Пра гэта заявіў кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі Рафаэль Гросі пасьля агляду градзірні.
Сваю відэасправаздачу аб паездцы на ЗАЭС ён выклаў у сацсетцы X. Пабываўшы ўнутры градзірні і агледзеўшы разбурэньні, прычыненыя агнём, кіраўнік МАГАТЭ прыйшоў да высновы, што «ёю больш нельга карыстацца, таму яе, верагодна, у пэўны момант зьнясуць».
Фізік-ядзершчык, экспэрт атамнага праекту Bellona Дзьмітрый Гарчакоў адзначаў, што цяпер градзірні на ЗАЭС ніяк не выкарыстоўваюцца і ня важныя для яе бясьпекі. 13 красавіка быў спынены апошні з шасьці энэргаблёкаў ЗАЭС.
11 жніўня на Запароскай АЭС, якая знаходзіцца пад кантролем Расеі на акупаванай расейскімі войскамі тэрыторыі, адбыўся буйны пажар. Відэа выклаў у сацсетцы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Масква і Кіеў абмяняліся абвінавачаньнямі ў сувязі з пажарам. Расейскія ўлады сьцьвярджаюць, што яго прычынай нібыта стала атака УСУ з выкарыстаньнем бесьпілётніка. Украіна ўсклала адказнасьць на расейскі бок, указаўшы на магчымую халатнасьць або падпал.
Кіраўнік МАГАТЭ пазьней пацьвердзіў, што пажар на градзірні Запароскай АЭС не паўплываў на ядзерную бясьпеку. У той жа час ён заклікаў неадкладна спыніць «безразважныя» атакі на ЗАЭС, якія ставяць пад пагрозу атамную бясьпеку на станцыі і павялічваюць рызыку ядзернай аварыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МАГАТЭ заявілі, што пажар на Запароскай АЭС ня мае ўплыву на ядзерную бясьпекуПабудаваная ў 1981 годзе Запароская АЭС — найбуйнейшая ў Эўропе. Яе магутнасьць складае 6000 МВт. Электраэнэргіі яна цяпер не выпрацоўвае, рэактары заглушаныя пасьля неаднаразовых абстрэлаў.
Раней экспэрты місіі Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), якія стала знаходзяцца на тэрыторыі Запароскай АЭС, наведалі аб’ект, дзе адбыўся пажар. У той жа час экспэрты не змаглі падняцца на вежу і прайсьці бліжэй да басэйну з халоднай вадой, бо ім не дазволілі гэтага зрабіць зь меркаваньняў бясьпекі.
Паводле экспэртаў МАГАТЭ, «ядзерная бясьпека станцыі не пацярпела, бо ахаладжальныя ўстаноўкі цяпер не працуюць», а радыяцыйны маніторынг у раёне вежаў і рэактараў пацьвердзіў брак павышанай радыяцыі.
Пажар на ЗАЭС
11 жніўня адразу некалькі крыніц апублікавалі відэазапіс з пажарам на Запароскай АЭС. Украінскі і расейскі бакі абвінавацілі адзін аднаго ў прычынах яго ўзьнікненьня.
12 жніўня экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), якія знаходзяцца на тэрыторыі Запароскай АЭС, зьвярнуліся да Расеі з просьбай даць доступ да месца пажару на адным з аб’ектаў станцыі для вывучэньня прычыны пажару і яго наступстваў.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
Сёлета 11 ліпеня Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.