Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Манголіі патлумачылі, чаму не арыштавалі Пуціна падчас ягонага візыту ў краіну


Ухнаагійн Хурэлсух (зьлева) і Ўладзімір Пуцін ва Ўлан-Батары, Манголія, 3 верасня 2024 году
Ухнаагійн Хурэлсух (зьлева) і Ўладзімір Пуцін ва Ўлан-Батары, Манголія, 3 верасня 2024 году

Улан-Батар ня можа арыштаваць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на падставе ордэру Міжнароднага крымінальнага суду, бо Манголія знаходзіцца ў становішчы энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, заявіў у размове з выданьнем Politico прадстаўнік мангольскага ўраду.

«У нас зьвязаныя рукі», — так пракамэнтаваў выданьню прадстаўнік ураду Манголіі невыкананьне міжнароднага ордэру на арышт Уладзіміра Пуціна, калі той прыбыў у краіну з афіцыйным візытам.

«Манголія імпартуе 95% сваіх нафтапрадуктаў і больш за 20% электраэнэргіі ад нашых бліжэйшых суседзяў (...) Гэтыя пастаўкі маюць вырашальнае значэньне для забесьпячэньня нашага існаваньня і існаваньня нашага народу», — сказаў прадстаўнік ураду Манголіі.

Ён адзначыў, што Манголія заўсёды «прытрымлівалася палітыкі нэўтралітэту ва ўсіх сваіх дыпляматычных адносінах».

Тым часам ва Ўлан-Батары затрымалі групу пратэстоўцаў, якія спрабавалі разгарнуць украінскі сьцяг падчас візыту Пуціна, паведамляе Associated Press. Паліцыянты затрымалі некалькі ўдзельнікаў акцыі перад тым, як Пуцін і прэздэнт Манголіі Ухнаагійн Хурэлсух прыбылі да будынка ўраду. Яшчэ пяць чалавек, паводле зьвестак агенцтва, стаялі за некалькі кварталаў на захад ад галоўнай плошчы з антыпуцінскім банэрам і ўкраінскім сьцягам. Даведаўшыся пра арышт пратэстоўцаў, яны разышліся.

  • У Манголіі пражываюць больш за тры мільёны чалавек. Краіна мяжуе з Расеяй і Кітаем.
  • У 2003 годзе Манголія стала сябрам Міжнароднага крымінальнага суду, які выдаў ордэр на арышт Пуціна па падазрэньні ў выкраданьні дзяцей з Украіны. Краіны — сябры Міжнароднага крымінальнага суду абавязаныя затрымліваць падазраваных, калі быў выдадзены ордэр на арышт, пры гэтым суд ня мае мэханізму прымусовага выкананьня.
  • Украіна заклікала Манголію арыштаваць Пуціна і перадаць яго суду ў Гаазе.
  • Уладзімір Пуцін прыбыў у Манголію 2 верасьня для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысьвечаных 85-годзьдзю сумеснай перамогі савецкіх і мангольскіх войскаў над японскімі ўзброенымі сіламі на рацэ Халхін-Гол. Пуціна запрасіў прэзыдэнт краіны Ухнаагійн Хурэлсух. Гэта першая паездка Пуціна ў краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суду, з сакавіка 2023 году, калі быў выдадзены ордэр на яго арышт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG