На гэтым тыдні беларуска бяз статусу міжнароднай абароны атрымала пашпарт замежніка. Гэта першы вядомы такі выпадак, паведамляе Народная амбасада Беларусі ў Італіі.
Адбылося гэта, у тым ліку, дзякуючы Народнай амбасадзе Беларусі ў Італіі, якая раней падрыхтавала інструкцыі і сьпіс дакумэнтаў, як абгрунтаваць свой запыт на атрыманьне пашпарту замежніка бяз статусу міжнароднай абароны.
У Італіі выдачу праязнога дакумэнту для iншаземцаў рэгулюе Артыкул 24 заканадаўчага дэкрэту 251/2007. Паводле яго, праязны дакумэнт выдаюць іншаземцам, якія маюць статус дадатковай абароны (форма міжнароднай абароны асобаў, якія шукаюць прытулку, але не прызнаныя ўцекачамі), прычым умова яго атрыманьня — важкія прычыны, якія не дазваляюць уладальніку статусу дадатковай абароны запытаць пашпарт у дыпляматычных органах краіны грамадзянства.
«Мы маем першы прэцэдэнт атрыманьня гэтага дакумэнта! Выдатная навіна! Спадзяемся, гэта стане практыкай, а не выключэньнем» — паведамляе тэлеграм-канал Народнай амбасады Беларусі ў Італіі.
Першы выпадак атрыманьня пашпарту замежніка беларусам зафіксавалі ў сакавіку 2024 году Славеніі. У 9-гадовага беларуса пашпарт канчаўся ў чэрвені 2024 году, бацькі зьвярнуліся для хлопца па пашпарт замежніка — і атрымалі адмову. Аднак длякуючы намаганьням Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі дзіцяці ўсё ж выдалі пашпарт замежніка тэрмінам на 2 гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы пашпарт замежніка выдалі беларусу ў Славеніі- 4 верасьня зьявіўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога беларусы больш ня могуць абмяняць і атрымаць пашпарт у дыпляматычных прадстаўніцтвах за мяжой.
- Заканадаўчы акт унёс зьмены ў пералік консульскіх дзеяньняў і адміністрацыйных працэдур, якія зьдзяйсьняюць замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян. Дакумэнт набыў юрыдычную моц 7 верасьня.
- Пасьля гэтага шэраг краінаў Эўразьвязу пачалі разглядаць магчымасьць выдаваць пашпарты замежніка беларусам з пратэрмінаванымі пашпартамі, якія ня могуць вярнуцца на радзіму для замены дакумэнту праз пагрозу палітычнага перасьледу.