У рэдакцыі ёсьць поўнае відэа, але ў мэтах бясьпекі мы публікуем толькі ягоны фрагмэнт, без апазнавальных знакаў:
Па словах сьведкі, спачатку было чуваць гук бесьпілётніка, які накіроўваўся з усходу на захад, а пазьней зьявіўся самалёт.
«Гэта быў „Шахед“ ці нейкі бесьпілётнік. Ляцеў нізка, яго было выдатна чуваць. Але з-за дамоў яго відаць не было, толькі чуваць гул як у мапэда, усё як на відэа з Украіны. Ну і ня проста ж зьявіўся самалёт адразу. Ён заглушыў гул дрона, таму на відэа яго не чуваць», — расказвае сьведка.
На відэа, якое атрымала Свабода, бачна, як зьяўляецца авіяцыя. Паводле сьведкі здарэньня, самалёт зрабіў некалькі колаў і адляцеў. Гуку зьбіцьця лятальнага апарату чуваць не было.
Рэдакцыя валодае дакладнай траекторыяй палёту бесьпілётніка. Зь яе можна зрабіць выснову, што бесьпілётнік рухаўся на наўночны захад, імаверна у бок Літвы.
Праект маніторынгу ваеннай актыўнасьці «Беларускі Гаюн», паводле абноўленых зьвестак, сьцьвярджае, што ў ноч з 6 на 7 верасьня ў паветраную прастору Беларусі агулам заляцелі сама меней 7 дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед» і, меркавана, упершыню — выведвальны расейскі БПЛА тыпу Supercam (у ноч на 7 верасьня праект паведамляў пра 4 дроны, якія заляцелі на тэрыторыю Беларусі).
Паводле зьвестак праекту, першы «Шахед» заляцеў з Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны ў напрамку Лоева каля 23:20 і ўжо праз 40 хвілін вылецеў назад ва Украіну ў напрамку Кіеўскага вадасховішча. Далейшыя бесьпілётнікі «Шахед» заляталі на тэрыторыю Беларусі прыкладна ў 02:45, 03:10, 03:37, 03:49, 05:16 і 05:54. А каля 08:13, паводле звестак вайскова-аналітычнага Тэлеграм-каналу «єРадар», у Беларусь заляцеў выведвальны БПЛА тыпу Supercam.
Як сьцьвярджае «Гаюн», акрамя заходаў у Гомельскую вобласьць, мінулай ноччу адзін з «Шахедаў» заляцеў і ў Берасьцейскую вобласьць каля 05:16 у раёне Пінска і працягнуў рух на поўнач, зайшоў у Горадзенскую вобласьць (упершыню за ўвесь маніторынг) і даляцеў да самых Карэлічаў і Наваградка, трымаючы курс у напрамку мяжы зь Літвой. Меркавана, гэты апошні бесьпілётнік і заўважыў сьведка Свабоды.
«Беларускі Гаюн» пасьля пацьвердзіў Свабодзе, што відэа супадае са зьвесткамі праекту, паводле якіх, у той час на мяжы Горадзенскай, Менскай і Берасьцейскай абласьцей пралятаў дрон, які зайшоў празь Пінск каля 05:16.
Таксама, паводле інфармацыі «Гаюна», на працягу ночы ў небе над Беларусьсю працавалі зьнішчальнікі і вэрталёты Вайскова-паветраных сіл Беларусі (яны ўзьляталі з аэрадрома Баранавічы 4 разы, а верталёты з Мачулішчаў — двойчы). Авіяцыю заўважылі ня толькі на поўдні краіны, але таксама і на самай поўначы — у раёне Астраўца і Вілейкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы Расея атакавала Ўкраіну 67 дронамі, некалькі зь іх паляцелі ў бок Беларусі. У Кіеве ўзьнік пажар