Згодна з абвесткамі на сайтах арэнднага жыльля, аднапакаёўку ў Менску можна зьняць за 220–400 даляраў. Яшчэ некалькі месяцаў таму, па словах рыэлтэраў, цэны стартавалі з 200 даляраў. Глядзім, якія ёсьць варыянты.
За самыя танныя кватэры просяць 220-230 даляраў. Напрыклад, аднапакаёўка на вуліцы Берута ў раёне станцый мэтро «Пушкінская» і «Маладзёжная» каштуе 220 даляраў (705 рублёў на месяц).
Аднапакаёўка на вуліцы Алтайскай у раёне аўтазаводу каштуе 230 даляраў на месяц (737 рублёў).
Бліжэй да цэнтру — даражэй. Аднапакаёўка без рамонту, затое ў самым цэнтры, на Нямізе, будзе каштаваць 380 даляраў.
Таксама ў цэнтры, на вуліцы Леніна, аднапакаёвую кватэру можна зьняць за 370 даляраў.
Двухпакаёвыя кватэры здаюцца за 350–600 даляраў. Трохпакаёвыя — у межах 500–1000. Напрыклад, двухпакаёўку недалёка ад цэнтру, на вуліцы Аэрадромнай, можна зьняць за 450 даляраў.
Двухпакаёвую кватэру з рамонтам каля мэтро «Парк Чалюскінцаў» здаюць ужо за 600 даляраў.
Што да трохпакаёвак, то можна знайсьці варыянты за 600–800 даляраў недалёка ад цэнтру.
«Пераехалі за горад, бо дорага здымаць»
Свабода пагаварыла зь людзьмі, якія спрабавалі зьняць ці наймаюць жыльлё ў Менску. Мяркуючы па словах суразмоўцаў, цэны не зьмяніліся ці зьмяніліся нязначна ў тых, хто даўно здымае жыльлё ў адных і тых жа гаспадароў. А вось тыя, хто пераяжджае, сутыкаюцца зь цяжкасьцямі.
Адна сям’я на ўмовах ананімнасьці расказала, што кватэра рэзка падаражэла адразу на 400 рублёў і таму яны былі вымушаныя паехаць жыць у прыгарад Менску.
«Знайсьці жыльлё проста, але за кватэру з „бабуліным рамонтам“ просяць вялікія грошы», — расказалі суразмоўцы.
Яшчэ адны суразмоўцы расказалі, што цяпер цэны на двухпакаёўкі пачынаюцца ад 450 даляраў і «гэта вельмі дорага, але што паробіш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За паўгода — 1,7 мільярда рублёў крэдытаў на жыльлё. Чаму рынак нерухомасьці ўсё расьце і колькі гэта будзе цягнуцца«Цана ў абвестках і ў рэальнасьці адрозьніваецца»
Некалькі рыэлтараў, якія займаюцца арэнднай нерухомасьцю, на ўмовах ананімнасьці падзяліліся са Свабодай думкамі пра сытуацыю на гэтым рынку. Паводле аднаго з суразмоўцаў, цэны вырасьлі за апошнія паўгода, але ня так значна, як на рынку куплі/продажу. І ў асноўным рост закрануў недарагі сэгмэнт рынку. Тлумачэньне — рост даходаў людзей.
Паводле іншай суразмоўцы, многія арандадаўцы маюць завышаныя чаканьні што да цаны на арэнду сваёй нерухомасьці.
«Спадзяюцца, што здадуць кватэру за вялікія грошы. Нядаўна спрабавалі здаць студыю за 450 даляраў. А гэта кошт арэнды добрай эўрадвойкі з асобнай спальняй і якасным рамонтам. А ёй красная цана 350 даляраў. Беларусы зарабляюць у рублях, курс даляра расьце, інфляцыя разганяецца. Адкуль у людзей грошы, каб плаціць за аднапакаёўку ў Сухараве 250 даляраў?» — разважае суразмоўца.
На яе думку, трэба адрозьніваць тую цану, якую арандадаўцы пішуць у абвестках, і тую, за якую яны рэальна здаюць сваю нерухомасьць.
«Напрыклад, выстаўляюць аднушку ў Сухараве за 300 даляраў. Але ж калі пастарацца, то за гэтыя грошы можна зьняць аднапакаёўку ў Новай Баравой. Магчыма, у рэкламных абвестках цана вырасла, але гэта цана з сэрыі „я хачу“. Дэ-факта арандадаўцы і арандатары дамаўляюцца і цана выходзіць больш дэмакратычная і ня надта перавышае тую, якая была некалькі месяцаў таму», — зазначае суразмоўца.
Сярэдні заробак у Беларусі ў ліпені склаў 2355,1 рубля, ці 743 даляры паводле цяперашняга курсу. Калі здымаць недарагую аднапакаёўку, то яе арэнда — гэта больш за траціну сярэдняга заробку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыдычным асобам у Беларусі будуць даваць субсыдыі на будаўніцтва і куплю арэнднага жытла для работнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыэлтарка плакала ў слухаўку». Як улады адмяняюць угоды па продажы нерухомасьці палітычных уцекачоў