Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «шпіянаж» у Беларусі асудзілі яшчэ аднаго іншаземца, — праваабаронцы


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У Берасьцейскім абласным судзе
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. У Берасьцейскім абласным судзе

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што некалькі месяцаў таму ў Берасьцейскім абласным судзе паводле артыкулаў «шпіянаж» (арт. 358) і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4) Крымінальнага кодэксу асудзілі Дзьмітрыя Шлэтгаўэра.

Праваабаронцы адзначаюць, што паводле артыкулу аб шпіянажы ў Беларусі «могуць судзіць толькі замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства».

Працэс у справе Дзьмітрыя Шлэтгаўэра праходзіў у закрытым рэжыме, на сайце Вярхоўнага суду ён не пазначаўся. Пра абставіны справы праваабаронцам нічога не вядома. Прысуд Шлэтгаўэру таксама невядомы, але санкцыя апошняга артыкулу прадугледжвае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.

30 жніўня Вярхоўны суд Беларусі разгледзіць апэляцыйную скаргу на прысуд.

  • Паводле зьвестак праваабаронцаў, з 2020 году ў палітычных справах у Беларусі за «шпіянаж» асудзілі трох чалавек — грамадзяніна Польшы Томаша Бярозу (яму прысудзілі 14 гадоў зьняволеньня) і ўкраінцаў Андрэя Шмая (прысуд невядомы) і Натальлю Захаранку (прысудзілі 9 гадоў зьняволеньня; у канцы чэрвеня яе вызвалілі зь беларускай турмы ў рамках абмену палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай).
  • У 2022–2023 гадах контравыведка КДБ Беларусі затрымала 16 іншаземцаў, заявіў старшыня КДБ Іван Тэртэль 20 лютага на пашыранай нарадзе Лукашэнкі з кіроўным складам сілавых органаў.
  • 24 чэрвеня Менскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд грамадзяніну Нямеччыны Рыка Крыгеру. Суд прызнаў яго вінаватым паводле 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх арт. 358-1 (агентурная дзейнасьць). Пазьней Крыгер быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену зьняволенымі паміж Расеяй, ЗША і яшчэ некалькімі краінамі.
  • Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны» на 1 ліпеня, у зьняволеньні паводле «палітычных» прысудаў у Беларусі знаходзяцца грамадзяне Ўкраіны, Польшчы, Расеі, Латвіі, Казахстану і Узбэкістану — агулам 25 чалавек. Насамрэч іх можа быць больш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG