Аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol паведаміла, што ў Беларусі ўлады будуць ладзіць «Маратон адзінства». Паводле іхнай інфармацыі, гэта будзе акцыя ўладаў да выбараў, якая пройдзе ў 2024–2025 гадах і скончыцца вялікім канцэртам 24 лютага наступнага году.
А старт акцыі будзе 17 верасьня сёлета. Ужо трэці год улады сьвяткуюць у гэтую дату «Дзень народнага адзінства».
Першы раз яго адзначалі ў 2021 годзе, тады ж пад гэты дзень стварылі адмысловы сайт godedinstva.by. На стварэньне гэтага сайту нават разьмясьцілі заяўку на тэндэрах — на 57 тысяч даляраў па тагачасным курсе. Аднак закупку прызналі нязьдзейсьненай, бо на тэндэр падалася толькі адна арганізацыя — Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Тым ня менш сайт тады зьявіўся, а цяпер замест яго адкрываецца толькі рэкляма онлайн-казіно.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусам варта ведаць пра 17 верасьня
Дым-машыны тыпу гейзэр і 16 установак з сэрпантынам
Згодна з сайтам дзяржзакупак, сьвяткаваньне «Дня народнага адзінства» пройдзе ў Менск-арэне. Для гэтага пляцоўку абсталююць маніторамі: адзін вялікі пасярэдзіне, па два з кожнага боку і адзін круглы ўверсе.
Таксама будуць спэцэфэкты: 8 дым-машынаў тыпу гейзэр, 6 генэратараў цяжкага дыму, 16 установак з сэрпантынам. Пакуль няясна, колькі ўсё гэта будзе каштаваць: арганізатары падалі толькі заяўку, каб патэнцыйныя выканаўцы даслалі на пошту магчымыя кошты. Раней пры арганізацыі сьвятаў дзяржаўныя органы такім чынам заявак не падавалі. Пад гэты ж фэст ёсьць яшчэ два тэндэры — арэнда генэратараў і тэхнічнае забесьпячэньне мерапрыемства, таксама бяз коштаў.
Падобныя мерапрыемствы каштуюць некалькі сотняў тысяч рублёў. Напрыклад, у 2022 годзе сьвяткаваньне «Дня народнага адзінства» абышлося ў 780 000 рублёў, або 298,8 тысячы даляраў па тагачасным курсе.
У Наваполацку — тэатар за 1000 рублёў, у Нясьвіжы — адна кніга за 60
Музэй Вялікай Айчыннай вайны да «Дня народнага адзінства» будзе частаваць гасьцей салдацкай кашай. Адпаведная заяўка разьмешчаная на сайце дзяржзакупак. Ні інгрэдыентаў, ні кошту ў заяўцы не пазначана. Напісана толькі, што кашы павінна хапіць на 500 чалавек. Гатаваць яе будуць у філіяле музэю «Старая мяжа» ў Станькаве Дзяржынскага раёну.
17 верасьня ўлады хочуць правесьці мерапрыемствы і ў рэгіёнах. Напрыклад, у Горадні толькі арэнда сцэнічных канструкцый, абсталяваньня і экранаў абыдзецца ў 20 тысяч рублёў, або 6300 даляраў.
У Гомлі на «арганізацыю ўрачыстага сьвяточнага канцэрту да «Дня народнага адзінства» хочуць патраціць 37 тысяч рублёў, або 11,6 тысячы даляраў.
Тут таксама будуць спэцэфэкты — два стрэлы канфэці: адзін чырвоны, другі зялёны. Выступяць прэзыдэнцкі аркестар і ня менш як 4 індывідуальныя выканаўцы.
У Наваполацку да «Дня народнага адзінства» адкрыюць дзіцячы парк з такой назвай. На адкрыцьці мае выступіць моладзевы тэатар, кошт выступу — 1000 рублёў.
А ў Нясьвіжы да дзяржаўнага сьвята закупяць кнігу «17 верасьня Дзень народнага адзінства» ў адным экзэмпляры за 60 рублёў. Гэта кніга Ўладзімера Ліхадзедава, які раней выдаваў фотаальбомы, у тым ліку пад назвай «75 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».
Хто будзе ладзіць «маратон адзінства»
Аб’яднаньне былых сілавікоў Belpol апублікавала дакумэнт Міністэрства культуры за подпісам першага намесьніка міністра Валерыя Грамады. У ім гаворыцца аб стварэньні аргкамітэту дзеля падрыхтоўкі і правядзеньня «маратону адзінства».
Адмысловую рабочую групу ўзначальвае нявестка Лукашэнкі Ганна Лукашэнка-Сялук — генэральны прадусар «Музычнай медыякампаніі». Ганна — жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя. Сялук — ейны аўтарскі псэўданім.
Яна напісала песьні «Ах, Аляксандар», «Бульба-дэнс», гімн Генэральнай пракуратуры. Таксама Ганна двойчы перамагала на конкурсе «Песьня году Беларусі» як лепшы аўтар словаў — у 2023 і 2024 гадах.
«Музычная медыякампанія» зарэгістраваная ў ліпені 2022 году ў Цэнтральным раёне Менску. Адрас супадае з адрасам Палаца Рэспублікі. Гэтая кампанія ўваходзіць у рэестар Мінкульту, што дазваляе ёй арганізоўваць масавыя мерапрыемствы.
У апісаньні кампаніі пазначана, што яна аказвае «поўны комплекс музычных і мэдыяпаслуг». З сайту кампаніі вынікае, што сёлета яна арганізоўвае «Душэўны фэстываль» у Палацы спорту 6–7 верасьня.
Фэстываль будзе складацца з канцэрту шансону і «народнага канцэрту». У частцы, якая прысьвечаная шансону, выступяць шэсьць выканаўцаў з Расеі і толькі двое зь Беларусі. Сярод гасьцей — экс-вакаліст расейскай групы «Бутырка» Ўладзімір Ждаміраў.
У частцы «народнай музыкі» — 6 камандаў і выступоўцаў з Расеі і чатыры зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто за? Аднагалосна!». Навошта Лукашэнка дагэтуль імкнецца імітаваць «усенародную падтрымку» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць мітаў лукашэнкаўцаў пра 17 верасьня