ў патрэбны час, не аддавалі цела. Была інфармацыя, што яго зьбіраюцца крэміраваць, не паведаміўшы маме. Да таго ж была ўвага СМІ, а ўлады ўсё адно не саромеліся і такое рабілі. Было страшна, але ты робіш, бо разумеш, што тая мэта, якую паставіла, важнейшая за тваю бясьпеку. Забілі роднага табе чалавека. І ў параўнаньні з гэтай трагедыяй твая асабістая бясьпека ўжо не настолькі страшная. Бо ты павінна адстаяць правы чалавека, які ўжо ня можа за сябе пастаяць. Таму з гарачай галавой тады акуналіся і рабілі...

— Але яшчэ амаль год пасьля трагедыі заставаліся ў Беларусі. І ўсё ж выехалі. Як гэта — у чужой краіне пераадольваць бюракратычныя перашкоды, наладжваць побыт, шукаць працу?

— Ня толькі працу ты пачынаеш з нуля. Ты ўсё жыцьцё пачынаеш з нуля. Дый прыняцьце таго, што ты раптам апынуўся ў эміграцыі... Я нібыта да яе маральна рыхтавалася, але ня ў гэты час. А тут усё звалілася як сьнег на галаву. Нейкі час я яшчэ спрабавала падтрымліваць сувязь зь Беларусьсю і штосьці рабіць для сваіх кліентаў адсюль, але калі ты асабіста там не знаходісься, усё зводзіцца на нішто...

Напачатку было зусім цяжка. Пару тыдняў у проста ляжала пластом. Потым я сказала сабе, што трэба станавіцца на ногі, працаваць. Я дызайнэрка аддзеньня, а да мяне прыходзілі, каб падкараціць нагавіцы. Такое сабе... Паступова зьявіліся нейкія магчымасьці і я змагла зрабіць першую калекцыю, паказаць тут, заявіць пра сябе як пра дызайнэра адзеньня.

«Працую на пяці працах адначасова»

— А ці можна зарабляць на жыцьцё, займаючыся высокай модай і дызайнам?

— На высокай модзе і дызайне шмат не заробіш. Зараз я працую на пяці працах адначасова. Гэта збольшага таксама дызайн адзеньня, але больш масавы. Гэта ня мой брэнд, я працую як наняты дызайнэр на іншых людзей. Калі б я нармальна зарабляла на сваім брэндзе, магчыма, мне было б гэта нецікава. Але я стараюся знаходзіць нейкія пункты судакрананьня, каб мне было цікава і штосьці давала, акрамя заробку. Але ў цэлым усё нармальна. Я пэўны час працавала яшчэ і няняй і не лічу гэта ганебным. Калі гэта дае магчымасьць пратрымацца, то чаму не?

І цяпер усё адно цяжка. Але ў параўнаньні з падкарочваньнем нагавіц я ўжо займаюся тым, што падабаецца. Калі ў Беларусі я рэгулярна ўдзельнічала ў Тыднях моды, была ў «моднай тусоўцы», усе ведалі, у якой галіне і ў якім стылі я працую, што ў мяне можна заказаць вясельную сукенку, то тут такой «тусоўкі», напрацаванай базы кліентаў няма. І ўдзельнічаць у гучных мерапрыемствах, каб пра сябе заявіць, няма магчымасьці. Тут у некалькі разоў складаней. Але я не шкадую.

— А як ваша дачка, колькі ёй гадоў, ці адаптавалася яна ў Польшчы?

— Дачка лепш за ўсіх адаптавалася. Агаце 7 гадоў, яна днямі пайшла ў першую клясу, да гэтага хадзіла ў «зэруўку» і дзіцячы садок. Яна засвоіла польскую мову ў садку і цяпер яе ўдасканальвае. Дайшло да таго, што мне тэлефануе кур’ер, я яму адказваю, а яна закочвае вочкі і абураецца: «Мама! Ты яму няправільна адказала! „Зараз естем в дому“ — ня зараз, а тэраз! Няўжо незразумела?» — пытаецца яна. Дачка пастаянна знаходзіцца ў польскім асяродку, а я хіба ў краме альбо ў кавярні.

«Гэта добры паказьнік, калі людзі хочуць яшчэ!»

— Тут у эміграцыі беларусы, украінцы замыкаюцца ў сваім коле, у сваім асяродку. Нават у тэлеграм каналах-каналах шукаюць сваіх: парайце майстра манікюру ці цырульніцу-беларуску, хочам падтрымаць сваіх. Хто вашы кліенты, адкуль яны?

— У мяне было пару кліентаў-палякаў, але ў асноўным гэта беларусы. Шчыра кажучы, я не падзяляю людзей па нацыянальнасьці, не пытаюся, адкуль мае кліенты. Мяне больш цікавяць густ, прыхільнасьці людзей, наколькі чалавек блізкі мне ў сьветапоглядзе і візуальным складніку — наколькі мы супадаем.

— Першая ваша калекцыя — арт-праект «Яднаньне» — была прысьвечаная Беларусі і дэманстравалася ў Музэі вольнай Беларусі. Ці задаволеныя вы вынікам?

