Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўпершыню затрымалі супрацоўніка японскіх спэцслужбаў, — дзяржаўныя СМІ


Затрыманы ў Беларусі нібыта «японскі шпіён» на скрыншоце зь відэа тэлеканалу «Беларусь 1»
Затрыманы ў Беларусі нібыта «японскі шпіён» на скрыншоце зь відэа тэлеканалу «Беларусь 1»

У Беларусі спыненая дзейнасьць японскіх спэцслужбаў, заявілі ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1».

У паведамленьні каналу ў Тэлеграме сьцьвярджаецца, што сілавікі затрымалі агента Японіі. Ён, як сьцьвярджаюць прапагандысты, нібыта меў «самыя шырокія інтарэсы», пачынаючы ад збору інфармацыі пра сацыяльна-палітычную абстаноўку ў Беларусі, рэалізацыю кітайскай ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях», і заканчваючы тым, што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы, здымкамі вайсковай інфраструктуры.

У 42-сэкундным відэароліку «Беларусь 1» паказваюць японца, які гаворыць па-расейску і прадстаўляецца як Наканісі Масатосі. Сьцьвярджаецца, што ён нібыта дзейнічаў у Гомлі.

Чалавек з такім імем і прозьвішчам знайшоўся на сайце Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны. На сайце ВНУ ён прадстаўлены як выкладчык японскай мовы на навучальных курсах «ГДУ-Профі» Інстытуту дадатковай адукацыі, заўважыла выданьне «Люстэрка».

На відэа «Беларусь 1» паказаныя кадры зь ім у кайданках і нейкай мапай, а таксама каля чыгуначных шляхоў. Затрыманы на відэа кажа, што ягоныя дзеяньні «могуць быць небясьпечнымі для Беларусі».

Падрабязнасьці прапагандысты абяцаюць расказаць 5 верасьня ў «спэцыяльным рэпартажы «Правал „самурая“ з Токіё».

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 2020 году ў палітычных справах у Беларусі за «шпіянаж» асудзілі трох замежнікаў — грамадзяніна Польшы Томаша Бярозу (яму прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня) і ўкраінцаў Андрэя Шмая (прысуд невядомы) і Натальлю Захаранку (прысудзілі 9 гадоў зьняволеньня; у канцы чэрвеня яе вызвалілі зь беларускай турмы ў рамках абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай).
  • У 2022–2023 гадах контравыведка КДБ Беларусі затрымала 16 іншаземцаў, заявіў старшыня КДБ Іван Тэртэль 20 лютага на пашыранай нарадзе Лукашэнкі з кіроўным складам сілавых органаў.
  • 24 чэрвеня Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх арт. 358-1 (агентурная дзейнасьць). Пазьней Крыгер быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену зьняволенымі паміж Расеяй, ЗША і яшчэ некалькімі краінамі.
  • Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны» на 1 ліпеня, у зьняволеньні паводле «палітычных» прысудаў у Беларусі знаходзяцца грамадзяне Ўкраіны, Польшчы, Расеі, Латвіі, Казахстану і Узбэкістану — агулам 25 чалавек. Насамрэч іх можа быць больш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG