Факт затрыманьня 50-гадовага японца ў Беларусі «9 ліпеня за меркаванае парушэньне беларускага заканадаўства» пацьвердзіла 4 верасьня тэлеканалу NHK амбасада Японіі ў Менску.
5 верасьня гэтую інфармацыю пацьвердзіў журналістам галоўны сакратар Кабінэту міністраў Японіі Ёсімаса Хаясі. Паводле яго, японскі консул сустрэўся з затрыманым, урад «аказаў яму максымальную падтрымку, у тым ліку зьвязаўся зь ягонымі сваякамі».
Хаясі паведаміў, што «мужчына здаровы», аднак ня стаў раскрываць падрабязнасьцяў, зьвязаных з затрыманьнем, спаслаўшыся на тое, што «справа знаходзіцца ў стадыі расьсьледаваньня, а інфармацыя носіць асабісты характар».
Паводле яго, урад Японіі працягне «максымальна падтрымліваць» мужчыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўпершыню затрымалі супрацоўніка японскіх спэцслужбаў, — дзяржаўныя СМІУвечары 4 верасьня тэлеграм-канал Агенцтва тэленавінаў, якое ўваходзіць у структуру Белтэлерадыёкампаніі, анансаваў паказ рэпартажу пра затрыманьне грамадзяніна Японіі, які нібыта зьвязаны са спэцслужбамі сваёй роднай краіны, у Беларусі займаўся зборам інфармацыі.
У 42-сэкундным відэароліку на «Беларусь-1» паказалі чалавека, які гаворыць па-расейску і называецца як Масатосі Наканісі. Сьцьвярджаецца, што ён нібыта дзейнічаў у Гомлі.
Чалавек з такім імем і прозьвішчам знайшоўся на сайце Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны. На сайце ВНУ ён прадстаўлены як выкладчык японскай мовы на навучальных курсах «ГДУ-Профі» Інстытуту дадатковай адукацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За «шпіянаж» у Беларусі асудзілі яшчэ аднаго іншаземца, — праваабаронцы