— Быў вялікі фідбэк і ў дачыненьні самой калекцыі, і да мерапрыемства. Яго наведала каля 150 чалавек. Я разумею, чаму такі водгук тая калекцыя атрымала — бо тады яшчэ быў сьвежы ўспамін, усім балела, і я паказала той боль, які быў ва ўсіх...

— У апошні дзень лета ў Варшаве вы правялі фэст «Апранай сваё». Як вы ацэньваеце яго вынікі?

— Адназначна, усе мэты, які мы паставілі з маёй партнэркай Ганнай Прышывалкай, рэалізавалася. Былі лекцыі, практычныя майстар-клясы, маркет, паказ. Раней мы правялі некалькі імпрэз і ва ўсіх мы былі чымсьці не задаволеныя. А тут толькі станоўчыя фідбэкі: крыху не хапіла прасторы і хацелася яшчэ — людзі сышлі крыху галоднымі. Гэта добры паказьнік, калі людзі хочуць яшчэ! Мерапрыемства наведала каля 250 чалавек, гэта цудоўна.

Мы з Аняй зьяўляемся сузаснавальніцамі «Незалежнай моднай суполкі», якая аб’ядноўвае вялікую колькасьць майстроў, дызайнэраў, б’юці-майстроў, рамесьнікаў, мадэляў — уся супольнасьць брала ўдзел у гэтым фэсьце. Былі майстар-клясы, шмат людзей удзельнічала ў зборным паказе. Былі ня толькі беларускія, а і ўкраінскія дызайнэры. Гэта вельмі радуе. Бо часта мы бачым, як ў пэўных сфэрах ідзе раздрай і спрэчкі — у нашай галіне такога няма.

На гэтым фэсьце адбылася прэзэнтацыя нашага сумеснага з Аняй Прышывалкай ютуб-канала Fashion Lunch. Гэта першы беларускі ютуб-канал пра моду. Ужо ёсьць тызэр пілётнага выпуску. Мы будзем радыя падпіскам і падтрымцы.

— А ці сочыце вы за сфэрай моды ў Беларусі, тыднямі моды, моднымі паказамі?

— Тыднямі моды, якіх няма? Ну «Тыдзень моды» неяк спрабуе караскацца, але рэгулярнага фэсту, як было да 2020 года, няма. Многія мадэльеры, дызайнэры выехалі. Спонсараў няма, падтрымкі дзяржавы таксама няма. Раней гэта прыходзіла на дзяржаўных пляцоўках кшталту БелЭкспа... Цяпер гэтага няма, не да моды. Дзяржава не гатовая спансаваць фэшн.

«Адзіны, хто больш-менш стылёва апранаецца — гэта Іван Эйсмант»

— А як, на вашу думку, выглядаюць з пункту гледжаньня моды, стылю беларускія чыноўнікі і чыноўніцы?

— Прыгадваю, што адзіны, хто больш-менш стылёва апранаецца — гэта старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Астатнія — абняць ды плакаць. Абдымаць іх ня хочацца, таму лепш проста паплакаць і адпусьціць з Богам (сьмяецца).

Тая ж Натальля Эйсмант — гэта наагул тужліва. Не разумею, пры тых магчымасьцях, якія ў яе ёсьць, як яна можа так апранацца, выглядаць. Калі ты заўсёды на публіцы, калі ты піяршчыца прэзыдэнта і жанчына. Можна было б і пастарацца. І тэлевізійнікі пралукашэнкаўскія, вядоўцы — гэта таксама сум.

Качанава — яркая прыхільніца «Элемы», прычым раньняй. Я ж сама працавала на «Элеме», бачыла, што мы рабілі ў экспэрымэнтальным цэху.

Там, дарэчы, італьянскія тканіны былі клясныя, кашаміры, якія выкарыстоўваюцца ў калекцыях усясьветных дызайнэраў. Якасьць адшыву, канструкцыі добрыя — для масавага спажываньня. Лекалы ў цэлым добрыя, плюсаў шмат, але з боку дызайну шмат што — сум.

Я думаю, калі ўзяць граматнага стыліста, які разумее ў трэндах і сугучны зь сёньняшнім днем, нават з таго, што выпускае «Элема» ды беларускія прасунутыя фірмы (Nelva, «Гарэцкая», іншыя берасьцейскія дызайнэры), можна скласьці базавыя гардэробы для нашых чыноўнікаў. Але чыноўнікі гэтага не разумеюць або настолькі прывыклі ўсё кантраляваць, што не дазволяць упусьціць у свой гардэроб якую-небудзь сьвежую сучасную нотку.

Я за тое, каб кожны быў унікальны. Трэба разьвіваць свой густ, і тады твая ўнікальнасьць будзе больш дакладная, больш цікавая, сугучная зь сёньняшнім днём і сучасная.

«Спалучэньне чырвонага і зялёнага можа быць прыгожым»

— А як разьвіваць у Беларусі свой густ і сваю ўнікальнасьць, калі нават вонкава ўся краіна і ўся рэкляма, сьвяты выглядаюць чырвона-зялёнымі? Усё афармленьне краіны да сьвятаў — у двух колерах?

