«Голас Амэрыкі» расказвае пра меркаванага махляра зь Беларусі, які амаль 15 гадоў хаваецца ад амэрыканскага правасудзьдзя.
Дзярждэпартамэнт ЗША паабяцаў 2,5 мільёна даляраў узнагароды за інфармацыю, якая прывядзе да арышту былога грамадзяніна Беларусі (а мяркуецца, і Ўкраіны) Уладзімера Кадарыя, якога абвінавачваюць у распаўсюджаньні шкоднага праграмнага забесьпячэньня. Паводле Міністэрства юстыцыі ЗША, ахвярамі яго злачынстваў сталі мільёны карыстальнікаў кампутараў у ЗША, Польшчы, Францыі і Брытаніі.
Хто такі Ўладзімер Кадарыя
У адкрытых крыніцах асабістай інфармацыі пра Кадарыя вельмі мала. Яму 38 гадоў, ён родам зь Беларусі. Як раней паведамляў Сьледчы камітэт Беларусі, каля 2008 году Кадарыя быў прызнаны падазраваным у прысваеньні грашовых сродкаў у асабліва буйным памеры «шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі».
«Мужчына скупляў у „даркнэце“ рэквізіты і інфармацыю з магнітных палос банкаўскіх картак, запісваў іх на „белы пластык“ для імітацыі банкаўскай плацежнай карткі, а скрадзеныя грошы здымаў праз банкаматы ў Менску. Таксама ён выводзіў грошы праз банкаўскія рахункі „дропаў“, сярод якіх былі, у прыватнасьці, грамадзяне Беларусі», — паведамлялі беларускія ўлады ў сакавіку 2023 году.
«Дропы» — гэта людзі, якія за ўзнагароджаньне даюць зламыснікам доступ да сваіх банкаўскіх рэквізытаў, картак/рахункаў, уключаючы PIN-коды і доступ да інтэрнэт-банкінгу. У асноўным гэта людзі зь нізкім даходам, якім патрэбныя хуткія грошы, тлумачыць «Голас Амэрыкі».
Паводле Сьледчага камітэту Беларусі, у 2016 годзе Кадарыя зьвяртаўся ва Ўкраіну з просьбай даць яму статус уцекача і, імаверна, атрымаў украінскае грамадзянства. Сьледзтва меркавала, што адна з махлярскіх схем прыносіла ў пэрыяд з 2012-га па 2014 год прыкладна 400 тысяч даляраў штомесяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзярждэпартамэнт ЗША абяцае мільёны даляраў за інфармацыю пра беларуса, які ўжо сядзіць у турмеЗатрыманьне і экстрадыцыя
У 2022 годзе ў СК Беларусі паступіла інфармацыя, што Кадарыя некаторы час жыў у Гішпаніі. У жніўні таго ж году ён вылецеў у сталіцу Кіргізстану Бішкек, дзе быў затрыманы.
Тады Беларусь запатрабавала яго экстрадаваць. Кадарыя і яго кіргіскі адвакат заявілі, што на радзіме яго перасьледуюць з палітычных матывах. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе, якія ЗША прызналі сфальсыфікаванымі, у многіх гарадах Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць улады Лукашэнкі. Беларускія ўлады арыштавалі тысячы чалавек, за кратамі апынуліся больш за 1400 палітвязняў. У Кіргізстане Кадарыя называў сябе грамадзянінам Беларусі Андрэем Кавалёвым. Як паведамляе кіргіская служба Радыё Свабода «Радыё Азаттык», у 2017 годзе ён зьмяніў прозьвішча на Кадарыя, калі атрымаў украінскае грамадзянства.
У інтэрвію выданьню «Сегодня» Кадарыя сьцьвярджаў, што працаваў у Менску адміністратарам апазыцыйнага сайту, дзе публікаваліся тэксты пра карупцыю. Паводле яго, у 2008 годзе беларускія сілавікі яго затрымлівалі і тады канфіскавалі ноўтбук, але праз сыстэму шыфраваньня дадзеных не змаглі пацьвердзіць ягоную сувязь з апазыцыяй. Пасьля вызваленьня Кадарыя нібыта адразу ж пакінуў Беларусь.
