Пра гэта было заяўлена 3 верасня на пасяджэнні АПК, паведамляе яго прэс-служба.
Прадстаўніца Кабінэту ў нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык паведаміла аб «праблеме пераадоленьня цяжкасьцяў», якія ўзьніклі ў беларускіх абітурыентаў польскіх ВНУ ў сувязі з патрабаваньнем «падаць пры паступленьні, акрамя дыплёму, яшчэ і актуальныя вынікі ЦТ зь Беларусі».
Летась такое патрабаваньне да беларусаў не выстаўлялася, а было дастаткова атэстату, адзначаецца ў паведамленьні.
«Цяпер высьвятляецца, чаму ўзьнікла такое патрабаваньне, празь якое зьявіліся праблемы ў тысяч абітурыентаў, якія павінны пацьвердзіць атэстаты аб адукацыі ў Беларусі да 26 верасьня», — зазначае АПК.
Аб праблеме 29 жніўня паведаміў «Белсат».
25 кастрычніка 2022 году ўрад Беларусі скасаваў пагадненьне аб узаемным прызнаньні дакумэнтаў аб адукацыі з Польшчай. Пасьля гэтага беларускія абітурыенты пацьвярджалі польскім ВНУ атрыманьне сярэдняй адукацыі рознымі спосабамі: рабілі апастылі, пераклады, спрабавалі атрымаць дублікаты дакумэнтаў у беларускіх адукацыйных установах.
У траўні 2024 году Міністэрства адукацыі Беларусі перастала прымаць заявы на выдачу даведак, якія пацьвярджаюць легальнасьць атэстатаў. Такія даведкі патрабавалі ў тым ліку польскія ВНУ пры прыёме беларускіх грамадзян на навучаньне.
Пазьней стала вядома, што Мінадукацыі Беларусі спыніла выдачу нават тых даведак, якія б маглі даказаць, што школа, якую абітурыент скончыў, мае акрэдытацыю (такі дакумэнт таксама просяць польскія ВНУ).
7 чэрвеня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі ў заканадаўчыя акты аб дапамозе грамадзянам Украіны, якія апроч іншага спрашчаюць прызнаньне беларускіх дакумэнтаў аб адукацыі.
У прыватнасьці, сказана, што атэстат аб адукацыі, атрыманы ў краіне, якая дэнансавала міжнароднае пагадненьне аб узаемным прызнаньні атэстатаў і іншых выдадзеных за мяжой дакумэнтаў, можа быць пацьверджаны ў Польшчы.
Аднак беларускія абітурыенты сутыкнуліся з тым, што ў іх пачалі патрабаваць вынікі праведзенага ў краіне цэнтралізаванага тэставаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Было нуль мэтавікаў на ІТ, стала 67. Як дзяржава змагаецца з кадравым голадам пры дапамозе мэтавага набору ў ВНУ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць аддала перавагу расейскай. У Беларусі прайшлі ЦТ і ЦЭ па беларускай і расейскай мовах