— Спалучэньне чырвонага і зяленага насамрэч можа быць вельмі прыгожым. На жаль, на беларускім дзяржаўным сьцягу яно непрыгожае — таму што працаваў ня той чалавек, які разумее ў спалучэньні колераў і адценьняў. Гэта законы колеразнаўства — спалучэньне пэўнага адценьня зялёнага і пэўнага адценьня чырвонага. Таму нас адкідае гэтае спалучэньне ў далёкае мінулае Савецкага Саюзу. Можна было зрабіць прыгожа, таму што ў чырвонага спэктру самая доўгая колеравая расьцяжка, таму можна было папрацаваць больш дакладна.

— А ці можна разьвіць пачуцьцё густу?

— Калі ставіць за мэту, то можна разьвіць. У Эўропе, мне падаецца, гэта больш разьвіта, бо гэта падтрымліваецца дзяржавай. То бок, ёсьць музэі, у якія ўкладаюцца сродкі, іх рэстаўруюць, прывозяць мультымэдыйныя выставы, адмыслова для моладзі, для старэйшага пакаленьня, спрабуюць падаць усясьветную спадчыну творча, крэатыўна.

У Эўропе адкрытыя межы, людзі могуць падарожнічаць, атрымліваюць асалоду ад цудоўных старажытных гарадоў, іх архітэктуры. Кожная эўрапейская краіна на культуру выдаткоўвае дастаткова вялікі бюджэт. І яны ня проста кідаюцца грашыма — маўляў, «зрабіце штосьці». Усё прадумваецца спэцыялістамі, якія ў гэтым разьбіраюцца, наймаюцца адмыслоўцы, якія робяць усё якасна і на высокім узроўні. Нават калі прайсьціся па выставах, якія ладзяцца ў Варшаве — тут пастаянна нейкі варушняк, мультымэдыйныя праекты, цябе паглыбляюць у атмасфэру... Нават Музэй шакаляду асаблівы, незвычайны. Таму тут больш шанцаў. Вось канцэрты Шапэна на прыродзе ў парку Лазенкі — жывая клясычная музыка ў выглядзе пікніку... Гэта цікава, і потым ты, магчыма, унясеш гэтыя творы ў свой плэй-ліст.

А ў Беларусі вось ты пойдзеш у Нацыянальны мастацкі музэй — а там усё па-старому, нафталінам патыхае. Няма крэатыўнага падыходу, каб завалодаць масавай аўдыторыяй і яе зацікавіць.

Праўда, і ў Беларусі пэўны момант, былі парасткі, калі разьвівалася «Галерэя Ў», вуліца Кастрычніцкая з творчымі праектамі і крэатывам... Праўда, нядоўгі, нібыта 25-м кадрам прайшоўся. Беларусі скакаць яшчэ доўга, каб дайсьці да нейкага нармальнага ўзроўню, да той жа Польшчы.

«Усе засталіся пры сваіх кармушках»

— Ці ёсьць нейкія навіны пра справу вашага брата Рамана? Што чуваць пра ягоную маму?

— Мама Рамана ў Беларусі. Жыве, шукае радасьці жыцьця, стараецца вандраваць. Са справай ніякіх зрухаў. Як у верасьні 2021 году Генпракуратура справу прыпыніла, бо «ня здолела вызначыць людзей, датычных да забойства», так з таго часу ніякіх зьвестак няма. Пракуратура для сябе паставіла кропку.

— А расьсьледаваньне ByPol? Ці верыце, што некалі мы дазнаемся праўду?

Расьсьледаваньне ByPol зьявілася ў лютым 2021 году па гарачых сьлядах. А Генпракуратура зрабіла выгляд, што ня ведае пра яго існаваньне. Ня вызначаныя асобы, датычныя да сьмерці Рамана. Няма падазраваных. Як гэта разумець — «ня вызначаныя асобы датычныя»? Ім жа вядомыя ўсе сьведкі, падазраваныя, столькі сьведчаньняў людзей, відэа. Хаця б праверылі!

Калі Дзьмітрыя Баскава адхілілі ад пасады старшыні Фэдэрацыі хакею і ў Беларусі адмянілі чэмпіянат сьвету ў хакеі, Міжнародная фэдэрацыя хакею тлумачыла гэта тым, што Баскаў мае дачыненьне да сьмерці Рамана. А беларускі бок адказаў, што Баскаў не праходзіць ні ў якіх сьледзтвах. Значыць, ён названы як мінімум падазраваным, а ягоную асобу нават не разглядалі! Генпракуратура ўсё праігнаравала.

І яшчэ адна цынічная гісторыя — Баскава прызначаюць сэнатарам. Гэтым дзеяньнем яшчэ больш падкрэсьліваюць, што ён чысты, як белы ліст. Усе — Наташа, Ганна Эйсмант — засталіся пры сваіх кармушках.

Але я веру, што рана ці позна пераможа справядлівасьць і датычных да сьмерці Ромы знойдуць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка пра гібель брата: «Я цудоўна разумею, што ён адчуваў». ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасадзілі нават сьвятара, які яго адпяваў. 2 гады пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі. Фотарэпартаж