«Мы толькі выйшлі — і крык. А потым нас накрыла». Размова са студэнтам, які выжыў падчас расейскага ўдару па Інстытуце сувязі ў Палтаве

Разбор завалаў пасьля расейскага ракетнага ўдару па Інстытуце сувязі. Палтава, 5 верасьня 2024

У Палтаве завяршылі разбор завалаў Інстытуту сувязі пасьля расейскага ракетнага ўдару, які быў нанесены яшчэ ў панядзелак. Паводле зьвестак ратавальнікаў, усяго загінулі 55 чалавек, 328 чалавек былі параненыя.

З адным з тых, хто выжыў падчас гэтага нападу, Сяргеем, пагаварыў журналіст тэлеканалу «Настоящее время» Андрэй Кузакоў.


«Я ішоў наперад, я назад не глядзеў. Я проста гляджу: наперадзе аскепкі, па баках аскепкі, кавалкі чагосьці. Але ні людзей, нікога я ўвогуле ня бачыў. Толькі ішоў наперад і бачыў, што людзі беглі і клікалі: «Усе сюды! Усе сюды!» — расказвае Сяргей.

Ён паранены ў галаву і нагу, перасоўваецца на мыліцах, рукі пасечаныя дробнымі аскепкамі.

Сваякі загіблых ад расейскай атакі ў Палтаве каля моргу

«Былі на занятку, была паветраная трывога, усім сказалі: хутка ўніз. І я адным зь першых пабег, за мной яшчэ два чалавекі. Праз цэнтральны ўваход. Мы толькі выйшлі — і тут крык, што самалёт. Другі крычыць, што ракета. І потым усё, нас накрыла. Потым другая ракета праз сэкундаў пяць-сем.

Сяргея заваліла цэглай і тынкоўкай. Двух хлопцаў, якія выбягалі зь ім, ён больш ня бачыў:

«Казалі, што адзін без нагі ў вельмі цяжкім стане, а другі „двухсоты“ [загінуў]. Але гэта па словах. Дакладна я ня бачыў, я тады наагул нікога ня бачыў на адрэналіне».

Лекары палтаўскіх шпіталяў, куды прыбывалі першыя параненыя, расказваюць, што пацыентаў прывозілі з пашкоджаньнямі галаўнога і сьпіннога мозгу, траўмамі грудзей, жывата. Прыйшлося правесьці вялізную колькасць ампутацый. Але лекары запэўніваюць, што ўдалося эфэктыўна арганізаваць працу. Адначасова працавалі дзевяць апэрацыйных, гаворыць галоўны доктар адной зь лякарняў Рыгор Аксак:

«Я некалькі разоў рабіў абходы, калі аказвалася мэдыцынская дапамога, у апэрацыйную падымаўся. У апэрацыйнай сёстры плакалі, калі яны бачылі такую колькасьць пацярпелых, такую цяжкую траўму. Вы можаце ўявіць, якая гэта эмоцыя для апэрацыйных сясьцёр, якія часта бачаць кроў, унутраныя органы чалавека — і тое для іх гэта было вялізным шокам. Але ў лякарні не было панікі, кожны ведаў, што рабіць».

Разбор завалаў пасьля расейскай ракетнай атакі на Палтаву. 4 верасьня

Выратавальныя работы на месцы ўдару працягваюцца.

Апэратыўныя службы расчышчаюць завалы. Вывезлі ўжо дзве тысячы тон будаўнічага друзу. На дапамогу прыехалі ратавальнікі з Кіеўскай і Чаркаскай абласьцей. Пакуль была надзея знайсьці жывых, ратавальнікі разьбіралі завалы ўручную.

«Праведзены работы ў дэблякаваньні цяжкіх канструкцый, існавала наагул пагроза разбурэньня гэтых канструкцый, — расказвае сьпікерка ратавальнікаў Палтаўскай вобласці Сьвятлана Рыбалка. — Цяпер праводзяцца работы для расчысткі тэрыторыі».

Ратавальнікі гавораць, што расейскія войскі нібыта наўмысна не давалі завяршыць ратавальную апэрацыю: з моманту трагедыі над Палтавай прагучала ўжо мінімум 14 паветраных трывог агульнай працягласьцю больш як 24 гадзіны. Самая доўгая — 9 гадзін.

На час пагрозы паветранага ўдару ўсе работы спыняюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палтаве завяршылі разбор завалаў пасьля расейскага ўдару. Ён стаў адным з самых сьмяротных з пачатку вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць параненых у выніку расейскай атакі па Львове вырасла да 64, у цяжкім стане 65 пацярпелых у Палтаве

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.