Але Генпракуратура Кіргізстану ня выявіла палітычных матываў у справе супраць Кадарыя і суд ухваліў яго экстрадыцыю. У сакавіку 2023 году Кадарыя экстрадавалі назад у Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экстрадаванаму з Кіргізстана беларусу прад’явілі абвінавачаньне. На відэа сілавікоў ён кажа, што не зьвязаны з палітыкайМеркаваны саўдзельнік Кадарыя
12 жніўня Міністэрства юстыцыі ЗША абвясьціла, што ў акрузе Нью-Джэрсі і Ўсходняй акрузе Вірджыніі выставілі абвінавачаньне грамадзяніну Ўкраіны і Беларусі Максіму Сільнікаву, які, паводле судовых дакумэнтаў, кіраваў дзьвюма шматгадовымі кібэрзлачыннымі схемамі. Сільнікава арыштавалі ў Польшчы і дэпартавалі ў ЗША. Па вэрсіі амэрыканскіх пракурораў, саўдзельнікамі Максіма Сільнікава зьяўляюцца ўкраінец і беларус Кадарыя і чалавек з расейскім грамадзянствам Андрэй Тарасаў. Згодна з абвінаваўчым заключэньнем Нью-Джэрсі, у пэрыяд з 2013-га па 2022 год кібэрмахляры выкарыстоўвалі «шкодную рэкляму», каб прымусіць ахвяр націскаць на, здавалася б, законную рэкламу ў інтэрнэце і заразіць кампутары амэрыканцаў шкоднымі праграмамі, у тым ліку Angler Exploit Kit.
«Ахвяраў перанакіроўвалі на шкодныя вэб-сайты, якія дастаўлялі шкоднасныя праграмы на іхныя прылады, даючы змоўшчыкам доступ да асабістай інфармацыі ахвяр. Затым змоўшчыкі прадавалі гэты доступ і інфармацыю іншым кібэрзлачынцам у даркнэце. На працягу ўсёй схемы змоўшчыкі спрабавалі ўтаіць сваю асобу ад праваахоўных органаў, у тым ліку з выкарыстаньнем фальшывых псэўданімаў і інтэрнэт-пэрсон», — сказаў акруговы пракурор Нью-Джэрсі.
Праграма-вымагальнік Reveton прыносіла меркаваным злачынцам 400 тысяч даляраў за месяц. У абвінаваўчым заключэньні Кадарыя называецца «шкодным рэклямістам». Калі абвінавачаныя будуць прызнаныя вінаватымі, кожнаму зь іх пагражае 27 гадоў пазбаўленьня волі за змову з мэтай учыненьня махлярства, 10 гадоў за змову з мэтай учыненьня кампутарнага махлярства, 20 гадоў за кожнае абвінавачаньне ў махлярстве па «спасылцы».
Але ў выпадку з Кадарыя застаецца адкрытым адно важнае пытаньне: дзе ён цяпер? Ён можа апынуцца ў турме ў Беларусі, куды быў экстрадаваны паўтара года таму. Аднак пацьвердзіць гэтую інфармацыю «Голасу Амэрыкі» не ўдалося: у МУС Беларусі не адказалі на запыт. Міністэрства юстыцыі і Дзярждэпартамэнт ЗША не адказалі на пытаньні аб магчымым затрыманьні Кадарыя. Аб’ява на сайце Дзярждэпартамэнту прапануе ўзнагароду за інфармацыю, якая прывядзе да арышту або асуджэньня Кадарыя ў любым месцы сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомы кібэрзлачынца, арыштаваны ў выніку міжнароднай апэрацыі, аказаўся беларусам. Што пра яго вядома