Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Украіна ўжо даўно заклікае партнэраў дазволіць ёй ужываць заходнюю зброю па цэлях, якія знаходзяцца далёка ад мяжы на тэрыторыі Расеі, і гэтыя заклікі робяцца ўсё гучнейшымі па меры таго, як узмацняюцца расейскія авіяўдары па ўкраінскіх энэргетычных аб’ектах, іншай інфраструктуры і жылых дамах.
Пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нідэрляндаў Дыкам Схофам у Запарожжы ў панядзелак Зяленскі заявіў, што Кіеў «больш пазытыўна» ацэньвае пэрспэктывы атрыманьня такога дазволу.
«На сёньняшні дзень толькі дазволіць — таксама недастаткова», — сказаў ён, дадаўшы, што саюзьнікі павінны забясьпечыць пастаўкі зброі, якая будзе выкарыстоўвацца для такіх нападаў.
«Мы атрымалі ня ўсё, што хацелі б выкарыстоўваць», — сказаў ён.
Ён сказаў, што абмяркоўваў са Схофам умацаваньне супрацьпаветранай абароны Ўкраіны. Ён паведаміў, што ёсьць «некаторыя ідэі» наконт таго, як павялічыць парк зьнішчальнікаў F-16, перададзеных саюзьнікамі, адзін зь якіх быў страчаны ў выніку крушэньня ва Ўкраіне на мінулым тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сумах пад расейскі ракетны ўдар трапілі дзіцячы дом і цэнтар рэабілітацыі«Мы будзем працягваць даваць сродкі СПА, самалёты F-16 і фінансаваньне набыцьця боепрыпасаў», — сказаў Схоф, дадаўшы, што Нідэрлянды дадуць Украіне каля 200 мільёнаў эўра на рамонт энэргетычнай інфраструктуры і гуманітарную дапамогу.
Нідэрлянды паставяць адрамантаваныя газавыя турбіны агульным коштам 29,5 мільёна эўра і выдзелілі 45 мільёнаў эўра на рамонт энэргетычнай інфраструктуры, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў.
Гэтыя сродкі выдзяляюцца з фонду дапамогі ў памеры 400 мільёнаў эўра, які ўрад Нідэрляндаў абяцаў даць Украіне ў пачатку гэтага году.
Зяленскі таксама пракамэнтаваў сытуацыю на фронце, заявіўшы, што наступ Украіны ў Курскай вобласьці Расеі прасоўваецца «паводле пляну».
Ён дадаў, што, на думку Ўкраіны, гэтая апэрацыя можа дапамагчы аслабіць ціск на Пакроўскім фронце на ўсходзе Ўкраіны, дзе Расея паскорыла сваё пасоўваньне. Пакуль, паводле яго, сытуацыя там застаецца складанай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне разьбіўся адзін са зьнішчальнікаў F-16