«ПіК Свабоды»: У верасьні магчымыя вызваленьні знакавых палітвязьняў, — прадстаўніца ініцыятывы dissidentby

Марына Касінерава, каляж

Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што Лукашэнка памілаваў 30 палітвязьняў. Ці можна гаварыць пра рэальнае паслабленьне рэпрэсій, ад каго залежыць вызваленьне палітвязьняў? Госьця «ПіКа Свабоды» — Марына Касінерава, прадстаўніца ініцыятывы dissidentby, якая займаецца прамой дапамогай палітвязьням.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты інтэрвію

— Прозьвішчы памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў на момант запісу гэтага інтэрвію не былі названыя. Паводле прэсавай службы Лукашэнкі, сярод памілаваных 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць асуджаных — бацькі непаўналетніх і малалетніх дзяцей, паведамляецца, што «гэтае рашэньне — гуманны жэст у адносінах да гэтых людзей», — адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі. Марына, ваша рэакцыя і ацэнка? Ці можна гаварыць пра пэўныя зрухі — ці прынамсі пра магчымасьць зрухаў — у вызваленьні палітвязьняў з боку рэжыму?

— Найперш варта адзначыць, што ўсе выказваньні Лукашэнкі — звычайна хлусьлівыя. Перад 3 ліпеня ў ягонай прэсавай службе заявілі, што на свабоду збольшага выйдуць людзі, якія маюць цяжкія захворваньні, але з 18 зафіксаваных вызваленьняў з гуманітарнага сьпісу, які склалі праваабаронцы, было толькі тры чалавекі, і адзін цяжка хворы быў Рыгор Кастусёў. За жнівень анансавалі 30 чалавек, мы зафіксавалі 25 чалавек, якія выйшлі. Там было больш людзей, якія маюць захворваньні, сярод іх Ксенія Луцкіна. Наконт сёньняшняга вызваленьня пакуль публічна не вядома прозьвішчаў. Мы працягваем зьбіраюць інфармацыю, і на працягу некалькіх дзён будзе больш дакладна вядома.

Варта адзначыць, як адбываецца сам працэс гэтых памілаваньняў... Звычайна ў калёнію прыяжджае чалавек зь Менску, гэта пракурор. У яго ёсьць сьпіс, паводле якога варта адпусьціць з гэтай калёніі 3-5 чалавек. Разам з адміністрацыяй калёніі яны пачынаюць выбіраць каго — да каго няма прэтэнзій з боку адміністрацыі, хто гатовы прызнаць віну, хто гатовы падпісаць памілаваньне, магчыма, зьняцца ў «фільмах». За кратамі знаходзяцца людзі, якія не павінны там знаходзіцца. Яны не ўчынілі ніякіх правапарушэньняў, за якія варта адпраўляць у калёнію. І на волю выходзяць людзі, якія не павінны там знаходзіцца ўвогуле.

Як праваабаронцам нам важна ацэньваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. На жаль, яна не зьмяняецца. Наша ініцыятыва dissidentby зарэгістравала за жнівень 182 затрыманьні ў крымінальных справах. Толькі за адзін месяц. Гэтая статыстыка вельмі важная для разуменьня агульнай сытуацыі і таго, што нічога не зьмяняецца ўнутры краіны. Рэпрэсіі становяцца больш аб’ёмнымі, і мяняецца якасьць рэпрэсій.

— Які ваш прагноз што да анансаванага прапагандыстамі выхаду вялікай колькасьці палітвязьняў з нагоды афіцыйнага сьвята 17 верасьня?

— Нам перадаюць інфармацыю вязьні, якія знаходзяцца ў калёніях, і вязьні, якія зараз выходзяць, што людзей збольшага прымушаюць пісаць прашэньні аб памілаваньні. Я б не ўжывала слова «прапаноўваюць», бо ў гэтых прапановах няма варыянтаў адмовіцца. Калі чалавек адмаўляецца, то, напрыклад, у калёніі № 15 людзей саджалі на 15 содняў. Ім пагражаюць завесьці справу па крымінальным артыкуле 421. Хутчэй гэта выбар бяз выбару. Тым ня менш да людзей ходзяць, ёсьць выпадкі, калі людзі падпісваюць прашэньне аб памілаваньні, і іх не выпускаюць. Ёсьць і іншыя выпадкі. Падчас апошніх вызваленьняў на волі апынуліся людзі, якія адмовіліся падпісваць прашэньне аб памілаваньні, тым ня менш іх усё роўна адпусьцілі.

Я дапускаю, што ў гэтым месяцы мы пабачым яшчэ вызваленьні, мажліва, гэта будуць так званыя знакавыя асобы. Пры гэтым варта ўлічваць агульную сытуацыю і ніколі не забываць пра лічбы новых затрыманых, тых людзей, якіх садзяць на вялікія тэрміны. На жаль, канвэер рэпрэсій не спыняецца. Пра гэта заўсёды варта памятаць, калі мы спрабуем ацаніць сытуацыю цалкам, ня весьціся на лёзунгі, што, «аказваецца, пачалася лібэралізацыя». На жаль, не пачалася. Мажліва, гэта частка вялікай палітычнай гульні Лукашэнкі, і нам пра гэта варта заўсёды ўзгадваць.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.