У выніку міжнароднай апэрацыі быў арыштаваны адзін з самых вядомых «расейскамоўных кібэрзлачынцаў у сьвеце». Ім аказаўся 38-гадовы беларус Максім Сільнікаў, паведамляе Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасьцю Вялікай Брытаніі (NCA).
Сільнікава абвінавачваюць у міжнародных кібэрзлачынствах, якія той ладзіў пад вядомымі ў сусьветнай кібэрпрасторы псэўданімамі «J.P. Morgan», «xxx» і «lansky».
Паводле сьледзтва, Сільнікаў і ягоныя саўдзельнікі зьяўляюцца «элітнымі кібэрзлачынцамі», «якія прымалі экстрэмальныя меры засьцярогі, каб іх не знайшлі заходнія спэцслужбы».
Пошук Сільнікава і ягонай хакерскай групоўкі Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасьцю Вялікай Брытаніі вяло з 2015 году. Паралельныя расьсьледаваньні таксама вялі Сакрэтная служба ЗША (USSS) і ФБР. У выніку спэцыялісты з NCA ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі партнэрамі змаглі ідэнтыфікаваць Сільнікава і яго саўдзельнікаў, адсачылі і знайшлі іх, калі тыя хаваліся па ўсёй Эўропе.
Заходнія спэцслужбы паказалі кадры зь Сільнікавым, якога вядуць у кайданках:
Адзначаецца, што Сільнікава арыштавалі яшчэ ў ліпені 2023 году ў кватэры ў гішпанскім горадзе Эстэпона, а потым адправілі ў Польшчу. Адтуль 9 жніўня 2024 году яго экстрадавалі ў ЗША для выстаўленьня афіцыйных абвінавачваньняў.
Паводле брытанскага агенцтва, злачынную дзейнасьць Сільнікава можна прасачыць як мінімум з 2011 году, калі ён і ягоныя калегі стварылі злачынны картэль Reveton, які ўкараніў першую ў гісторыі бізнэс-мадэль «праграмы-вымагальніка ў якасьці паслугі» (Ransomware as a service, RaaS).
Для таго, каб заразіць прылады ахвяраў праграмай Reveton, Сільнікаў і яго сетка кібэрзлачынцаў рассылалі людзям паведамленьні, якія імітуюць паведамленьні праваахоўных органаў, дзе абвінавачвалі ахвяраў у спампаваньні незаконнага кантэнту (напрыклад, матэрыялаў аб жорсткім абыходжаньні зь дзецьмі і абароненых аўтарскім правам праграмаў). Гэтыя паведамленьні ўключалі апавяшчэньні, якія блякавалі экран і сыстэму прыладаў ахвяраў кібэрзлачынства.
Праграма Reveton магла сфатаграфаваць карыстальніка праз вэб-камэру, каб суправадзіць апавяшчэньне патрабаваньнем аплаты. Потым ахвяр прымушалі плаціць «штрафы» пад страхам турэмнага зьняволеньня.
У выніку махлярства толькі ў ЗША з 2012 па 2014 год у ахвяраў штомесяц вымагалі каля 400 тысяч даляраў. Агулам па ўсім сьвеце каманда Максіма Сільнікава скрала дзясяткі мільёнаў даляраў.
Паводле зьвестак BelPol, Сільнікаў меў і грамадзянства Ўкраіны, піша «Наша Ніва». Ён у разводзе, мае двух дзяцей. Вучыўся ў гімназіі № 5 Менску, а пасьля ў БНТУ. Пасьля працаваў у кампаніі «ТэхнаТрансВарыянт». Зьехаў зь Беларусі ў 2013 годзе. Быў у вышуку за ўхіленьне ад прызыву ў войска.
Акрамя Сільнікава, у кібэрзлачынствах у ЗША абвінавачваюць 38-гадовага Ўладзімера Кадарыю зь Беларусі і 33-гадовага Андрэя Тарасава з Расеі. Паводле сьледзтва, яны нібыта гралі ключавыя ролі ў злачыннай групоўцы J.P. Morgan.
- У верасьні 2022 году ў Кіргізстане на запыт Беларусі затрымалі беларускага грамадзяніна Ўладзімера Кадарыю. Зь СІЗА ён папрасіў аб атрыманьні статусу ўцекача і 9 сьнежня 2022 году атрымаў адпаведнае пасьведчаньне. Аднак праз тры дні, 12 сьнежня, суд Бішкеку вынес рашэньне аб яго экстрадыцыі, задаволіўшы заяву Генпракуратуры. 6 сакавіка стала вядома, што Кадарыю экстрадавалі ў Беларусь.
- У сакавіку 2023 году Кадарыю ў Беларусі прад’явілі абвінавачаньне ў крадзяжы ў 2008 годзе грошай з рахункаў замежных грамадзян і юрыдычных асобаў «шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі» (ч. 4 арт. 212 Крымінальнага кодэксу). У CК Беларусі паведамілі, што Уладзімер Кадарыя прызнаў віну.
- Таксама СК апублікаваў відэазапіс, на якім мужчына сьцьвярджае, што ніяк не зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю і ня мае дачыненьня да публікацыі інфармацыі пра тое, што ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Кіргізстану з просьбай не выдаваць яго Беларусі.
Форум