У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заклікалі, каб ніводняа краіна ў сьвеце не давала плятформу прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну для прасоўваньня яго агрэсіі супраць Украіны.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Мэт’ю Мілер, адказваючы на пытаньне пра візыт Пуціна ў Манголію. Пра гэта піша «Голас Амэрыкі».
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што разумее «цяжкую сытуацыю, у якой апынулася Манголія», суседзямі якой зьяўляюцца Расея і Кітай.
«Перш за ўсё, мы лічым, што ніводная краіна не павінна даваць Пуціну пляцоўку для прасоўваньня агрэсіўнай вайны супраць Украіны, і мы спадзяёмся, што Манголія будзе выконваць свае абавязаньні ў адпаведнасьці з прынцыпамі Статуту ААН, уключна з пытаньнямі сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, — сказаў Мілер.
Пры гэтым Мілер адзначыў, што разумее пазыцыю Манголіі, якая знаходзіцца „паміж двума значна большымі суседзямі“, але яшчэ раз падкрэсьліў важнасьць працягваць падтрымліваць вяршэнства права ва ўсім сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прыляцеў у Манголію. Яго не арыштавалі, а прынялі ўрачыстаАбвешчаны ў міжнародны вышук кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, нягледзячы на заклікі міжнароднай супольнасьці да Манголіі арыштаваць яго, пачаў візыт ва Ўлан-Батар. Гэта адбылося ў дзень новага масаванага авіяўдару Расеі па гарадах Украіны, у выніку якога ў Палтаве загінулі звыш 50 чалавек, больш за 200 атрымалі раненьні.
Афіцыйныя асобы Манголіі раскінулі для яго чырвоную дарожку і арганізавалі ганаровую варту, у той час як прэзыдэнт Манголіі Ўхнаагійн Хурэлсух суправаджаў Пуціна ў Палац ураду, дзе абодва палітыкі аддалі даніну павагі статуі Чынгісхана, перш чым пайсьці ўнутр для закрытых сустрэч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Манголіі патлумачылі, чаму не арыштавалі Пуціна падчас ягонага візыту ў краіну